Чорная страла - Страница 1

Изменить размер шрифта:

Робэрт Льюіс Стывенсан

Чорная страла: Аповесць з часоў вайны Пунсовай і Белай ружы

Пралог

Джон Помшчу-за-ўсіх

Неяк раз пасля паўдня позняй вясною звон на вежы Тэнстолскага замка Мот зазваніў у нявызначаны час. Паўсюдна, у лесе і на полі, што падступаліся да ракі, людзі пакідалі працу і пабеглі насустрач звону; сабраліся і ў вёсачцы Тэнстол беднякі-сяляне; яны са здзіўленнем прыслухоўваліся да звона.

У тыя часы — у цараванне старога караля Генрыха VI [1] — вёсачка Тэнстол мела амаль такі ж выгляд, як цяпер. Па доўгай зялёнай даліне, што спускалася да ракі, былі раскіданы дзесяткі два дамоў, пабудаваных з цяжкіх дубовых бярвенняў. Дарога ішла цераз мост, потым падымалася на супрацьлеглы бераг, знікала ў лясных гушчарах і, вынырнуўшы, праставала да замка Мот і далей, да абацтва Халівуд. Перад вёскай, на схіле пагорка, стаяла царква, акружаная цісавымі дрэвамі. А вакол, куды ні кінеш позірк, цягнуліся лясы, над якімі ўзвышаліся макушы зялёных вязаў і пазелянелых ужо дубоў.

Каля самага моста на выспе стаяў каменны крыж; каля крыжа сабралася купка людзей — шэсць жанчын і цыбаты дзяцюк у чырвонай палатнянай сарочцы; яны спрачаліся аб тым, што можа азначаць гэты звон. Паўгадзіны назад праз вёску праскакаў ганец; каля харчэўні ён выпіў куфаль піва, не злазячы з каня, — так ён спяшаўся, але ён і сам нічога не ведаў, ён вёз запячатаныя пісьмы сэра Дэніэла Брэклі сэру Оліверу Отсу — свяшчэнніку, які кіраваў замкам Мот, пакуль гаспадар быў у ад'ездзе.

Раптоўна пачуўся стук капытоў; з лесу выехаў юны Рычард Шэлтан, выхаванец сэра Дэніэла, і звонка паскакаў па гулкім мосце. Вось ён ужо ведае пэўна, што здарылася, — яго паклікалі і папрасілі растлумачыць. Ён ахвотна спыніўся. Гэта быў загарэлы шэравокі юнак гадоў васемнаццаці ў куртцы з аленевай скуры з чорным аксамітным каўняром; на галаве ў яго быў зялёны капюшон, за плячыма вісеў сталёвы арбалет. Ганец, як высветлілася, прывёз важныя звесткі. Чакалася бітва. Сэр Дэніэл прыслаў загад сабраць усіх мужчын, здольных нацягваць лук або валачы алебарду, і гнаць як мага хутчэй у Кэтлі, а ўсім, хто не паслухаецца, ён пагражаў сваім гневам; але аб тым, з кім і дзе давядзецца змагацца, Дзік не ведаў нічога. Хутка з'явіцца сюды сам сэр Олівер, а Бенет Хэтч ужо ўзбройваецца, таму што весці атрад даручана яму.

— Вайна — гэта разбурэнне для нашай добрай краіны, — сказала адна з жанчын. — Калі бароны ваююць, сяляне ядуць карэнні і траву.

— Не, — сказаў Дзік, — той, хто пойдзе за сэрам Дэніэлам, будзе атрымліваць па шэсць пенсаў у дзень, а лучнікі — па дванаццаць.

— Для тых, хто застанецца жывы, — адказала жанчына, — яно, быць можа, і так. Ну, а тыя, каго заб'юць, васпан?

— Памерці за свайго законнага валадара — лепшая смерць на свеце, — сказаў Дзік.

— Ён мне не валадар, — сказаў дзяцюк у чырвонай сарочцы. — Я стаяў за Ўэлсінгэмаў; усе мы тут, у Брайерлі, стаялі за Ўэлсінгэмаў; так было да грамніц пазамінулага года. А зараз я павінен стаяць за Брэклі! І ўсё па законе! Дзе ж справядлівасць? Нас зусім замучыў гэты сэр Дэніэл са сваім сэрам Оліверам, які ведае ўсе законы, акрамя законаў гонару, між тым, як у мяне адзіны законны валадар — няшчасны кароль Гары Шосты, блаславі яго Бог, які цяпер усё адно што малое дзіця, якое яшчэ не навучылася адрозніваць правую руку ад левай.

