Канон школе - Страница 1
- 1
Георгий Васильевич Марчук
Як нялёгка першы раз адчыняць за масіўную ручку цяжкія дзверы школы першакласніку і як лёгка адчыняць у апошнім класе гэтыя дзверы нагой — дзеля форсу, разумеючы, што гэта некультурна. Ратуючыся ад голаду, з Усходу прыехала ў школу маладая пара настаўнікаў. 3 адным чамаданам, вазонам фікусам, без мэблі і посуду. Усё іх здзівіла: і адносна ладныя хаты, і звычаі, і норавы людзей. А дзеці? Дзеці ўсюды аднолькавыя: цікаўныя, гарэзлівыя, непаслухмяныя і добрыя. Цікаўнасць пераходзць у веды, рухавасць — у самадысцыпліну, непаслухмянасць — у годнасць. Яны, гэтыя чужыя настаўнікі, слухаючы гаманлівых смуглявых жанчын і рана палыселых мужчын, не разумелі іх гаворкі: «Отакешаньке. Муло. Абу шчо». На «вялікім і магутным» даводзілі дзецям свае:
— Этнос. Стержень порядочности. Самообразование. Толерантность. Гармония. Духовность.
Адны пераходзілі з класа ў клас у чаканні новага адкрыцця свету, іншыя — у чаканні першага пацалунка. Але каб не на людзях. Барані Божа. 3 заплюшчанымі вачыма. У напапову цёмным калідоры, бо ў цёмны клас яна баіцца зрабіць крок. Каб класны кіраўнік 8 «А» не прыкмеціў, каб класная кіраўніца 8 «Б», яго жонка, не заўважыла. Вуліца выяўляе таленты, школа садзейнічае іх развіццю. На вуліцы воля была ўсёабдымнай: хочаш, гуляй у хованкі, у вайну альбо ідзі гнуць на першым лёдзе «рагожу», каб аж сэрца заходзілася ад рызыкі — ці трэсне лёд пад нагамі, ці правалішся, ці паспееш збегчы з палонкі. У школе ўсё іншае: свабода падпарадкоўваецца дысцыпліне і абавязкам. Хадзіць па веды яшчэ не ходзяць, не разумеюць, што веды палягчаюць жыццё, бо, як вучаць бацькі,— грашыма палягчаюць жыццё і толькі імі. Ідуць, каб атрымаць адзнаку па прадмеце, каб быць усім разам у класе, на танцах, на ўборцы бульбы, буракоў, кукурузы альбо на святочнай дэ-манстрацыі, на канцэрце. Бацькам спакайней, калі дзеці ў школе. Першая работа, хоць і грошай не плацяць.
Класныя не стамляюцца паўтараць:
— Навучыцеся бачыць прыгажосць і цаніць яе. Любіце Радзіму, упрыгожвайце яе сваімі талентамі.
У царкве што — натхняюць тых, хто ўпаў духам, настаўляюць на шлях дабрадзейнасці. Гарадчукі не наіўныя, але сентыментальныя. Што ёсць, то ёсць. У школе, неўпрыкмет сталеючы, увесь час круцішся вакол прывычкі да працы і вакол стрыжня прыстойнасці. Паміж сабой царква і школа тут не спрачаюцца. Усе дзеці хрышчоныя, дома ўсе вераць у Бога, а ў школе робяць выгляд, што згодны з гісторыкам-атэістам.
— Только благодаря атеизму человечество приблизило прогресс.
Прастора замкнутая… але душы не ўтрымаць — яна недзе высока і вольна лунае па-за межамі класа. Над вухам, як надакучлівая муха, лётаюць словы пра геаметрычныя фігуры і матэматычныя формулы (каб яны былі праклятыя), а перад акном расцвіў бэз… з радыё, якое вісіць на слупе «хіміі» машынна-трактарнай станцыі, далятае сюды неўміручая мелодыя «Бесаме муча». Нудзіцца душа. Разамлела цела. Цягне невядома куды, але ж упарта цягне. Хутчэй бы гэты апошні званок…
Ніхто за вушы ў выдатнікі не цягне. Здольныя ад прыроды да навукі ў пяцёрачнікі выб'юцца самі. Калі ж падчас канікулаў інтарэсамі завалодвае Дом піянераў — там більярд і танцы ў паўзмроку, — школа з цёмнымі вокнамі выгляд мае непрыкметны, аж жахліва. Нічога так яе не зневажае, як адсутнасць званкоў і дзіцячых галасоў.
