Пачвара (на белорусском языке) - Страница 4
Ён змоўк. Потым вярнуўся да перапыненай думкi.
- Дык вось, сакрэт лакатара... У чым ён?
Саветнiкi вакол Iнэша ўздыхнулi з палёгкай. Цяпер яны не баялiся, што iх раса будзе знiшчана. Iнэш з гонарам адзначыў, што, калi сама страшнае засталося ззаду, нiхто з гэнейцаў нават не падумаў пра сябе.
- Значыць, вы не ведаеце тайны? - лiслiва прамовiў Ёал. - Вы дасягнулi вельмi высокага развiцця, аднак заваяваць галактыку зможам толькi мы.
З усмешкай змоўшчыка ён абвёў вачыма ўсiх астатнiх i дадаў:
- Спадарства, мы можам з поўным правам ганарыцца вялiкiмi адкрыццямi гэнейцаў. Прапаную вярнуцца на зоркалёт. На гэтай планеце нам болей няма чаго рабiць.
Яшчэ нейкi момант, пакуль яны не схавалiся ў сваiх сферычных гандолах, Iнэш з трывогай думаў, што двухногая iстота паспрабуе iх затрымаць. Але, азiрнуўшыся, ён убачыў, што чалавек павярнуўся да iх спiной i нетаропка iдзе па вулiцы.
Гэты вобраз застаўся ў памяцi Iнэша, калi зоркалёт пачаў набiраць вышыню. I яшчэ адно ён запомнiў: атамныя бомбы, кiнутыя на горад адна за адной, не ўзарвалiся.
- Так проста мы не адмовiмся ад гэтай планеты, - сказаў капiтан Горсiд. Я прапаную яшчэ раз перагаварыць з пачварай.
Яны вырашылi зноў спусцiцца ў горад - Iнэш, Ёал, Вiiд i камандзiр карабля. Голас капiтана Горсiда прагучаў у iх прыёмнiках:
- Мне здаецца... - Пагляд Iнэша ўлоўлiваў праз ранiшнi туман бляск празрыстых гандол, якiя апускалiся вакол яго. - Мне здаецца, мы прымаем гэтае стварэнне зусiм не за тое, што яно ёсць у сапраўднасцi. Успомнiце, напрыклад яно абудзiлася i адразу знiкла. А чаму... Таму што спалохалася. Ну вядома ж! Яно не было гаспадаром становiшча. Яно само не лiчыць сябе ўсясiльным.
Гэта гучала пераканаўча. Iнэшу довады капiтана прыйшлiся па душы. I яму раптам здалося незразумелым, чаму гэта ён так лёгка паддаўся панiцы! Цяпер небяспека паўстала перад iм у iншым святле. На ўсёй планеце ўсяго адзiн чалавек. Калi яны сапраўды наважаць, можна будзе пачаць перасяленне каланiстаў, быццам яго зусiм няма. Ён успомнiў, як ужо рабiлася ў мiнулым не раз. На шмат якiх планетах невялiкiя групкi карэнных жыхароў пазбегнулi дзеяння смертаноснай радыяцыi i схавалiся ў аддаленых абласцях. Амаль усюды каланiсты паступова вылавiлi iх i пазнiшчалi. Аднак у двух выпадках, наколькi ён памятае, тубыльцы яшчэ ўтрымлiвалi за сабой невялiкiя часткi сваiх планет. У абодвух выпадках было вырашана не вынiшчаць iх радыяцыяй - гэта магло пашкодзiць самiм гэнейцам. Там каланiсты прымiрылiся з уцалелымi аўтахтонамi. А тут i тым больш - усяго адзiн жыхар, ён не зойме шмат месца!
Калi яны яго знайшлi, чалавек рухава падмятаў нiжнi паверх невялiкага асабняка. Ён паклаў венiк i выйшаў да iх на тэрасу. На iм былi цяпер сандалi i свабодная тунiка з нейкай асляпляльна блiскучай матэрыi. Ён лянiва паглядзеў на iх i не сказаў нi слова.
Перамовы пачаў капiтан Горсiд. Iнэш толькi дзiвiўся, слухаючы, што той гаворыць механiчнаму перакладнiку. Камандзiр зоркалёта быў гранiчна шчыры: так вырашылi загадзя. Ён падкрэслiў, што ганейцы не збiраюцца ажыўляць iншых мерцвякоў гэтай планеты. Падобны альтруiзм быў бы процiнатуральны, бо орды гэнейцаў, якiя ўсё ўзрастаюць, увесь час маюць патрэбу ў новых светах. I кожнае новае значнае павелiчэнне насельнiцтва ставiла адну i тую праблему, якую можна вырашыць толькi адным шляхам. Але ў гэтым выпадку каланiсты добраахвотна абавязуюцца не замахвацца на правы адзiнага ўцалелага жыхара планеты.
У гэтым месцы чалавек перапынiў капiтана Горсiда:
- Якая ж была мэта такой бясконцай экспансii?
Здавалася, ён быў шчыра зацiкаўлены.
- Дапусцiм, вы пазасяляеце ўсе планеты нашай галактыкi. А што далей?
Капiтан Горсiд абмяняўся незразумелым паглядам з Ёалам, потым з Iнэшам i Вiiдам. Iнэш адмоўна пахiстаў тулавам з боку ў бок. Ён адчуў жаль да гэтага стварэння. Чалавек не разумеў i, напэўна, нiколi не зразумее. Старая гiсторыя! Дзве расы, жыццяздольная i гаснучая, трымалiся супрацьлеглых пунктаў погляду: адна iмкнулася да зорак, а другая схiлялася перад немiнучасцю лёсу.
