Чужанiца (на белорусском языке) - Страница 3

Изменить размер шрифта:

Я стамiўся. Брамнiк завёў мяне ў свой пакойчык, i я змог трошкi прывесцi сябе ў парадак. Я выпiў яшчэ кавы з малаком, яна была вельмi смачная. Калi я выйшаў, ужо зусiм развiднела. Над пагоркамi, якiя аддзяляюць Марэнга ад мора, у небе гулялi ружовыя промнi сонца. I вецер, якi прылятаў адтуль, прыносiў пах солi. Пачынаўся выдатны, пагодны дзень. Я ўжо даўно не быў за горадам i з вялiкiм задавальненнем пайшоў бы цяпер прагуляцца, каб не мама.

Я застаўся чакаць на двары, пад платанам. Стаяў i ўдыхаў свежы водар зямлi, спаць ўжо зусiм не хацелася. Я падумаў пра сваiх прыяцеляў па службе. Цяпер яны, напэўна, устаюць, каб iсцi на працу - для мяне гэта заўжды быў сама цяжкi час. У мяне былi яшчэ нейкiя думкi наконт гэтага, але ўвагу адцягнула бразгатанне звону, што даносiлася аднекуль з багадзельнi. За вокнамi пачалася нейкая валтузня, потым усё сцiхла. Сонца паднялося вышэй i пачынала ўжо саграваць ногi. Цераз двор прайшоў брамнiк, ён сказаў, што мяне клiча дырэктар. Я пайшоў у кабiнет. Дырэктар даў мне падпiсаць даволi многа нейкiх папер. Я заўважыў, што ён апрануты ва ўсё чорнае, толькi нагавiцы паласатыя. Ён узяў у рукi тэлефон i запытаўся:

- Службоўцы з пахавальнага бюро ўжо тут. Я зараз паклiчу iх зачынiць труну. Мабыць, вы хочаце апошнi раз зiрнуць на сваю мацi?

Я адказаў:

- Не.

Тады ён загадаў у слухаўку прыцiшаным голасам:

- Фiжак, скажыце сваiм, каб пачыналi.

Потым ён паведамiў мне, што таксама будзе на пахаваннi. Я падзякаваў. Ён сеў за стол, закiнуў адну на адну караценькiя ногi i папярэдзiў, што, апроч нас, на пахаваннi нiкога не будзе, пойдзе яшчэ толькi адна санiтарка. Паводле правiлаў прытулку яго жыхары на пахаванне не дапускалiся. Iм дазвалялася толькi пасядзець каля труны. "Я лiчу, што так яно чалавечней", - сказаў ён. Але сёння дырэктар дазволiў аднаму з старых мамiных сяброў правесцi яе на могiлкi. "Яго завуць Томас Перэс". Тут дырэктар усмiхнуўся.

- Вы, вядома, разумееце. Гэта было нейкае такое дзiцячае дзiвацтва. Але яны з вашаю мацi былi неразлучныя. З iх у прытулку нават трошкi кпiлi, казалi Перэсу: "Гэта твая нявеста". А ён смяяўся. Iм абодвум гэта было прыемна. I трэба сказаць, што смерць панi Мёрсо вельмi яго засмуцiла. Я быў няздольны яму адмовiць. Але паводле парады лекара, якi часта да нас прыходзiць, я ўчора забаранiў яму сядзець каля труны.

Мы доўга сядзелi моўчкi. Дырэктар падняўся i зiрнуў у акно. Потым ён некага там заўважыў i сказаў:

- Ну вось, з Марэнга ўжо прыйшоў свяшчэннiк. Нешта ён рана.

Дырэктар папярэдзiў, што пешкi давядзецца iсцi хвiлiн сорак пяць тутэйшая царква аж у самай вёсцы. Мы выйшлi на двор. Каля трупярнi стаяў свяшчэннiк i два хлопчыкi з хораў. Адзiн з iх трымаў у руцэ кадзiла, а свяшчэннiк, схiлiўшыся над iм, раўняў даўжыню срэбных ланцужкоў. Калi мы падышлi, свяшчэннiк выпрастаўся. Ён назваў мяне "сын мой" i сказаў яшчэ некалькi слоў. Потым ён зайшоў у трупярню, я рушыў за iм.

