Пошукi будучынi - Страница 2

Изменить размер шрифта:

- Прынясiце рыдлёвак.

Выгляд у яго быў такi, як быццам бы ён быў вялiкi спецыялiст хаваць такiм парадкам нябожчыкаў.

Добра было слухаць чужую каманду, але як яе адразу паслухаць? Мы ж былi гаспадары! Нашы ж бацькi былi на вайне! Быццам на тое iшлося, каб Волечка першая памагла невядомаму ў мястэчку госцю хаваць бацьку: салдат вырваў з яе рук повад i перадаў мне яе каня: - Пастаў нанач яе каня, а яна прынясе рыдлёўкi. - Тут жа ўсе разышлiся, але, як змеркла, ужо ўсе зноў былi тут. Перашкаджаючы адзiн аднаму, мы капалi вялiкiм гуртам магiлу невядомаму нам чалавеку. Пасля мы патурбавалi немца. Салдат памог яму злезцi на зямлю, i ён лёг на траве. Цяжка было нам апусцiць труну ў яму, але нас быў вялiкi гурт. Калi ўжо была насыпана магiла, мы зноў уссадзiлi немца на воз, i ён на возе лёг, крэкчучы i стогнучы. Волечка пазбiрала рыдлёўкi. Працэсiя, але ўжо без труны, зноў рушыла. Мы iшлi за возам. Хлапчук сказаў да Волечкi:

- На, падвядзi каня, а я хоць душу пражыўлю крыху: не было часу за цалюткi дзень нават закурыць.

Волечка ўзяла лейцы i пайшла побач каня, недарослы гаспадар якога скруцiў у паперы нейкае пацёртае лiсце i так зацягнуўся дымам, што здавалася, гэта ён ратуецца ад вялiкае навалы.

- Куды ж ехаць? - сказала Волечка.

- Ну вядзi ў сваю хату, - сказаў салдат.

Волечка ўвяла каня з возам у свой двор. Сама яна адразу пайшла ў хату: у яе была гаспадарка. Трэба было падаiць карову, а на дварэ ўжо зусiм сцямнела. Следам за Волечкай увайшоў у хату i малады выгнанец, якi толькi што пахаваў бацьку. Ён быў босы i ў салдацкай шапцы з пераломаным казырком. Хоць было яшчэ i цёпла, на iм нязграбна сядзела шырокая, не на яго рост, жакетка з самаробнага сукна, вядома ў дарозе. Каўнер абгамтаўся навокал шыi, i, напэўна, ён як адзеўся ў жакетку колькi дзён да гэтага, дык усё ўтрапенне апошнiх дзён так i перабыў, не раздзеючыся. Светлага воласу, з абветраным тварам i з рэдкiмi вяснушкамi на пераноссi, ён здаваўся цiхманым i не вельмi рухавым. Льга было падумаць, на яго гледзячы, што ён так будзе стаяць доўга ў парозе i чакаць, як i куды пойдуць далейшыя справы. А тым часам Волечка даставала з палiцы збанок i накрывала яго цадзiлкай.

- Пойдзеш карову даiць? - сказаў ён з няпэўнай iнтанацыяй няпрошанага госця.

- Пайду. Гэта ж ужо так позна, з усiм гэтым заваждалiся.

- Няхай яно ўсё прападзе, як нядобра, гадка i цяжка.

З аднаго толькi яго хрыпатага голасу можна было чуць, як сапраўды яму цяжка прыйшлося. Ён далей сказаў:

- Я хiба тут у вас з канём на двары пераначую, бо немаведама куды падацца: цёмна, позна, чужая старана. А заўтра буду брацца далей куды. А дзе ж усе, што ты адна дома?

- Мацi я свае не памятаю, яна даўно памерла, i маладзейшая сястра мая памерла, як малая была, а бацька на вайне i нiчога не пiша мне.

Яна пайшла, i ён за ёю. Iдучы за ёю, ён запытаў:

- Дзе гэта дастаць чаго, каб каня накармiць?

Яна нiчога не адказала, а ён больш не пытаў: яны ўбачылi, як салдат ссаджваў з воза хворага немца: трымаючы яго пад плячо, салдат бадай што нёс немца да сенечных дзвярэй, i той вяла перабiраў нагамi, гнучыся ў крук. Волечка i яе нечаканы госць пачалi памагаць салдату. Гуртам увялi яны немца ў хату i паклалi на лаву. Салдат сеў каля яго курыць. Волечка даiла карову. Малады выгнанец стаяў каля яе i ўсё парываўся нешта сказаць. Нарэшце вось што ён сказаў:

- Мы з-пад Вiлейкi. (Волечка маўчала, як самая сталая з усiх жанчын свету.) Слухай, я там за равамi бачыў стагi. Паеду прывязу сена, дык i твайму каню будзе.

