Вайна сусветаў (на белорусском языке) - Страница 31
- Вы хочаце сказаць...
- Iменна. Я буду жыць. Пад iх пятою. Я ўсё разлiчыў, пра ўсё падумаў. Мы, людзi, разбiтыя. Мы надта мала ведаем. Мы яшчэ многаму павiнны вучыцца, перш чым спадзявацца на поспех. I мы павiнны жыць i зберагчы сваю свабоду, пакуль будзем вучыцца. Зразумела? Вось што нам трэба рабiць.
Я глядзеў на яго са здзiўленнем, глыбока крануты гэтай рашучасцю.
- Божа мой! - усклiкнуў я. - Дык вы сапраўдны чалавек. - Я схапiў яго за руку.
- Праўда? - сказаў ён, i яго вочы ўспыхнулi. - Здорава я ўсё прыдумаў?
- Працягвайце, - сказаў я.
- Тыя, хто не хоча трапiць у палон, павiнны быць гатовымi да ўсяго. Я гатовы да ўсяго. Не кожны чалавек здольны ператварыцца ў дзiкага звера. Таму я i прыглядаўся да вас. Я сумняваўся ў вас. Вы худы, сухi. Я ж не ведаў, што вы той чалавек з Уокiнга; не ведаў, што вы былi зажыва пахаваны. Усе людзi, якiя жылi ў гэтых дамах, усе гэтыя нiкчэмныя канцылярскiя чынушы нiчога не вартыя. У iх няма мужнасцi, няма гордасцi, яны пазбаўлены здольнасцi жадаць i марыць. А без гэтага чалавек - нiшто. Яны вечна спяшаюцца на работу, - я бачыў iх тысячамi, - са сняданкам у кiшэнi, яны бягуць, як вар'яты, думаючы толькi пра тое, як бы трапiць на цягнiк, баяцца, што iх звольняць, калi яны спозняцца. Працуюць яны абыякава; потым спяшаюцца дамоў, баючыся спазнiцца на абед; вечарам сядзяць дома, бо асцерагаюцца хадзiць па глухiх вулiцах; спяць з жонкамi, з якiмi ажанiлiся з-за грошай, спадзеючыся добра забяспечыць свой нiкчэмны лёс. Жыццё iх падстрахавана ад няшчасных выпадкаў. У нядзельныя днi яны дрыжаць за сваю душу. Як быццам пекла створана для трусападобных! Такiм людзям, безумоўна, марсiяне будуць усяляк спрыяць. Чыстыя прасторныя клеткi, дастатковае харчаванне, парадак i нагляд, нiякiх клопатаў. Пабегаўшы з пустым страўнiкам па палях i лугах, яны самi прыйдуць i не пакрыўдзяцца, калi iх зловяць. А праз нейкi час нават будуць рады. Яны будуць здзiўляцца, як гэта раней яны жылi без марсiянаў. Уяўляю ўсiх гэтых гуляк, сутэнёраў i святош... Магу ўявiць, - дадаў ён з нейкай незразумелаю ўхмылкаю. - Сярод iх арганiзуюцца розныя секты... Многае з таго, што я бачыў раней, я зразумеў поўна толькi ў апошнiя днi. Будзе многа адкормленых вар'ятаў, якiя проста змiрацца з усiм, iншыя ж будуць мучыцца тым, што гэта несправядлiва i што яны павiнны пайсцi на нешта важнае. Калi большасць людзей мае патрэбу ў нейкай важнай справе, слабыя i тыя, каторыя самi сябе расслабляюць бясконцымi разважаннямi, прыдумляюць рэлiгiю, бяздзейсную, з пропаведдзю пакорнасцi перад сiлаю, перад божаю воляй. Вы, напэўна, з гэтым сустракалiся. Гэта - прыхаваная боязь, абы быць далей ад справы. У гэтых клетках яны будуць набожна распяваць псалмы i малiтвы. А iншыя, не такiя прастакi, будуць займацца - як гэта назваць? - эротыкай.
Ён змоўк.
- Магчыма, марсiяне выхаваюць з некаторых людзей сваiх любiмчыкаў, навучаць iх розным фокусам, хто ведае! Можа, iм раптам стане шкада якога-небудзь хлопчыка, якi вырас на iх вачах i якога трэба зарэзаць. Асобных яны, магчыма, навучаць паляваць на нас...
- Не! - усклiкнуў я. - Гэтага быць не можа. Нiводзiн чалавек...
- Навошта сябе абманваць? - перабiў артылерыст. - Знойдуцца людзi, якiя з радасцю будуць гэта рабiць. Толькi вар'яты могуць дапусцiць, што такiх няма.
Я не мог з iм пагадзiцца.
- Паспрабавалi б яны мяне ўпаляваць, - працягваў ён. - Божа мой! Паспрабавалi б толькi! - паўтарыў ён, i яго паланiў змрочны роздум.
Я сядзеў, абдумваючы яго словы. Я не знаходзiў нiякiх пярэчанняў супраць довадаў гэтага чалавека. Да таго, як марсiяне напалi, нiхто i не падумаў бы спрачацца наконт маёй iнтэлектуальнай перавагi над iм: я вядомы пiсьменнiк па фiласофскiх пытаннях, ён просты салдат; цяпер жа ён значна апярэдзiў падзеi, якiя я нават не мог усвядомiць.
- Што ж вы думаеце рабiць? - спытаў я нарэшце. - Якiя вашы планы?
Ён памаўчаў.
