Пошукi будучынi - Страница 42

Изменить размер шрифта:

Акаловiч выйшаў на ўзлессе з палявой цалiны, калi яшчэ як мае быць не развiднела на наступны дзень. За ноч ён прайшоў нямала дарогi. Нервовае ўзбуджэнне зрабiла яму лёгкiмi ногi. Але нiколi яшчэ ён не меў такога страшнага выгляду. Вочы, як промнi, здаецца яны палалi i кожную секунду пераменьвалi сваё месца па твары. Здаралася, што гэты чалавек зараз перагарыць i ператлее ад таго, што з'ядае яго з сярэдзiны. З адной нагi ў яго згубiўся чаравiк, у другiм валачылася падэшва. Вышэй кален ён быў мокры, без шапкi i з распаласаванай напалам калашыной нагавiц да самай паяснiцы. Iшоў ён няроўна. То ледзьве цягнуў ногi, то ўваходзiў у подбег. Дзiка азiрнуўшыся на ўзлессi, ён стаў, пачаў глядзець угару i прыслухоўвацца. Але гэта было так сабе. Нiчога нiдзе ён не заўважаў, бо неўзабаве ўжо быццам смела прысеў на мокры камень, але не надоўга. Праз паўгадзiны ён ужо iшоў нейкаю лясною сцежкаю, i напэўна сам не ведаючы куды. Раптам выбiлася з-за тумановага засцiлу сонца, чырвонае, круглае i вялiкае, у прасвеццi памiж дрэў яно стаяла, як аглядальнiк зямлi. "Усход! Там усход! А супроцьлеглы яму захад! А на захадзе, адгэтуль на захад, родны дом, i клён той, i можа хоць адзiн якi яшчэ знойдзецца там блiзкi знаёмы твар. Можа там яшчэ гаварыць будзе з кiм, доўга, штодзень, аб былым маленстве, аб колiшнiх надзеях..." Ён сцiснуў зубы ад крыўды i нянавiсцi. I дзiўна. Яго надзея не спраўдзiлася. Тое, што Палiводскага ўжо няма жывога, не дало яму палёгкi. Безнадзейнасць i чорны смутак душылi яго. Але ён павярнуўся плячыма да сонца, якое ўсё вышэй усплывала ў неба. "Iсцi ад сонца - дык прыйсцi на захад". Ён як бы працверазiўся. Ён стараўся ўжо разабрацца, куды ж завялi яго за ноч ногi? Мясцовасць была незнаёмая. Лес, поле, вада ў лагчынах, крыклiвыя вароны, скрыжованыя сцежкi цераз поле, i чалавек нейкi.

Гэты чалавек стаяў у нiзкiх зараснiках на мяжы поля i лесу i вiдзён быў увесь ад пояса. Ёы быў так блiзка, што Акаловiч выразна заўважыў, што ён даўно не галiўся. Адзiн на аднаго яны глядзелi, i той раптам гукнуў:

- Эй, хто ты, падыдзi сюды!

Акаловiч нехаця i з такiм адчуваннем, быццам сэрца яго ў грудзях адарвалася ад свайго месца, падышоў да чалавека. Той адразу прыцэлiўся ў яго з аўтаматычнай вiнтоўкi, кашлянуў мокра i хрыпла i сказаў захалоджаным голасам:

- Хто ты?!

Акаловiч уныў i варухнуў губамi.

- Ну, кажы, хто ты? Дэзертыр з Чырвонай Армii?! Ну! А мо шпiён нямецкi, ходзiш тут, вiжуеш!

- Нашто ж тут немцам шпiёны, калi яны тут... - стараючыся гаварыць развязна i з нуднай усмешкай, адказаў Акаловiч.

- Калi яны тут? Не яны тут, а мы тут! - крыкнуў чалавек, i Акаловiч бачыў, што праз паўсекунды чалавек стрэлiць. Акаловiч са страшнай сiлай адчуў непераможную прагу дацягнуцца туды, пад Клецак, i гэта ўжо рабiлася яго адзiнай мэтай у жыццi. Iнстынктыўна, не думаючы, ён, само сабой, узяў у момант панiбрацкi тон:

- Што ты робiш! Спусцi стрэльбу! Дурань!

- А ты чаму не кажаш, хто ты! Кажы! Кажы, бо зараз стрэлю!

- Я iду з аперацыi.

Чалавек спусцiў унiз вiнтоўку.

- Ну дык прысядзем, закурым. "Божа! Чалавечае слова! Упершыню за ўвесь гэты страшны час!"

- Сядзець мне няма калi.