- А калi хто ўбачыць?

- Я не баюся, я выгнанец.

- Але ж гэта чужое.

- Але ж мяне не пыталi, калi з хворым бацькам з хаты выганялi.

I зноў вялiкая сталасць агарнула Волечку.

- Дык я паеду, а ты брамы не зачыняй.

Тут яна адарвалася ад свае работы i паважна сказала:

- А тут яшчэ гэты немец хворы ў хаце.

- Небыт. I я паездзiў з iм.

Так яны быццам згаварылiся ў нейкай iм толькi адным вядомай справе. Разумеючы адзiн аднаго да канца, яны, як змоўшчыкi, зiрнулi адно аднаму ў вочы. Яна зноў пачала даiць карову, а ён цiха выехаў на пустым возе з двара.

Прайшло гадзiн паўтары, калi ён вярнуўся. Каля аднаго акна ў Вольчынай хаце гарэў агонь. Ён увайшоў. Волечка спала на тапчане ля печы. Салдат паiў ляжачага немца малаком з лыжкi. Волечка ўсхапiлася, як бы электрычны ток працяў яе сонную, калi толькi яе госць увайшоў у хату. Абое разам яны выйшлi ў сенцы.

- Прывёз, - сказаў ён. - Я дам i твайму каню.

- Стаў i свайго да майго ў хлеў.

- А ты iдзi спаць.

Сонная, яна хiстанулася на нагах i шпарка пайшла ў хату. А ён цiха i спакойна зачынiў за сабою сенечныя дзверы. Вераснёвая ноч стаяла над зямлёй. Уся яго iстота напоўнiлася натхнёным адчуваннем гэтай зорнай i цiхай ночы. Ён доўга стаяў пасярод незнаёмага яму двара, на новым сваiм месцы, аб iснаваннi якога раней i не здагадваўся. Свайго i Вольчынага каня ён паставiў да сена i сам лёг на воз, тварам у зоры. Чорныя сiлуэты вялiкiх дрэў вырысоўвалiся перад iм, дзесьцi за гэтай цеснай сялiбай, за цiхай вулiцай, за пахучымi паплавамi, дзе ён нядаўна браў сена. I такая стаяла цiшыня, што здавалася - восень сочыць, цi не парушае што яе спакою. Чутно было, як грукалi конi, перажоўваючы сена. Сонная птушка спалохалася, крыкнула i сцiхла, i залапатаў крыллямi певень. Яблыка адарвалася ад галiны i стукнулася аб зямлю. I зноў надоўга ўстанавiлася цiшыня. Ён спаў на сваiм возе доўга i раптам усхапiўся i сеў. Зорнае неба ўсё таксама распасцiралася ў шырокай вышынi. I смутак лажыўся на яго душу. "Скора дзень. Трэба зноў ехаць. Куды? Чаго? Павошта? Чаго шукаць у шырокiм свеце? Не знойдзецца тое, што прайшло, мiнулася i загiнула ў гарматным агнi i попел ад чаго развейваецца вятрамi далёка адсюль. Адзiн клапатны, з утрапеннем i небытам дзень адышоў у вечнасць, а гэта новы iдзе на яго месца".

Ён звесiў ногi з воза, угнуў плечы i заныў так у маўклiвасцi ночы i свае душы. Ён нават не заўважыў, што ў адным акенцы хаты гарыць святло. Пачынала цадзiцца павольнае свiтанне. Зоры радзейшыя сталi. Як бы хто высыпаў неба на ўсходзе белым попелам. I раптам стукнулi сенечныя дзверы. На ганку стаяла босая Волечка.

- Што? - сказаў ён, быццам меў тут права на такi гаспадарскi тон.

Вострая радасць агарнула Волечку: яна не адна, тут ёсць асоба, з якою яны ўчора сталi ўдваiх як бы вялiкiмi на ўвесь свет змоўшчыкамi, разам яны як бы хацелi адгарадзiцца ад усяго свету, якi для iх абаiх быў такiм бязлiтасным. Яна падбегла да яго i паклала руку на яго калена i зашаптала:

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com