Пошукi будучынi - Страница 37
- Нiчога дзiўнага няма, - сказаў ён, каб падбадзёрыць i падвесялiць старога. - Бывае, што сны што-небудзь такое пакiнуць у галаве i пасля здаецца... Сны яшчэ не даследаваны навукай.
- Не, - адказаў Густаў старэйшы, - гэтае дрэва я сапраўды ўжо раз бачыў. На гэтым самым скрыжаваннi дарог я тады ўпаў хворы, калi ў тую вайну мяне расейскi салдат вёў у палон. Божа мой, зноў лёс прывёў мяне сюды!
Гертруда ўздрыганулася i прылiпла да пляча свайго Густава. Губы ў яе дрыжэлi i голас перарываўся:
- Я ведаю, чаму мы да канца дарогi не едзем цягнiком, а перасядалi ў машыны. На цягнiкi нападаюць невядомыя.
- Няма нiчога дзiўнага, - строга сказаў стары Густаў. - Цяпер вайна, а мы ў заваяванай краiне. Ты ж бачыш, што на машыне нас ахоўваюць грузавiкi з салдатамi.
- Ты баiшся, што я зноў пачну нашу старую спрэчку? Дык ведай: больш я нiводным словам не папiкну цябе, але доўга тут не буду i назад у Германiю паеду. Заваяваную краiну павiнны асвойваць салдаты, а не жанчыны. Куды ты вязеш мяне?!
Яна ўжо гатова была плакаць. Густаў выйшаў з цярплiвасцi. Ён схмурнеў i шпарка прагаварыў:
- Ты немка, цi ты не дачка вялiкай Германii?!
- А ты, - аж затрэслася яна, - хiба заўсёды быў немцам? Нават у лепшыя маладыя годы ты размякнуць мог, як глiна, i аддаваў чужаземцам i ворагам Германii тое, што павiнен быў бы прынесцi ў Германiю! А ты мяне папiкаеш? Тады б мы не шукалi шчасця ў гэтай невядомасцi, а мелi б шчасце дома.
Стары Густаў аж пазелянеў i сцiснуў зубы. Маладзейшы Густаў сказаў да Гертруды:
- Мама, мы заваявалi гэтую краiну вялiкай Германii. Праз пяцьдзесят, праз сто, праз дзвесце год тут стане карэнная Германiя. I не трэба ператвараць наша падарожжа ў дакляраваную нам лёсам зямлю ў падарожжа вечных валаводнiкаў, якiя едуць з суда.
- Сын мой, але ж мне страшна, мы не можам ехаць без такой моцнай аховы.
- Гэта нiчога. Яшчэ месяц, яшчэ два, i ўсё ўвойдзе ў норму. Тут жывуць не людзi, а казюлi з нявольнiцкай псiхалогiяй. Яны створаны, каб быць слугамi. Павесь над iхнiмi галовамi меч, дык яны адразу ўверуюць, што гэта не меч над iмi, якi кожны момант можа загубiць iх, а што гэта вiсiць найвялiкшая справядлiвасць усей светабудовы, i пачнуць з удзячнасцю лiзаць боты ў таго, хто павесiў над iмi гэты меч. Вось хто насяляе гэтую зямлю. Так што ты, бацька, сапраўды тады дарэмна быў перад iмi паддаўся парыву радасцi i не захаваў да канца сваю нямецкую вытрыманасць. Хiба хто калi будзе дзякаваць курыцу за тое, што яна глынула муху, якая кусала цябе? Ад курыцы бяруць яйкi i нi за што яе не дзякуюць. А ты да таго быў страцiў сваю нямецкасць, што аддаў iм здабытае на вайне. Чаму? А толькi з-за таго, што заварушылася душа. Германiю зробiш вялiкай не душой, а жалезам.
Вiдаць было, што Густаў маладзейшы нiяк не мог забыцца на нейкую памылку, зробленую калiсьцi Густавам старэйшым. Як бы там нi было, але гэтым самым ён давёў да спакою Гертруду. Яна больш не скардзiлася i не сцiскала губы, а з цiкаўнасцю пачала паглядаць наабапал дарогi. Машыны i грузавiкi з салдатамi рушылi далей. Яны пакiнулi за сабой Вялiкае скрыжаванне, з'ехаўшы на шлях кiрункам туды, куды раней пайшоў быў Сымон Ракуцька, калi следам за iм гналася вайна. Так што праз малы час машыны, едучы бесперапынна, нiкуды нiдзе не зварочваючы з шляху, уехалi ў лес i неўзабаве апынулiся ў тым месцы, дзе не вельмi даўно Акаловiч спавядаўся Сымону i Тамашу Ракуцькам i дзе праходзiў кудысьцi да свае мэты стары Нявада. I цяпер было цiхае гэтае месца, толькi машыны парушылi яго спакой. Бяроза ўсё так жа кiдала на вецер жоўтыя свае лiсты. Iх ужо было многа на дарозе i ў траве. Сонца асвятляла iх, птушкi пырхалi крыллем над гэтым месцам, i цягнула пахам прыгрэтай сонцам травы i смалы. Стары Густаў i Гертруда высунулiся з машыны тварамi i аглядалi дрэвы i зямлю.
