Вам — заданне - Страница 76

Изменить размер шрифта:

— Пётр Пятровіч, можа, я застануся з хлопцамі?

— Не. Прыедзеш сюды з групай захопу.

Далей яны ішлі моўчкі. Машына ўжо развярнулася, стаяла недалёка ад павароту. Уладзімір і аўтаматчык, які застаўся з шафёрам, забраліся ў кузаў, і грузавік паехаў, але праз хвіліну-другую спыніўся. Мачалаў выйшаў з кабіны і, пыхкаючы папяросай, падышоў да задняга борта:

— Пачакаем, цяпер нашы пад’едуць.

І сапраўды, неўзабаве з’явіўся «казёл». У ім прыехала яшчэ пяцёра супрацоўнікаў, у тым ліку Мамонаў, Бартошык і Крайнюк. Начальнік аддзела, звяртаючыся да Славіна, падкрэслена гучна, каб чулі ўсе, сказаў:

— Ну што, Уладзімір Міхайлавіч? Я так думаю: раз ты ўчапіўся за гэту групу, то табе і канчаць з ёй. Прымай камандаванне, а я паехаў у аддзел. Маса тэрміновых спраў, і ўсе чакаюць свайго рашэння.

Ён сеў у легкавую машыну.

Бартошык, куражачыся, спытаў:

— Што, таварыш начальнік? Пачнём камандаваць?

— А як жа, таварыш Бартошык! — хаваючы ўсмешку, адказаў Славін і знарок загадным тонам дадаў: — А ну, марш распальваць вогнішча!

Усе пайшлі ў лес, і адтуль пачуўся трэск сухога галля. Вадзіцель залез у кузаў, скінуў на дарогу запасное кола, затым падкаціў яго да пярэдняга. Побач на кавалку брызенту расклаў прылады, на капот паставіў паяльную лямпу, а ў матор уставіў завадную ручку. Назіраючы за яго дзеяннямі, Славін ухвальна падумаў: «Вось гэта старшына! Ведае сваю справу!»

Тым часам недалёка ад абочыны весела ўспыхнула вогнішча. У групе аператыўнікаў сабраліся людзі бывалыя: хто прайшоў загартоўку ў дзеючай арміі, хто — у партызанах. Напоўніць кацялок снегам, падвесіць яго над агнём — вучыць нікога не патрабавалася. Антошын прынёс да вогнішча некалькі металічных кубкаў, рэчмяшок, адтуль дастаў цукар, кавалак сала, хлеб. Хітра зірнуўшы на Славіна, падміргнуў супрацоўнікам:

— Вось калі б начальнік здагадаўся прыхапіць што-небудзь больш істотнае, тады б я пагадзіўся працаваць пад яго камандай хоць усё жыццё.

— Бач чаго захацеў! — усміхнуўся Славін. — А кукіш з макам не хочаш?

— Фі, як груба! Не да твару кіраўніку. Хто ж так з падначаленымі размаўляе? — удавана пакрыўдзіўся Антошын. — Вы, таварыш начальнік, як бачу, харчышак з сабой ніякіх не прыхапілі. Хоць за грубасць вас можна пакараць: пакінуць галодным.

Але Славін не здаваўся:

— Яшчэ адно слова, і я накірую вас на пост замяніць каго з нашых людзей. А туды, як вядома, харчышкі, якія вы ў сваім рэчмяшку цягаеце, браць нельга. Так што вы таксама многім рызыкуеце. Прычым не толькі застацца галодным, але і назаўжды пазбавіцца такога смачнага сала.

Усе засмяяліся, а Антошын пхнуў сябра ў плячо:

— Добра! Падзелімся, Бог з табой.

Аператыўнікі размясціліся вакол вогнішча, пачалі есці. Аднак з-за павароту хутка з’явіўся чалавек.

— Дык гэта ж наш! — пазнаў свайго супрацоўніка Антошын.

І сапраўды, падышоў Брытвін, памочнік оперупаўнаважанага. Ён увесь пакрыўся шэранню і, пераводзячы частае дыханне, паведаміў:

— Уладзімір Міхайлавіч, яны там!

— Дакладна пераканаліся?

— Вядома. У «старшыны» добра бачна павязка на шыі, і «маёра» запрыкмецілі. Абодва некалькі разоў выходзілі ў двор. То дровы насілі ў хату, то ў прыбіральню па чарзе бегалі, то ў хлеў чагосьці два разы лазілі.

— Ясна, — працягнуў Славін, зірнуўшы на аператыўнікаў. — Збірайцеся, таварышы. Не забудзься, сябар Антошын, сальца і іншыя смачныя рэчы разам з мяшэчкам у машыне пакінуць.

Антошын, не адказваючы, шпурнуў рэчмяшок у кузаў. Славін загадаў старшыне-вадзіцелю праз паўгадзіны падагнаць машыну на ранейшае месца. Група рушыла ў дарогу.

Гэтым разам яны ішлі напрасткі, па прасецы. Такім чынам удалося скараціць час на дарогу. Неўзабаве ўсе сабраліся разам. Яшчэ раз уважліва вывучыўшы становішча, Славін пакінуў двух супрацоўнікаў на ўзлеску: калі злачынцы паспрабуюць прабрацца ў гэты кут, яны абавязкова патрапяць у пастку. Астатнія ўдзельнікі аператыўнай групы, зрабіўшы вялікі круг, пачалі набліжацца да хутара. З гэтага боку вокны хаты прыкрываў хлеў. Гэтым і вырашыў скарыстацца Славін, каб неўпрыкмет падысці да будынкаў.