Я адразу заўважыў, што шрубы на труне ўжо закручаныя i ў пакоi стаяць чатыры мужчыны ў чорным. Дырэктар сказаў, што катафалк чакае на дарозе. Свяшчэннiк пачаў чытаць малiтвы. З гэтай хвiлiны ўсё пайшло вельмi хутка. Людзi падышлi да труны, захiнулi яе покрывам. Свяшчэннiк, служкi i я з дырэктарам - выйшлi. Каля дзвярэй стаяла нейкая незнаёмая жанчына. Дырэктар мяне назваў: "Пан Мёрсо". Iмя жанчыны я не пачуў i толькi зразумеў, што гэта i ёсць санiтарка. Без нiякай усмешкi яна прыхiлiла доўгi кашчавы твар. Потым мы расступiлiся, каб даць вынесцi цела, i рушылi следам за труной. За брамай стаяў катафалк. Ён быў доўгi, лакiраваны i блiскучы i нагадваў вучнёўскi пенал. Побач з катафалкам стаяў распараднiк працэсii - карантыш у дзiвотным адзеннi - i нейкi дзядок ненатуральнага выгляду. Я зразумеў, што гэта Перэс. На iм быў фетравы капялюш з круглым верхам i шырокiм брылём (ён зняў яго, калi труну вынеслi з брамы), гарнiтур з закручанымi вакол ног калашынамi нагавiцаў, якiя маршчынiлiся над чаравiкамi, i чорны, завязаны вузлом гальштук, якi глядзеўся занадта маленькiм пад шырокiм каўнерам яго белай кашулi. Вусны старога дрыжалi пад навiслым, з чорнымi кропкамi носам. З-пад сiвых, вельмi тонкiх валасоў тырчалi дзiўныя - вялыя i бясформенныя вушы, мяне ўразiў iх крывава-чырвоны колер, якi нiяк не клаўся да змярцвела-бледнага твару. Распараднiк паказаў, дзе хто павiнен iсцi. Спачатку свяшчэннiк, потым катафалк. Абапал, па рагах, чатыры мужчыны. Ззаду - мы з дырэктарам, i ў канцы працэсii - санiтарка i Перэс.

Неба было ўжо ўсё залiтае сонцам. Пачынала прыпякаць, i спёка хутка мацнела. Не ведаю чаму, мы яшчэ доўга чагосьцi чакалi. У цёмным гарнiтуры мне было дужа горача. Дзядок надзеў капялюш, але потым, вiдаць, перадумаў i зняў. Я трошкi павярнуўся, каб лепей яго разгледзець. А дырэктар зноў пачаў распавядаць. Ён сказаў, што мама i Перэс часта гулялi тут увечары i часам даходзiлi аж да самай вёскi. З iмi хадзiла сядзелка. Я азiрнуўся вакол. За шэрагамi гонкiх, высокiх кiпарысаў, якiя ўзбягалi па ўзгорках пад самае неба, вiднелася рудая, а дзе ўжо з зялёнымi парасткамi зямля, сям-там стаялi рэдкiя, акуратныя хаткi. Я разумеў маму. Увечары гэты краявiд, напэўна, выклiкае цiхiя, сумныя думкi. А цяпер, калi паветра дрыжыць пад спякотнымi промнямi сонца, ён выглядае занадта жорстка i нават прыгнятае.

Мы рушылi. Толькi цяпер я заўважыў, што Перэс трошкi накульгвае. Катафалк патроху паехаў шпарчэй, i стары пачаў адставаць. Адзiн з мужчын, што iшлi абапал катафалка, адстаў таксама. Цяпер ён iшоў побач са мной. Мяне здзiвiла, што сонца падымаецца так хутка. I раптам я пачуў, як у палях сакочуць i гудуць насякомыя, шапацiць трава. Па шчоках у мяне цёк пот. Капелюша не было, i абмахвацца прыйшлося насоўкаю. Адзiн мужчына з пахавальнага бюро нешта сказаў мне, але я не пачуў. Трымаючы ў левай руцэ насоўку, ён выцiраў голы чэрап, а правай крыху ўздымаў картуз. Я папытаўся:

- Што вы кажаце?

Ён паўтарыў, паказваючы на неба:

- Пячэ.

- Але, - сказаў я.

Трошкi пазней ён запытаўся:

- Хто ў вас памёр? Мацi?

- Мацi, - зноў сказаў я.

- Старая была?

Я адказаў:

- Не вельмi. - Я добра не ведаў, колькi маме год.

Тады ён змоўк. Я павярнуўся i ўбачыў, што стары Перэс iдзе далёка ззаду, метраў за пяцьдзесят ад нас. Ён вельмi хацеў нас дагнаць i таропка чыкiльгаў, шырока махаючы капелюшом. Я паглядзеў на дырэктара. Ён iшоў вельмi паважна, не робячы нiводнага лiшняга руху. На лобе ў яго блiшчалi кроплi поту, але ён iх не выцiраў.

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com