Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць) - Страница 77

Изменить размер шрифта:

Ранiцай яснага мая,

Тады з не крывёю паэты

Параўноўваць будуць зару.

Зброя не будзе патрэбнай —

I людзі яе зламаюць,

Героi не будуць патрэбны —

I ў бітве апошняй памруць.

I лёсам нашчадкаў будуць

Толькі кахання раны,

I толькі аднойчы мужчына

Пралье жыватворную кроў,

I шчасце будзе нясцерпным,

Бы ад сліцця з каханай,

Толькі не два імгненні,

А тысячы тысяч вякоў.

Ён усміхаўся ў цемры, а агні, пакуль яшчэ вельмі-вельмі рэдкія, шырыліся і шырыліся за ракой.

Пралескі спакойна будуць

Квітнець на светлым прадвесні,

А дзеці — гуляць жалудамі

Пасаджаных намі дубоў,

I людзям не будуць патрэбны

Мае iржавыя песнi,

I людзям не будуць патрэбны

Мой боль і мая любоў…

Думы мае загiнуць,

Думы гневу i радасцi,

Народжаныя ў пакутах

Тысяч бяссонных начэй.

. . . . . . . . . . .

Прыйдзi, маё Рагнарадзi,

Прыйдзi, маё Рагнарадзi,

Няхай забыццё, Рагнарадзi.

Прыходзь.

Наступай.

Хутчэй…

…Слёзы паліліся з вачэй адразу, нястрымна, цэлымі струменямі. I ён, без змогі стрымаць іх, упаў на траву і заплакаў так, як не плакаў ніколі ў жыцці. Ён ляжаў абліччам у траву і аплакваў свой лёс і лёс Ірыны, і яе пакуты, і чысціню яе вачэй, і рукі, якія песцілі яго валасы, і ўсё-ўсё, што магло быць і чаго ўжо не будзе: дарогі з ёю, музыку яе слоў, яе цеплыню поруч і яе радасць ад сонца, якога яна ніколі больш не пабачыць.

Потым, калі яму стала трошкі лягчэй, ён устаў. Трэба было ісці. Трэба было вярнуцца да яе, з якою не быў споўнены запавет продкаў. Трэба было супакоіць яе ў той зямлі, куды пойдзе і ён, скончыўшы шлях.

Гэты шлях толькі пачынаўся. На ім не было радасці. Была толькі праца, вайна, радкі… якім не было звароту да ранейшага.

Але на ім не было і хлусні, і абыякавасці, і боязі.

Баяцца больш не было чаго.

I ён пайшоў. Ён узышоў на гару і адтуль, з вышыні, пабачыў увесь абшар горада.

Гэты горад цяпер прачынаўся. Усё большала і большала агнёў на вуліцах. Кропля за кропляй, сотня за сотняй, яны ўзнікалі, успыхвалі, паступова адбіраючы зоры ў нябёс.

Зорнае неба сыходзіла на зямлю.

Горад прачынаўся.

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com