Канон Богу - Страница 1

  • 1
Изменить размер шрифта:

Георгий Васильевич Марчук

Канон Богу

У ягоную прысутнасць вераць і старыя, і малыя. Без Божага благаславення і крыжа не выбіраюцца ў далёкую дарогу, не пачынаюць ніякай справы, не сядаюць да стала. Гэтая еднасць Бога, людзей, хат, вуліц, адчуваецца штодня, перадаючыся ад аднаго да другога:

— Уратуй, Госпадзі.

— Бог у помач.

— Дай Божа, каб Гасподзь захаваў.

— Дапамажы, Божа.

У святочныя дні людзі дабрэюць. I не толькі таму, што баяцца рабіць у святы, бо гэта ганьба, грэх. У такія дні прысутнасць Бога поўная… усе як бы трымаюць адказ перад Ім за паводзіны ў хаце і на людзях, за дробныя грахі. Мякчэюць сэрцам і сваю крыўду, а часам і злосць за свае часовыя няўдачы не паказваюць.

— Ты до царквы, Оля? То пачакай, пойдзем разам. Звыклыя да цяжкасцей на сваіх плячах, звыклыя не прасіць і не плакацца, самастойна змагацца з нялёгкай доляй, людзі ў такія дні хочуць адчуць плячо суседа, сябра, аднакласніка. Хочуць быць бліжэй да Бога. Не давядзецца пачуць, каб клялі Бога. Крыўдаваць… о, гэта можна.

— А дзе той Бог? Усе няроўна дзеліць. Добры, чэсны памірае, а паразіт жыве.

Нават калі хто з самых надта ж занятых заробкам грошай забудзецца перахрысціцца, дык велічны, няхай і па-местачковаму сціплы, бомаў звон падштурхне яго да гэтага.

— Даруй, Госпадзі. Свято ж сёння.

— Жанкі сварацца:

— Няма на цябе Бога.

Дзяцей вучаць перад кантрольнай, экзаменам:

— Не забудзь папрасіць у Бога: «Дай, Божа, каб добрэ було. Памажы».

Застаючыся адны ў хатах увесну, калі маладзейшыя едуць гандляваць насеннем кветак у свет, старыя бабулі і дзяды ўмеюць раіцца толькі з Богам і вядуць размовы, замкнуўшы дзверы на тры зашчапкі і два замкі

У адзін час усе гарадчукі ўзнімаюць вочы на неба, калі праплывае чорная навальнічная хмара:

— О, сіла нябесная ідзе! Спасі, Госпадзі, уратуй нас.

Ад дзіцячага, яшчэ наіўнага жаху перад Усявышнім —.

«слухайся, а то Божанька пакарае» — з гадамі ўсе пераходзяць да пакоры і нават набожнасці. Калі памірае чалавек, кажуць: «Бог прыбраў. Так трэба Богу. Дзякуй Богу, пажыў свае». Мужчыны не любяць ставіць свечкі ў царкве хоць за здароўе, хоць за памін душы. Калі маці палохае Богам дзіця, яно яшчэ не зусім верыць, калі ж яе падтрымае і бацька — то ўжо запомніць на ўсё жыццё чатыры-пяць з сямі грахоў Да жыцця, аднак, не адносяцца як да Божага дару, не ўмеюць сябе шкадаваць. Толькі ў старасці больш згадваюць пра пекла, а так яго і не успамінаюць, дазваляючы сабе дробныя грашкі, але раніцою, калі адзін, каб не ўслых, каюцца, б'юць кулаком у грудзі:

— Богам клянуся, больш не буду. Усэ. Капцы.

У свае апошнія дні і гадзіны на зямлі просяць:

— Божа, не пакінь дзяцей і ўнукау адных без сваей ласкі і апекі, не пакінь.

А тых, хто не верыць у Бога, а замяняе веру ва Усёмагутнага верай у сілы прыроды, шкадуюць — не прынята спрачацца пра існасць Бога. Самы прыемны і ўзнёслы камплімент: «Вочкі, як на іконе. Тварык, як у анёла. Анёльскае дзщятко». Анёл успрымаецца як пяшчота, чысціня, бязгрэшнасць, як памочнік Бога. Нацельны кры-жык і іконка — самыя дарагія святыні, якія ахоўваюць і цела, і душу. Тут не знойдзеш хаты, у якой не было б на покуці іконы. Усе дзеці прыгожыя, але яны найпрыгажэйшыя з кветкамі ў руках на царкоўным цвінтары. Невымоўная лучнасць Боская напаўняе духоўнай энергіяй і веліччу. У хрысціянскія святы ля царквы больш абазнаныя мужчыны на свой лад пераказваюць старонкі Евангелля і знаёмяць з таямніцай Турынскай плашчаніцы. Да гаворкі далучаецца і мясцовы філосаф: «То паслухайце прытчу:

— Бог, мне сумна.

