Хатынская аповесць - Страница 46

Изменить размер шрифта:

— А ты знаеш, хто цябе чакае на той дарозе?

— Вось i дазнаемся.

— Лепш трымай як трэба! Адыходзіць — дык назад, на балота. На дарогу, па якой мы прыйшлі. Вусаты хітры, сядзіць зараз i бульбачку пячэ. А мы кружым, як сляпы конь.

— Сядзіць i ў вус не дзьме, — флегматычна пазайздросціў бялявы хлопец.

— Ідзі вось у ногу, — распараджаецца сярдзіты ад стомы таўсцяк Пухаў, які ўсіх нас усё папраўляе. — Што ты на куст прэшся? Ён хоча (гэта зноў Вядзмедзю) на дарогу выбегчы. А я цябе з кулямётаў i накрыю. Немцы толькі i чакаюць, каб мы адарваліся ад гэтага клятага лесу. Ды не цягні ты, падымі вышэй!.. Прыціснуць на адкрытым — куды пабяжыш? У гарачыя ямы?

— Коней шкада — праваляцца, — зноў гаворыць паранены. Ён нас не чуе: аглушыла мінай. Галава, худая шыя барадатага дзядзькі па-птушынаму цягнецца ўверх з глубокага гамака.

— Даруйце, хлопцы, цяжкі я, — просіць паранены.

— Нічога, баця, — гаворыць белабрысы флегматык. — Перахода ўшасцёх ледзь-ледзь! Толькі навошта — мёртвага?

Вядзмедзь раптам здзівіўся:

— Сапраўды! Такая вайна, што i за мёртвага баішся. Дзе ўжо там раненага пакідаць праціўніку.

Мы ўсё ідзём, несучы сваіх параненых, забітых, i нібы нават разумеем, чаму мы ходзім i немцы ходзяць, чаму яны не спыняцца, не залягуць i не навяжуць нам бой (у ix для гэтага патроны ёсць, у ix заўсёды ёсць патроны). Чакаем, што вось зараз наскочым на засаду. Ідзём ад ix, ідзём следам за імі, прыслухоўваючыся да пагрозлівай (а можа, папераджальнай?!) страляніны.

Усё-ткі першае тое адчуванне, калі мы наскочылі на ix, калі гналі, раз-пораз адкідалі, а яны ўцякалі — напэўна, працягвае дзейнічаць.

Немцы i самі, бадай, не знаюць пэўна: праследуюць яны нас ці ўцякаюць ад нас. Магчыма, таксама чакаюць i баяцца нашай засады. I можа, зараз думаюць пра тое, каб ад нас адарвацца, пайсці, пра тое, як ім сарвацца з гэтага заклятага круга, з гэтай бясконцай арбіты, не падстаўляючы сябе пад агонь i не правальваючыся ў ямы.

Пераход, абодва Пераходы — i паранены малодшы i забіты старэйшы — у нас за спіной. Спераду нясуць камісара Шардыку, кажуць, ужо мёртвага. Час ад часу мяняемся ролямі з тымі, хто ідзе наперадзе атрада, i з тымі, хто прыкрывае атрад ззаду. Ці нясі забітых, ці чакай, калі з засады ўдараць па табе, пярэднім. Але стаміліся так, што любы ахвотней пойдзе наперадзе калоны. Пот едкі, горкі ад дыму, аблівае ўсё цела, яго проста співаеш з твару — так ён залівае вусны. Цяпер я нясу Перахода-старэйшага, мы ўшасцёх нясём, i замест насілак — яго брызентавы плашч. Пазногцям балюча — такі ён цяжкі, так цягне мёртвае цела да зямлі. I самому хочацца ўпасці i не варушыцца, апусціцца ў стому без астатку, соладка замерці. Вочы мае плаваюць у вясёлцы, усё афарбавана ў розны колер, але ўсё часцей, як цень, наплывае чорная паласа. Раптам выйшла наверх усё, што назбіралася за гэтыя дні, злілося ў адно тупое пачуццё самай апошняй стомы, за якой ужо суцэльная абыякавасць — нават да самой смерці абыякавасць.

Немцы ўсё страляюць за лесам, а мы ўжо маўчым. Наша маўклівасць ix непакоіць, палохае, i стральба ўсё ўзмацняецца. Колькі прайшло з таго імгнення, як разарвалася першая міна i мы кінуліся на ўласаўцаў? Вось яны, ляжаць, вачамі ў неба, — для ix прайшла цэлая вечнасць. Нават секунда смерці — такая ж вечнасць, як i мільён гадоў. А над намі яшчэ ходзіць жывое сонца, яно прайшло большую частку свайго паўкруга, пакуль мы круцім свае жорны. Колькі разоў ix круцілі i да нас… Яшчэ шмат разоў мы абыдзем вакол лесу, пакуль сонца спусціцца за тыя дымныя ўзгоркі. А потым што? Што потым будзе — невядома, але толькі пра гэта i марыш: хутчэй бы яно звалілася з зыркага, пякучага неба i перастала сляпіць вочы, плавіць, паліць нас. Я нахіляюся да свайго локця, каб працерці вочы, i бачу блізкі твар Перахода. I нейк нехаця здзіўляюся таму, што ён зусім не спацелы. Пра што я, куды гэта саслізгвае мая ўвага?.. Здаецца, да ўсяго ужо абыякавы i разам з тым заўважаеш якраз драбніцы.