- О, колькi гною, - прыйшоў у захапленне Густаў. - Колькi гектар зямлi можна ўгнаiць лiсцем з сотнi такiх бяроз?
- Я думаю, што нямала гектар, - адказала Гертруда, i памiж iмi зноў усталявалася згода. Машыны неўзабаве знiклi з гэтага месца, i зноў тут стала цiха. Змрокам таго дня на гэтым месцы зноў з'явiўся Сымон Ракуцька, i не адзiн. З таго самага боку, адкуль шляхам праз лес праехалi нямецкiя машыны, ён вёў за сабою многа людзей. Усiх было, можа, крыху менш як паўтары сотнi. Яны iшлi ўсе адзiным гуртам, калi сабралiся на гэтай лясной дарозе. Збiралiся яны яшчэ з учарашняга дня на прылессi, i некаторыя з iх бачылi тут нямецкiя i танкi, i машыны. Адзiн за адным яны iшлi, расцягнуўшыся бадай што на кiламетр. Самы пярэднi iшоў Сымон Ракуцька. Далей вялiкай бярозы на шляху праз лес ён не пайшоў. З сярэдзiны ланцуга выйшаў убок Кастусь Лукашэвiч у той жа самай рудой жакетцы i ботах, як тады апошнi раз гаварыў з Нявадам. Усе людзi збочылi з дарогi ў лес, спускаючы з плеч свае аўтаматы i вiнтоўкi. На дарозе пасталi вартавыя. Кастусь Лукашэвiч i Сымон Ракуцька селi на ствол таго самага паваленага дрэва i доўга так сядзелi моўчкi. Ужо i зоры высвецiлi, а яны ўсё сядзелi i маўчалi.
- Дык ты ляж i спi, а я павартую цябе, - сказаў Ракуцька.
- Я не засну. Лепш ты спi.
- А калi Тамаш раптам гук падасць - толькi я адзiн пазнаю яго.
Зноў яны, можа, з гадзiну маўчалi.
- Дык я сам не свой без перадыху явiўся дадому, - задудукаў раптам Сымон Ракуцька. - Толькi бачу - дзве машыны стаяць пасярод вулiцы. Лiзавета ўжо, думаю, даўно дома. Уляцеў у двор - аж спатыкае мяне вачыма жонка. Стаiць, бедная, пасярод двара белая як палатно. Я ткнуўся ў сенцы i аслупянеў. Там у мяне поўнае вешала адзежы вiсела. Гэта яшчэ я запасiў дзецям, калi яны гадавалiся без мяне па той бок тае гранiцы, каб мой смак да яе сто год трымцеў у варшаўскiм горле! Дык стаiць пад тым вешалам немец i абчышчае яго. Знiмае боты, чаравiкi, хусткi, сукенкi, нагавiцы, паясы, рубашкi i кашулi i ўсё тохцiць у чамадан. Божа лiтасцiвы! Тады ўкралi дзяцей! А гэта зноў явiўся зладзюга. Самую памяць аб дваццацi маiх гадах, калi я дзяцей чакаў, крадзе! Парадкуецца, гаспадарыць! Колькi ж на свеце гэтых зладзеяў на маю шыю! Нi ў маладосцi, нi ў старасцi няма ад iх ратунку! Я яшчэ нiчога не ведаю, што ў мяне ў хаце робiцца. Як хаплю я немца ззаду за карак i як тузяну к сабе, дык ён, як тая падла, валiцца на мяне. Я яго штурхануў ад сябе, ён носам у падлогу i як зараве! Бог даў шчасце, што я паспеў падняць з жорнаў камень i накрыць iм нямецкую галаву, так што не разабраць стала, цi была ў немца галава, цi так толькi гэтая крывавая каша. Паспеў я яшчэ заўважыць, як дрыгнулi нямецкiя ногi i апруцянелi навек.