I Бог даў чалавеку тэлебачанне.

— Бог, мне сумна.

I Бог даў чалавеку камп'ютэр.

— Бог, мне сумна.

I Бог даў чалавеку сотавы тэлефон. Чалавек пераадрасаваў просьбу.

— Мне ўсё роўна сумна, д'ябал.

I д'ябал прымусіў чалавека за ўсё, што даў Бог, плаціць грошы. Больш просьбаў не было. На іх цяпер чалавеку не хапае часу. Ведаеце, хто геній з геніяў?

— Хто?

— Той, хто прыдумаў людзям Бога і чорта».

Бог давыдгарадчукам не надае сілы, але яны цвёрда вераць, што з ім жыць лягчэй і надзейней. Асабліва бачаць Боскую руку ў квецені садоў, якімі так багаты гарадок. Дзіўна, але прыказак, прымавак, якія тычыліся б чорта, не пачуеш. Не любяць тут жартаваць з нячыстым і ягоным атачэннем. Прытрымліваюцца правіла: лепш быць далёкім, але ўсё ж сваяком Бога, чым найбліжэйшым суседам чорта. Прычым з гэтым няпісаным правілам згодны і спагадлівыя, і неміласэрныя. Усюдыіснае тэлебачанне — нават і яно не пахіснула тысячагадовай хрысціянскай свядомасці, не разбурыла рытуалаў жыцця, не зацьміла галовы, штодня нараджаючы новых «куміраў». Не ўсе адпавядаюць Боскаму пачатку, але ўсе ведаюць аб ім, шануюць лад жыцця і перадаюць ад пакалення пакаленню. Хітра прымружыўшы натруджанае вока, гарадчук пра замагільнае жыццё скажа:

— Нешчо там усё ж е. Мо недзе далека. Не можа быць, коб Бог ды не прыдумаў шчо.

Не вераць навукоўцам, якія кажуць, што праз пяць мільярдаў гадоў Зямлю спаліць Сонца.

— Таж усё ўстроіў Гасподзь ды зншчыць? Не. Самае жахлівае і непрыемнае пракляцце: «Коб цябе Бог пакараў» і самае прыемнае пажаданне: «Коб цябе Бог любіў».

Бог успрымаецца не як байка, а як добры чалавек, які пастаянна сочыць за кожным. Сляза цячэ з радасці, калі немаўлятка апускаюць у чан са святой вадою, як хрысцяць. Гэта адзіны выпадак, калі плач дзіцяці ўспрымаецца спакойна і лагодна. Таямніца народзін і смерці… Ніхто нічога не ведае, не помніць. Адзін знойдзецца, які скажа, што помніць і папа, і крыж, і свечкі, калі яго ў тры месяцы хрысцілі. Яму не вераць, але паважаюць за словы: «Бог мяне сюды прывёў, тут жыць і буду. Нікуды не з'еду. Людзі некаторыя паехалі і хутка паўміралі». Знаходзячыся чацвёртую частку свайго жыцця ў дарозе, у чужых краях, гарадчукі вельмі ж адданыя свайму мястэчку. Здараецца, і часта, што едуць за тысячу кіламетраў, каб адсвяткаваць з усімі Вялікдзень. Рэлігія — грандыёзны, надзейны метад заспакаення трагічных сумненняў чалавека аб бессэнсоўнасці жыцця. «Не гнявіце Бога, не звяртайцеся да яго, калі вам кепска», — вучаць маладых. Гарадчукі клічуць Усявышняга па загадзе сэрца і закліку душы. Тут ужо дадаць няма чаго. У маладых, вядома, — недавер, сумненні, легкадумнасць і ў адносінах да Бога. Старым крыўдна, што вера ўжо не такая моцная і прачулыя казанні святара слухаюць без належнай пашаны.

Няма такога чалавека на зямлі, якому Бог яшчэ не дапамог. 3 тым у душы і жывуць.

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com
  • 1