- Вось што я вырашыў, - сказаў ён. - Што нам застаецца рабiць? Трэба прыдумаць якiсьцi спосаб жыцця, каб людзi маглi жыць, размнажацца i адносна смела гадаваць дзяцей. Зараз я скажу больш ясна, што трэба рабiць. Тыя, каго прыручаць, стануць падобныя на свойскiх жывёлаў; праз некалькi пакаленняў гэта будуць вялiкiя, прыгожыя, выкармленыя стварэннi. Што да нас, вольных людзей, то мы рызыкуем здзiчэць, ператварыцца ў нейкiх дзiкiх пацукоў... Вы разумееце, я маю на ўвазе жыццё пад зямлёю. Я шмат думаў пра каналiзацыйную сетку. Вядома, таму, хто яе не ведае, яна здаецца жахлiвай. Пад адным толькi Лонданам каналiзацыйныя трубы цягнуцца на сотнi мiляў; некалькi дажджлiвых дзён - i ў пустым горадзе трубы стануць прыдатнымi i чыстымi. Галоўныя трубы дастаткова свабодныя, паветра ў iх таксама дастаткова. Потым ёсць яшчэ скляпы, склады, падвалы, адкуль можна правесцi па трубах патайныя хады. А чыгуначныя тунэлi i метрапалiтэн? А? Вы разумееце? Мы ўтворым цэлую шайку з моцных, кемлiвых людзей. Мы не будзем падбiраць усякую дрэнь. Слабых будзем выкiдваць.
- Як хацелi выкiнуць мяне?
- Дык я ж уступiў у перагаворы...
- Не будзем спрачацца пра гэта. Прадаўжайце.
- Тыя, што застануцца, павiнны падпарадкавацца дысцыплiне. Нам спатрэбяцца таксама здаровыя, сумленныя жанчыны - маткi i выхавацельнiцы. Толькi не сентыментальныя дамы, не тыя, што строяць вочкi. Мы не можам прымаць слабых i бязглуздых. Жыццё зноў становiцца першабытным, i тыя, хто бескарысны, хто з'яўляецца толькi абузаю i прыносiць шкоду, павiнны памерцi. Усе яны павiнны вымерцi. Яны павiнны самi хацець смерцi. У рэшце рэшт гэта несумленна - жыць i саромiць сваё племя. Усё роўна яны не могуць быць шчаслiвымi. Да таго ж смерць не такая i страшная, гэта баязлiвасць робiць яе страшнаю. Мы не будзем збiрацца тут. Нашаю акругаю будзе Лондан. Мы нават зможам выстаўляць варту i выходзiць на адкрытае паветра, калi марсiяне будуць далёка. Нават пагуляць сяды-тады ў крыкет. Вось як мы захаваем свой род. Ну як? Магчыма такое цi не? Але выратаваць свой род - гэтага яшчэ мала. Для гэтага дастаткова быць пацукамi. Не, мы павiнны ўратаваць назапашаныя веды i нават павялiчыць iх. Для гэтага патрэбны такiя людзi, як вы. Ёсць кнiгi, ёсць узоры. Мы павiнны наладзiць пад зямлёю надзейныя сховiшчы i сабраць туды ўсе кнiгi, якiя толькi набудзем. Не якiя-небудзь раманы, вершыкi i да таго падобную дробязь-лухту, а слушныя, навуковыя кнiгi. Тут якраз i спатрэбяцца людзi накшталт вас. Нам трэба будзе прабрацца ў Брытанскi музей i захапiць усе такiя кнiгi. Мы не павiнны забываць пра нашу навуку: мы павiнны вучыцца як мага больш. Мы павiнны назiраць за марсiянамi. Некаторыя з нас павiнны стаць шпiёнамi. Калi ўсё будзе наладжана, я сам, магчыма, пайду ў шпiёны. Гэта значыць дам сябе злавiць. I самае галоўнае мы не павiнны чапаць марсiянаў. Мы не павiнны нiчога красцi ў iх. Калi мы апынiмся на iх шляху, мы павiнны саступаць. Мы павiнны паказаць iм, што мы не задумваем нiчога кепскага. Толькi так. Яны разумныя iстоты i не будуць вынiшчаць нас, калi будуць мець усё, што iм трэба, i калi яны будуць упэўнены, што мы проста бясшкодныя чэрвi.
Артылерыст змоўк i паклаў мне на плячо сваю загарэлую руку.
- У рэшце рэшт нам, можа, i не так ужо многа давядзецца вучыцца, перш чым... Вы толькi ўявiце: чатыры цi пяць баявых iх трыножкаў раптам пачнуць рухацца... Цеплавы прамень направа i налева... I на iх не марсiяне, а людзi, людзi, якiя навучылiся iмi кiраваць. Магчыма, я яшчэ ўбачу такiх людзей. Уявiце, што мы маем адну з такiх цудоўных машын, ды яшчэ цеплавы прамень, якi вы можаце кiдаць куды хочаце. Уявiце, што вы ўсiм гэтым кiруеце! Не бяда, калi пасля такога вопыту ўзляцiш у паветра i будзеш разарваны на часткi. Уяўляю, як марсiяне вылупяць ад здзiўлення свае бельмы! Хiба вы не можаце ўявiць гэта? Хiба не бачыце, як яны бягуць, спяшаючыся, задыхаючыся, пыхкаючы, вухкаючы, да другiх машынаў? I вось усюды што-небудзь не ў парадку. I раптам свiст, грукат, гром, трэск! Толькi яны пачнуць iх наладжваць, як мы пусцiм цеплавы прамень, - i - глядзiце! - чалавек зноў авалодвае Зямлёю!