Нешта заварожвае ў гэтай дзікай хадзьбе па сваім i па чужым следзе. Мы ўжо дарожку прабілі ў торфе — мы i немцы. Колькі ж мы кружым? I колькі нам яшчэ хадзіць?.. Не, мы ўжо не ходзім: ногі соладка выцягнуліся, яны гудуць, як прапелер, а заплюшчыш вочы — дык i сапраўды здаецца, што цябе паднімае, што цела тваё, якое ные, дрыжыць кожнай мышцай, пакалыхваецца над зямлёй. Млосна ад такога пакалыхвання, спяшаешся расплюшчыць вочы. Мы ляжым у той самай, зарослай лазняком, канаве, нас тут пакінулі. Косця-начштаба прапанаваў Касачу: схаваць некалькі чалавек i паглядзець, як ідуць немцы, колькі ix, што ў ix i чаго чакаць ад ix? Начштаба сам застаўся з намі. Чацвёра нас ў гэтай канаве. Мы яшчэ бачым нашых касачоўцаў, глядзім, як яны знікаюць. Шмат насілак, занадта шмат. Людзі ледзь ногі перастаўляюць, хістаюцца ад стомы, ад спёкі, ад чаду. Жывых душыць, б'е кашаль. Калі ляжыш спакойна, кашаль не так мучыць, але i нас ён не пакідае — асабліва тоўстага Пухава. Косця пытае час ад часу:

— Ну, не надакучыла?

Чалавек рукой, кепкай хоча заглушыць кашаль, прыпадае тварам да зямлі, глядзіць вінавата мокрымі, чырвонымі вачамі. Апраўдваецца:

— Вады б…

— Зараз прынясуць… немцы, — гаворыць Косця-начштаба, — слухай, паўзі ты, дзядзька, па канаве вунь туды, далей.

Але тут закашляўся Зуёнак, а потым i сам начштаба.

— Усё роўна паўзі,— гаворыць Косця, — хопіць тут i без цябе хрыпуноў.

Тоўсты партызан папоўз, душачыся кашлем, а мы яму паказваем: яшчэ чутно, далей, яшчэ далей!

Лежачы, можаш хоць вочы працерці. Калі не мог, калі занятыя былі рукі, здавалася, што толькі працерці ix трэба, зняць гэту казытлівую слязу — i стане лепш. Насоўкі ў мяне, зразумела, няма, усё на мне такое запэцканае граззю, сажай, што да вачэй не паднясеш. Я выцягнуў ніз сподняй сарочкі, жоўтай i caлёнай — самае чыстае, што ў мяне ёсць, — i ёю тру вочы. А сонца плавіцца ў дыме, плыве, таксама запаленае: яно з нейкім злавесным сінявым адлівам. Сонца пячэ, паліць, а мяне калоціць нейкі холад. Здаецца, што i ў паветры, прапаленым, прадымленым, разліты гэты холад: спіны тарфяных узгоркаў-звяруг дрыжаць дробна, бесперастанку…

Вось яны — пярэднія немцы, дазор! Гэтае пачуццё заўсёды асаблівае: з засады глядзець, як паяўляюцца перад табой ворагі. Вось гэты… Вы ніколі адзін аднаго не бачылі, не ведалі, што другі ёсць на зямлі, але недзе нешта склалася так, а не іначай, i няма цяпер людзей больш звязаных адзін з другім, чым вы: адно жыццё на дваіх, адна смерць на дваіх — дзяліце!

Але мы не засада, мы самі сябе пасадзілі ў пастку. Тут i застанёмся, нас заб'юць у гэтай канаве, калі немцы раптам уздумаюць агледзець яе ці мы выдадзім сябе кашлем, які пачынае раптам калаціць то мяне, то Зуёнка, то Косцю. У нас робяцца спалоханыя i вінаватыя твары, мы кідаемся тварам, ротам на руку, у зямлю i не кашляем ужо, a ціха гудзім, стогнем.

У зялёных мундзірах ці ў плямістых накідках, у касках — ідуць немцы. Па адным i групамі. I ўсё глядзяць на лазняк, насцярожана трымаюцца, адступаючы ад кустоў. Яны чакаюць нашага з'яўлення адтуль. Вось яно што! Немцы лічаць, што загналі нас у гэты лазняк (мы ўжо даўно не адгукаемся на іхнія стрэлы), што мы заселі ў лесе. Ходзяць i чакаюць, калі мы выбежым на адкрытае, пад ix кулямёты. Вось адзін спыніўся i застрачыў з аўтамата ў глыб лесу. I адразу другі, трэці стрэлілі — з вінтовак. Хмызняк абстрэльваюць. У наш бок яны i не глядзяць. Шмат ix, больш за сотню вываліла з-за лазняку, i ўсё новыя з'яўляюцца, ідуць у кірунку да нашай канавы. Тыя, што ўсярэдзіне калоны, не глядзяць на кусты, не страляюць: гэтыя нясуць параненых, забітых. I таксама, як мы, — на плашчах, на коўдрах: па чатыры, па шэсць чалавек каля ношы, спатыкаючыся, перашкаджаючы адзін аднаму. Водзіць ix у бакі. Чуваць вялыя галасы. Усё бліжэй падыходзяць немцы, i ix кашаль — выратавальны, гучны — чуваць нам. Свой мы заціскаем у сабе — хто далоньмі, хто рукавом. Вось ужо i апошнія немцы паказаліся з-за лазняку. Гэтыя збіліся ў цесную групу i не на кусты глядзяць, а назад азіраюцца: чакаюць нас ззаду. Увесь выгляд ix паказвае, што не яны нас, а мы ix гонім. Пярэднія перакананы, што загналі нас у кусты, а гэтым здаецца, што партызаны ціснуць, гоняць ix. Павернецца, пастрочыць з аўтамата назад i даганяе сваіх, на хаду выцягваючы з халявы ці з сумкi новы «ражок» з патронамі.

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com