- Далёка табе iсцi трэба?

- Пад Клецак.

- А дзе гэта?

- Ад Нясвiжа пятнаццаць кiламетраў.

- Нясвiж чуў, а як жа. То пакажы дакумент.

Акаловiч адгарнуў ад жывата транты свае адзежыны i пачаў абмацваць у кашулi вышэй жывата лiштву, па якой зашпiльвалася кашуля. У адным месцы лiштва не была прышыта, а толькi зарублена. Удала дзе-нiдзе прафастрыгованая, яна шчыльна прылягала да кашулi. Акаловiч засунуў пад яе палец i пачаў там iм шнарыць. Чалавек чакаў. Акаловiч дастаў адтуль скручаную ў валiк паперку. Раскруцiў, паглядзеў i падаў чалавеку. Той пачаў пра сябе чытаць. Гэта было пасведчанне Нясвiжскага райсавета, што Люцыян Акаловiч ёсць селянiн з Рымашоўскiх хутароў, Нясвiжскага раёна, Баранавiцкай вобласцi. I штамп, i пячатка, i подпiсы - усё было на месцы, i нельга было здагадацца, што паперка рабiлася не ў Нясвiжы, а дзесьцi ў Германii. Прачытаўшы паперку, чалавек падазрона паглядзеў на Акаловiча i, не аддаючы яму яго пасведчання, сказаў:

- Дык ты туды i iдзеш?

- Туды.

- А дарогу ты ведаеш?

Акаловiч зразумеў недавер'е i пачаў гаварыць:

- Мне на Маскоўска-Варшаўскую шашу трэба выбiцца, а там я ўжо ведаю.

- А там як?

- А там як?! Пасля Слуцка праз Селiцкiя крыжы, Лядныя, Гулевiчы, Пiлiпавiчы i кiламетраў сорак не даходзячы да Сiняўкi...

- Дык табе ж гэта круг будзе, - дапытваў чалавек, не спускаючы з Акаловiча пiльных вачэй.

- Дык можна i iнакш, - адразу схамянуўся Акаловiч. - Мусiць-такi я пайду з-пад Гулевiч на Цiмкавiчы, на Пузава...

- Чакай, а яшчэ?

- Шашою да Слуцка, а там з шашы сысцi зусiм, а прысадамi да Нясвiжа, а там, не ўваходзячы ў горад, а толькi прайшоўшы Новае Места i ля брамнага ўезду ў горад, адразу налева да Мураванкi...

- Чакай, чакай, разгаварыўся! Зброя якая ў цябе ёсць?

- Пiсталет без набояў...

- Ну што ж, iдзi хiба...

Акаловiч ажыў, увесь смутак яго скончыўся. Свет i сябе ў iм ён адчуў у гэты момант так: "Дайсцi туды, чакаць, хавацца, служыць таму, хто б там нi быў i хто б там навек нi астаўся. Адслужыць штодзень яму колькi яму трэба, а рэшту дня сам з сабою, адзiн, цi гной корпаць, цi што там будзе... "

Раптам чалавек заўважыў у Акаловiча на грудзях штосьцi падазронае для сябе. Штосьцi вытыркала з-за лiштвы, адкуль ён даставаў тое пасведчанне. Чалавек зноў пачаў дапытвацца:

- А з якое ты аперацыi iдзеш?

- Ну з аперацыi.

- Адкуль?

- З Лядскага маёнтка.

- А што там рабiў?

- Як што рабiў?

- Дай сюды, - унь у цябе нешта тырчыць з кашулi.

Акаловiч хапiўся за лiштву, i ўтрапенне скалынула яго. Чалавек зноў падняў вiнтоўку.

- З якое аперацыi?

- Я забiў Палiводскага.

- Гэта ты?

- Я.

- Хто табе даваў заданне? Чаму ты так здалёку iшоў на гэта, i так далёка назад?! Тут зусiм iншая акруга!

Тут чалавек, усё сочачы за Акаловiчам, убачыў, што ён тое, што тырчэла ў яго з лiштвы, ужо скамячыў у пальцах, змяў у жмуток, быццам бы выцiраючы пальцамi нос, паклаў у рот i ўжо клычыць зубамi i языком. Зараз глыне.

- Выплюнь! - закрычаў чалавек i зварухнуў пальцамi на вiнтоўцы. Акаловiч плюнуў. Чалавек хапiў мокры ад слiны жмуток i, расцягнуўшы яго ў пальцах, убачыў, што гэта кавалачак паркалю, на якiм штосьцi дробна надрукавана па-нямецку.

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com