Пошукi будучынi - Страница 40

Изменить размер шрифта:

Так прыйшоў момант, калi яна аднойчы, седзячы ў адзiноце на стаптанай траве i выбiраючы адтуль нейкiя, вядомыя ёй травiны, якiя яна ела, загаласiла: "А добры мой, а лепшы за ўсiх мой, а чаму ж ты па мяне не прыходзiш? Хiба ж ты забыўся, як ты нудзеў па мне дваццаць год i як дзецi не ведалi, якi ты, а я зямлю арала i азiралася, а можа ты як-небудзь бачыш мяне? А цi памятаеш ты, як Тамашка наш упаў быў з дрэва i гаварыць не мог..." З таго часу яна пачала галасiць кожны дзень, перабiраючы ў сваiм галошаннi ўсё сваё жыццё ад дзён свае маладосцi, ад той вайны з немцамi да гэтай, i такiм парадкам праз яе галошанне ўсе дазналiся, як яна жыла i што было ў яе душы. Што гэта было за жыццё! Выкiданне з хаты, марнаванне маладосцi, смутак у сталасцi, вечнае выгнанне ў жыццi на родным месцы. Гэта была жонка Сымона Ракуцькi. Вельмi можа быць, што яе галошанне павяло многiх на расказ аб самiм сабе. Адкуль толькi тут не было людзей! Але ў гэтыя днi для Лiзы не iснавала асоб i твараў: усiх i ўсё яна з свайго належанага пры слупе месца бачыла, як праз туман. Блiзкiя галасы i далёкiя гукi да яе даходзiлi аднолькава, як праз сцяну з адзежы i ваты. Бяздум'е ратавала яе ад смутку. Але, нарэшце, прыйшоў смутак, з'явiўся ўладны i бязлiтасны, як i заўсёды ў чалавека, ён быў страшнейшы i цяжэйшы за боль цела, парванага жалезам. Пачаўся ён ад рання яснага дня. Можа яна пачала перасiльваць хваробу, бо магла падняць галаву, калi ў загарадзi пачуўся злiтны ў адзiн гул гоман. Гэта чалавек пад тысячу людзей выстройвалiся перад выхадам з загарадзi. Iх забiралi на тую невядомую работу. Калi гэты вялiкi натоўп рушыў з месца i пачаў скрывацца ў полi, нават праз яго маўчанне чуўся жах няволi. У гэты момант да Лiзы падышла Ракуцькава жонка.

- Ну як, - сказала яна, - ты ўсё ляжала, а сёння сядзiш. Можа твая крываўка пакiдае цябе?

- Мама! - моцна сказала Лiза, ведаючы, што гэта не мацi. I з гэтага моманту пачаў душыць яе смутак. Ракуцьчыха скаланулася i шпарка адышлася да свайго ранейшага месца. Быццам бы хто рваў з яе душу. Магiчнае слова "мама" ў абедзвюх iх скаланула душу, у малое i ў старое. Ракуцьчыха ўпала тварам на пясок i зарыдала. Лiза асталася сядзець нерухома на ўвесь дзень i на ўсю ноч, так смутак скаваў яе ўсю i яе вочы; бадай што суткi яны не сышлi з аднаго пункта дзесьцi ў прасторы.

Я ў маленстве бачыў, як птушка далася аб тэлеграфны дрот i, скаваная ранамi ў нагах i крыллях, канчалася на зямлi пад дротам. У яе вачах маглi змясцiцца смутак i скруха ўсяго свету. А якi ж шлях трэба прайсцi ад птушкi да чалавека! Лiзiн позiрк змянiўся толькi на рассвiтаннi пасля той ночы, якая стала апошняй ноччу яе жыцця ў лагеры.

Тым самым тыднем, а можа, на колькi дзён раней, здушаны смуткам аб Лiзе, скрухай, небытам, кашлем, стары Нявада падышоў да мэты свайго доўгага падарожжа. Ён ужо даўно, з першых жа дзён, iшоў глухiмi сцежкамi, узмежкамi, цалiною - полем i паплавамi. Чым блiжэй ён падыходзiў да месца, да якога так доўга iшоў, тым мацней авалодвала iм пачуццё неспакою i трывогi. Ён гэтулькi пытаўся ў людзей пра гэтае месца, i дзе яно i хто тут жыве, i хто iм уладае - што ўжо больш i не правяраў свае дарогi, а iшоў ад нейкага свайго чуцця. Хада яго была ўжо цяжкая i павольная. Дарога яго скончылася змрокам яснага дня. Ён убачыў перад сабою бялявыя ад рэштак змытай дажджамi вапны камляватыя ствалы старога саду. Паўз увесь сад быў роў i зарослы травою вал над iм. Ад такой доўгай хады i трывогi ногi яго падгiналiся. Ён сеў на вал над ровам i падумаў: "Божа мой, як далёка да Сумлiч". Сапраўды ён зайшоў вельмi далёка. Гэта была нават i не тая акруга, у якой былi Сумлiчы. I не тая гэта была акруга, начальнiкам якой быў маладзейшы Густаў Шрэдэр i ў якой была цяпер у лагеры Лiза, дзеля якой ён прыйшоў сюды. Ён сядзеў над ровам i не ведаў, як жа пачаць сваю справу, i калi, i з кiм, i дзе таго шукаць тут. Яшчэ не ўмеркла, i постаць яго вельмi выразна вырысоўвалася. Сярэднiх год жанчына iшла з кашом яблык паўз вал над ровам, спалохалася незнаёмага чалавека i стала абыходзiць яго стараной. Ён яшчэ больш узнепакоiўся. Душа яго ныла i трывожылася, i, каб ён мог у гэты момант праверыць сам сябе, ён знайшоў бы ў сабе больш безнадзейнасцi, чым веры, i больш боязнi, чым надзеi. Ён падняў вочы на жанчыну i запытаў:

- Цi тутэйшая ты, галубка?