Вось і хата. Аператыўнікі на нейкі момант стаіліся за глухой сцяной, намерваючыся больш дакладна ўзгадніць свае далейшыя дзеянні. І тут усе збянтэжыліся: з-за вугла высунулася кудлатая сабачая пыса. Сабака падаўся яшчэ трохі наперад, у нерашучасці спыніўся, гледзячы на чужых людзей. Ён выскаліў вялікія белыя іклы, глуха загыркаў, як здалося супрацоўнікам, не вельмі зласліва. Славін, не разважаючы, выняў з кішэні частку свайго сухога пайка — кавалак каўбасы, — асцярожна шпурнуў сабаку. Той схапіў пачастунак і гультаявата адышоў да сваёй будкі. Уладзімір з палёгкай уздыхнуў, жэстам загадаў траім супрацоўнікам абысці хату справа. Астатніх людзей павёў налева. Хлопцы дзейнічалі энергічна, зладжана. Ля кожнага акна непрыкметна спынілася па адным аўтаматчыку.

Славін і іншыя аператыўнікі, сагнуўшыся, пракраліся пад двума вокнамі, паціху адчынілі дзверы, увайшлі ў сенцы. Трохі пастаялі, каб вочы прывыклі да прыцемку. Наперадзе былі дзверы ў жылое памяшканне. Але што за імі? Ніхто не ведаў размяшчэння пакояў. Таму супрацоўнікі яшчэ ў лесе дамовіліся, што кожны будзе ўрывацца ў бліжэйшы да яго пакой. Славін асцярожна прыадчыніў дзверы, убачыў вялікую сялянскую печ, стол. За ім сядзелі двое мужчын і жанчына. Уладзімір рэзка расчыніў дзверы, прама з парога загадаў:

— Ні з месца! Рукі ўгару!

У гэты момант супрацоўнікі пракраліся ў два іншыя пакоі.

Яшчэ ні пра што не пытаючы, Уладзімір зразумеў, што тыпы, якія сядзяць з паднятымі рукамі за сталом, былі менавіта тымі, каго шукала аператыўная група. На шыі крайняга — зашмальцаваны бінт. У таго, што быў побач з ім, — вялікі шнар на твары. Не даючы бандытам апамятацца, супрацоўнікі вывелі іх з-за стала, звязалі рукі. Жанчыну вывелі ў суседні пакой, каб яна не перагаворвалася з бандытамі.

Усё было зроблена настолькі хутка, што ніхто са злачынцаў нават не паспеў ачомацца.

Агледзелі хату, хлявы. Там аказаліся не толькі выкрадзеныя рэчы, дакументы, каштоўнасці, але і шмат зброі. У гаспадарцы Птушак знайшлося двое вялікіх саняў, якія супрацоўнікі даверху завалілі боепрыпасамі, запрэглі коней.

Славін разглядаў зорку Героя, знятую з кіцеля ўяўнага маёра:

— Як ты мог сваімі бруднымі рукамі чапаць яе?

— Падумаеш! — нахабна ўхмыльнуўся бандыт. — А можа, я пакрасавацца хацеў?

— Нядоўга ж ты красаваўся!

— Што нас чакае? — нясмела, лісліва спытаў «старшына».

— Адплата, — цвёрда адказаў Славін і загадаў збірацца ў шлях.

Старшы лейтэнант Аляксей Купрэйчык

Дзень Перамогі Купрэйчык сустракаў у Берліне. Праўда, не ў цэнтры, а на яго ўскраіне, бо, патрапіўшы пасля шпіталя ў дывізіённую разведку, ён пасля ранення яшчэ так і не прыйшоў у форму. Начальнік разведкі дывізіі падпалкоўнік Арбатаў не дазваляў пакуль Аляксею хадзіць на заданні, і ён займаўся тым, што ў развалінах выяўляў і арыштоўваў нямецкіх салдат і афіцэраў. Цяпер недахопу ў палонных не было. Варта было спусціцца ў любы ацалелы склеп, там абавязкова хаваліся гітлераўскія афіцэры ці салдаты, іх, як правіла, без допыту збіралі ў агульныя групы і накіроўвалі на зборны пункт. Але Купрэйчык увесь час нудзіўся па сваім узводзе і надакучаў Арбатаву просьбамі. Падпалкоўнік быў чалавекам строгім і сухім. Пры кожнай просьбе Купрэйчыка ён моршчыўся і адмахваўся:

— Ну чаго ты прычапіўся да мяне. Паглядзі на сябе: адна скура ды яшчэ костак крыху ў дадатак, ледзь на нагах трымаешся. Вось акрэпнеш як трэба, тады і пашлём ва ўзвод, а пакуль займайся тым, што табе даручылі.

Ад такіх гутарак у Купрэйчыка на душы было моташна. Ён, баявы афіцэр, які прайшоў амаль усю вайну ад Масквы да самага Берліна, павінен адседжвацца ўдалечыні ад перадавой. Яго настрой нават не стаў лепшым пасля таго, як узнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі за той апошні бой, калі ён быў паранены. Аляксея цягнула на перадавую.

Але вось вайна скончылася. Для разведчыкаў наступіла пара бяздзейнасці, і Купрэйчык намерваўся адшукаць свой былы ўзвод, павіншаваць хлопцаў з перамогай, успомніць тых, хто не дайшоў да Берліна і склаў свае галовы дзеля гэтай перамогі, але яго нечакана выклікалі ў штаб дывізіі. Там уручылі прадпісанне, дзе было сказана, што старшы лейтэнант Купрэйчык Аляксей Васільевіч адкамандзіроўваецца ў распараджэнне Наркамата ўнутраных спраў і павінен з’явіцца праз тыдзень у горад Мінск.

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com