- Чаму б вам не ўстанавiць контроль над сваiмi iнкубатарамi? - настойваў чалавек.
- I выклiкаць падзенне ўрада? - з'iранiзаваў Ёал.
Ён прамовiў гэта паблажлiва, i Iнэш убачыў, як усе астатнiя таксама ўсмiхаюцца - з наiўнасцi чалавека. Ён адчуў, як iнтэлектуальная бездань памiж iмi робiцца ўсё шырэй. Гэтая iстота не разумела прыродных жыццёвых сiл, што кiруюць светам.
- Добра, - зноў загаварыў чалавек. - Калi вы не здольныя абмежаваць сваё размнажэнне, гэта зробiм за вас мы.
Настала маўчанне.
Гэнейцы пачалi касцянець ад лютасцi. Iнэш адчуваў гэта сам i бачыў тыя ж прыкметы ў iншых. Яго пагляд пераходзiў з твару на твар i вяртаўся да двухногага стварэння, якое так i стаяла ў дзвярах. Ужо не першы раз Iнэш падумаў, што iх працiўнiк выглядае зусiм безабаронным.
"Зараз, - падумаў ён, - я магу абхапiць яго шчупальцамi i раздушыць!"
Разумовы кантроль над унутрыядзернымi працэсамi i гравiтацыйнымi палямi, цi спалучаецца ён са здольнасцю адбiць чыста механiчны, макракасмiчны напад? Iнэш думаў, што спалучаецца. Сiла, праяўленне якой яны бачылi дзве гадзiны назад, вядома, павiнна была мець нейкiя межы. Але яны гэтых межаў не ведалi. I тым не менш усё гэта цяпер не мела значэння. Мацнейшыя яны або слабейшыя няважна. Фатальныя словы былi вымаўлены: "Калi вы не здольныя абмежаваць, гэта зробiм за вас мы!"
Гэтыя словы яшчэ гучалi ў вушах у Iнэша, i па меры таго, як iх сэнс усё болей даходзiў да яго, ён адчуваў сябе ўсё менш iзаляваным i адчужаным. Да гэтага часу ён лiчыў сябе толькi гледачом. Нават пратэстуючы супраць далейшых уваскрашэнняў, Iнэш дзейнiчаў як незацiкаўленая асоба, што назiрае драму збоку, але не ўдзельнiчае ў ёй. Толькi цяпер ён з гранiчнай яснасцю зразумеў, чаму ён заўсёды ўступаў i ў канчатковым вынiку згаджаўся з iншымi. Вяртаючыся ў мiнулае, да сама далёкiх дзён, цяпер ён бачыў, што нiколi па-сапраўднаму не лiчыў сябе ўдзельнiкам захопу новых планет i знiшчэння чужых рас. Ён проста прысутнiчаў пры гэтым, раздумваў, разважаў пра жыццё, якое не мела для яго значэння. Цяпер гэтае паняцце канкрэтызавалася.
Ён болей не мог, не хацеў працiвiцца магутнай хвалi пачуццяў, якiя яго захлiснулi. Цяпер ён думаў i адчуваў заадно з неабдымнай масай гэнейцаў. Усе сiлы i ўсе жаданнi расы бушавалi ў яго крывi.
- Слухай, двухногi! - зароў ён. - Калi ты спадзяешся ажывiць сваё мёртвае племя - пакiнь гэту надзею!
Чалавек паглядзеў на яго, але змоўчаў.
- Калi б ты мог нас усiх знiшчыць, - працягваў Iнэш, - то даўно знiшчыў бы. Ды ўся справа ў тым, што ў цябе не хапае сiлы. Наш карабель пабудаваны так, што на iм немагчымая нiякая ланцуговая рэакцыя. Усякай часцiнцы патэнцыяльна актыўнай матэрыi супрацьстаiць антычасцiнка, якая не дапускае ўтварэння крытычных мас. Ты можаш зрабiць выбухi ў нашых рухавiках, але гэтыя выбухi застануцца таксама iзаляванымi, а iх энергiя будзе эвернута на тое, для чаго рухавiкi прызначаны, - пераўтворыцца ў рух.
Iнэш адчуў дотык Ёала.
- Пасцеражыся! - шапнуў гiсторык. - У гарачцы ты можаш выбалбатаць адзiн з нашых сакрэтаў.
Iнэш строс яго шчупальцы i злосна агрызнуўся:
- Хопiць наiўнiчаць! Гэтай пачвары дастаткова было зiрнуць на нашы целы, каб разгадаць амаль усе тайны нашай расы. Трэба быць дурнем, каб думаць, быццам яна яшчэ не ўзважыла сваiх i нашых магчымасцей у гэтай сiтуацыi.
- Iнэш! - зароў капiтан Горсiд.
Пачуўшы металiчныя ноткi ў яго голасе, Iнэш адступiў i адказаў:
- Слухаюся.
Яго лютасць астыла гэтак хутка, як i ўспыхнула.
- Мне здаецца, - працягваў капiтан Горсiд, - я здагадваюся, што вы мелiся сказаць. Я цалкам з вамi згодзен, але як найвышэйшы прадстаўнiк улады Гэйны лiчу сваiм абавязкам прад'явiць ультыматум.
Ён павярнуўся. Яго рагатае цела навiсла над чалавекам.
- Ты адважыўся вымавiць словы, якiм няма даравання. Ты сказаў, што вы паспрабуеце абмежаваць рух вялiкага духу Гэйны.