У маладой прыгожай пары класных кіраўнікоў нарадзілася другая дачушка. Ехалі часова, каб перакантавацца год-другі, ехалі без цёплага сподняга і зімовай шапкі. У вайсковым галіфэ і фрэнчы ён хадзіў на ўрокі аж восем гадоў. Неўпрыкмет перабраліся з цеснай камуналкі ў сваю хату. Купілі ровар, лодачны матор «Вихрь» і тэлевізар. Патроху звыкліся з мясцовым людам, які не разумелі і не ўсё прымалі. Цяпер жа на «конікі» самі настаўнікі апранаюць маскі Чорта, Дзеда, Бабы, Казы, Мядзведзя, Коніка, улазяць у старыя лахманы, мяняюць галасы і ходзяць у марозную ноч калядаваць, спяваючы «Шчодры вечор». Ідуць у хату да бацькоў сваіх дзяцей. Ніхто і не здагадваецца, адкуль «конікі», з якіх кварталаў: з Аселіцы, Мельнікаў, Гары, Вугоня, Наваселля, Радзічаў? А гэта ўсходнікі — нязломныя атэісты. Смеху варта. Фізік Ёшка любіў апранацца ў цыганку. Для сугрэву ды каб весялей было возьме сто грамаў белай. Трыццаць — пяцьдзесят хат пакуль з віншаваннем абыдзеш, збіраючы харчы і грошы, натомішся, як трактарыст на ворыве.
— Так. Стоп. Дзяўчаты направа, хлопцы налева. А ты куды, Ёшка? За дзеўкамі? Забыўся, кім нарадзіўся? Аёй, аёй…
Рогат на ўсю вуліцу. У мяцеліцу хадзіць яшчэ казачней і для тых, хто «конікаў» водзіць, і для тых, хто чакае. Больш веры ў цуд, у спраўджванне мараў. Вясна, паколькі яе найбольш чакаеш — надакучае за пяць месяцаў зіма, хоць і не студзёная, але снежная, — пралятае, як камета. Вось і ластаўка пад страхой вывела птушанят. Кажуць, Бог асабліва беражэ тую школу, у паддашшы якой гняздуюцца ластаўкі. Заўтра апошні званок. Дык які сэнс жыцця, пытаецца вулічны філосаф — мясных спраў майстра? А Бог яго ведае.
— То паслухай, скажу. Расце дрэва. А навошта? На зіму спілавалі, нарэзалі дроў, дровы далі дым, дым пайшоў у неба і там з іншымі дымамі ўтварыў хмару. Праліўся дождж. 3 зямлі з зярнятка вырастае новае дрэва, падобнае на тое, што спілавалі. I яго спілуюць, і яно дасць дым. I так бясконца. Дрэва расце, каб яго спілавалі.
Апошні званок — урачыстасць не толькі школы, усяго гарадка. Прыйшлі Олена, Валодзя, Іван, Надзя, Грыцко, Люба, Паўло, Наталка, Якаў, Лісавета, Яўхім, Марыя і Васіль. Ад званка да выпускнога адзін крок, усе спакойныя, бо не было такога выпадку, каб на экзаменах камусьці паставілі двойку. Нервуюцца больш бацькі, бо дзеці добры год ужо ходзяць парамі. Нехта больш смелы марыць увосень падаць заяву на шлюб. Сустракаюцца ўсе выпускнікі на Царкоўнай гары, каб сустрэць усход сонца. Больш заможны прыходзіць з відэакамерай. Божа, колькі разоў сустракалі ўсход з бацькамі на рыбе, на сенажаці… Чаму ж сёння, чаму такі ён шчымлівы? Чаму пасля гучнага «ўра-а!» раптам усе замаўчалі? Чаму выцер крадком слязу класны кіраўнік 11 «А» і чаму класная кіраўніца 11 «Б» адвярнула галаву ўбок? Заўтра воля. Не, сёння воля! Вось яно і прыйшло, першае выпрабаванне адзінотай. У каго душа яшчэ не зусім прачнулася, таму лягчэй. Бывай, школа. Чаго плакаць? Заўтра будзе інстытут, тэхнікум, а хоць бы і вучылішча, але не будзе больш ніколі таго, хто сёння побач, разам, не будзе роднага класа, які прывучыў аддаваць дабро іншаму. Школа навучыла трохі ўсіх быць людзьмі, бо навучыць адразу на ўсё жыццё немажліва. Не шукайце сабе новых сяброў, лепшых за школьных, іх усё адно не будзе. Прыйдуць дахаты класныя кіраўнікі. Кветкі ў вазах, кветкі ў слоіках, на стале, на табурэтках. Стаміліся, перахваляваліся ад светла-сумнай радасці, а спаць не хочацца.
- Віншую цябе, любая, вось і яшчэ адзін год.
- Ага. А дзесяць не хочаш?
- Няўжо дзесяць? Не верыцца.
Даўно не ўспамінаюць пра пераезд у вобласць ці, на крайні выпадак, у раён. Школа стала сваей. У новым навучальным годзе класная пойдзе на павышэнне: завучам. Абяцалі дырэктарства і класнаму, скроні якога, нягледзячы на яшчэ маладыя гады, кранула сівізна. Куды ехаць? I гарадок зрабіўся сваім. Трэба тут дзяцей ставіць на ногі.
— Спі, любая. Заўтра трэба будзе наведацца ў школу. Наша XX стагоддзе, а ім аддамо XXI.
Жонка ўжо не чуе апошніх слоў, яна соладка спіць, прыціснуўшы да грудзей малодшую дачушку. Не пабудзіць іх і птушка івалга, якая заліваецца ў садзе. Пачынаецца новы дзень салодкай катаргі, якую называюць жыццём. Спявай, івалга, загойвай нашы душэўныя раны.