- Ой, дзядзюхна, хто гэта!

I жанчына пайшла шпарка. Нявада заварушыўся:

- А скажы, цi Палiводскага гэты маёнтак?

- Нашто табе? Хто ты? Унь немец павярнуў сюды галаву, стаiць з аўтаматам ля брамы.

Яна подбегам пайшла к дому, веранды i балконы якога здалёк вырысоўвалiся зялёным сваiм колерам на фоне белых сцен.

- Калi ты маеш доступ да Палiводскага, - крыкнуў жанчыне Нявада, - дык накажы яму, што тут сядзiць чалавек, якi прынёс яму тое, што ў яго адабралi на той вайне i чаго ён шукаў праз усё жыццё.

Жанчына выслухала iдучы i ўжо сапраўды-такi пабегла i знiкла з вачэй. Нявада рашуча ўстаў i шпарка пайшоў к дому. Нямецкi салдат пераступiў з нагi па нагу i закрычаў нешта на Няваду так, што здавалася, гэта ён прагаўкаў, цвелячы сабак. Нявада падняў рукi ўгару i стаў на месцы. Мусiць-такi сапраўды тая жанчына мела нейкi доступ цi да самога Палiводскага, цi да якога-небудзь яго слугi, цi да кухароў, цi пакаёвак. Бо нешта вельмi адразу, як толькi Нявада стаў перад салдатам, з дома на ганак выйшлi двое ў палiцэйскай форме, i адзiн штосьцi сказаў салдату, а пасля расейскай мовай запытаў у Нявады, трымаючы на губах штосьцi падобнае да цiкаўнасцi i ўсмешкi:

- Гэта ты прынёс тое, чаго шукаюць праз усё жыццё?

- Гэта я, - абазваўся Нявада.

- Дык хадзi сюды.

Салдат адступiў ад Нявады, i Няваду павялi праз цёмныя i асветленыя свечкамi пакоi i калiдоры. Многа прайшлi дзвярэй i нарэшце спынiлiся ў вялiкiм пакоi, акно ў якiм, высокае i шырокае, было адчынена. Было вiдно, як на небе патухалi апошнiя праменнi яснага захаду. Няваду паставiлi ў кут каля дзвярэй i пачалi выварочваць яму кiшэнi, шукаць запазухай i мацаць па ўсей яго адзежы. У гэты момант адчынiлiся дзверы, тыя, праз якiя Нявада яшчэ не праходзiў, i двое людзей выйшлi адтуль i, штосьцi ўзбуджана гаворачы па-нямецку, пайшлi поплеч праз пакой да выхада. Тыя, што выварочвалi Нявадавы кiшэнi, павыцягвалiся, як пруты. Адзiн з тых двух быў высокi i ўжо стары i ў цывiльнай адзежы, другi сярэднi i ростам i гадамi i ў форме нямецкага афiцэра. У дзвярах яны пацiснулi адзiн аднаму рукi, i вайсковец выйшаў, а высокi цывiльны астаўся, i раптам адбылася дзiўная Няваду з'ява: яго выпусцiлi з рук i пакiнулi шукаць у яго чагосьцi, а самi знiклi следам за вайсковым, i высокi цывiльны вярнуўся ў свой пакой. Нявада астаўся адзiн. Ён схiлен быў радавацца гэтаму. Адразу ён стаў увiшны i рухавы. Прыгнуўся i мацнуў месца, дзе ў вопратцы падшэўка сшыта з верхам. Аж у галаве яго закружылася: яны яшчэ не дайшлi былi да гэтага месца, i тое, што ён нёс Палiводскаму, было пры iм. Узбуджаны i з наплывам надзеi, ён зазiрнуў у акно i ўбачыў, як той вайсковец сеў у машыну i як той салдат, што запынiў быў яго на двары, палез у грузавiк, дзе сядзелi больш салдаты. I машыны адразу паехалi. На двары стала адразу пуста, i з-за дрэў чулася, як нехта вучыўся граць на дудцы. Падобна было, што як толькi паехаў, а з iм i салдаты з аўтаматамi, дык тут не асталося нiякай варты. Праўда, два палiцаi падышлi аднекуль, узлеглi грудзьмi на плот i сталi курыць, але Няваду яны здавалiся чымсьцi як бы не вельмi жорсткiм. Яны хоць не гаўкаюць так па-нямецку. Пустэча, цiшыня i дудка з-за дрэў запоўнiлi час Нявадавага чакання. Так адзiн ён стаяў, можа, з паўгадзiны. Зноў трывога i ўтрапенне пачалi авалодваць iм. Раптам адчынiлiся дзверы, за якiмi знiк высокi цывiльны, i палiцэйскi выйшаў адтуль i беларускаю моваю (вiдаць, быў тутэйшы) сказаў да Нявады:

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com