— Паганы ў цябе язык, шаноўны, — адказаў Дзік. — Ты плявузгаеш і на свайго слаўнага валадара і на яго вялікасць караля. Але кароль Гары — хвала святым! — зноў у добрым розуме і хутка адновіць мір. Які ты смелы, калі сэр Дэніэл не чуе цябе! Ну, ды я не даносчык. І хопіць аб гэтым!

— На вас, майстар Рычард, я не трымаю злосці, — прамовіў селянін. — Вы яшчэ хлопчык. А вось вырасцеце і ўбачыце, што кішэні вашы пустыя. Больш я нічога не скажу. Хай жа дапамогуць святыя суседзям сэра Дэніэла і няхай абароніць багародзіца яго выхаванцаў!

— Кліпсбі! — сказаў Рычард. — Гонар мой не дазваляе слухаць такія прамовы. Сэр Дэніэл — мой добры пан і мой апякун.

— Ну, калі так, — сказаў Кліпсбі, — я вам задам загадку. На чыім баку сэр Дэніэл?

— Не ведаю, — адказаў Дзік і злёгку пачырванеў, таму што яго апякун у гэты смутны час без перашкоды пераходзіў з аднаго боку на другі і пасля кожнай здрады багацці яго павялічваліся.

— Ніхто гэтага не ведае, — сказаў Кліпсбі. — Ён кладзецца спаць прыхільнікам Ланкастэра, а прачынаецца прыхільнікам Йорка.

На мосце пачуўся стук жалезных падкоў; усе павярнуліся і ўбачылі на кані Бенета Хэтча — пасівелага мужчыну з цяжкай рукою і суровым абветраным тварам; на галаве ў яго быў сталёвы шлем, на плячах — скураная куртка, меч на поясе і дзіда ў руцэ. Гэта быў вялікі чалавек у тых краях — правая рука сэра Дэніэла ў мірны і ваенны час, а цяпер, па загадзе свайго валадара, — бейліф акругі.

— Кліпсбі, — крыкнуў ён, — выпраўляйся ў замак Мот і пашлі туды ўсіх астатніх лодараў! Збройнік выдасць табе кальчугу і шлем. Мы павінны рушыць у шлях да вячэрняга звону. Глядзі ж, хто з'явіцца на збор апошнім, таго сэр Дэніэл пакарае. Помні аб гэтым! Я ведаю, які ты махляр! Нэнс, — дадаў ён, звяртаючыся да адной з жанчын, — стары Эпльярд у вёсцы?

— Калупаецца ў сябе на агародзе, — адказала жанчына. — Дзе ж яму быць?

Народ разышоўся. Кліпсбі лянотна пасунуўся праз мост, а Бенет і юны Шэлтан паехалі разам угару па дарозе праз вёску і мінулі царкву.

— Паглядзім на старога балбатуна, — сказаў Бенет. — Ён будзе так доўга хваліць Гары Пятага, што, слухаючы яго, паспееш падкаваць каня. І ўсё таму, што ён ваяваў з французамі!

Дом, да якога яны накіроўваліся, стаяў наводшыбе ў самым канцы вёскі сярод кустоў бэзу; з трох бакоў яго агіналі лугі, якія цягнуліся да ўскрайку лесу.

Хэтч саскочыў з каня, закінуў вуздэчку на плот і разам з Дзікам пайшоў на поле, дзе стары салдат, стоячы да калень у капусце, капаў зямлю і час ад часу запяваў хрыплым голасам пачатак якойсьці песні. Уся вопратка яго была скураная; толькі капюшон і каўнер былі зроблены з чорнай байкі і завязаны чырвонымі тасёмкамі; твар Эпльярда і колерам, і маршчынамі нагадваў шкарлупіну валоскага арэха; але яго старыя шэрыя вочы былі яшчэ ясныя і бачылі добра. Ці то ён быў глухаваты, ці то лічыў, што не варта старому стралку, які ўдзельнічаў у бітве пры Ажынкуры, звяртаць увагу на ўсялякія дробязі, але ні гучныя поклічы набату, ні з'яўленне Бенета з хлопчыкам не зрушылі яго з месца. Ён працягваў упарта капаць зямлю, напяваючы тонкім, скрыпучым голасам:

Лэдзі, лэдзі, — малю, -

Пашкадуй ты мяне.

— Нік Эпльярд, — сказаў Хэтч, — сэр Олівер шле табе прывітанне і загадвае зараз жа прыбыць у замак Мот і прыняць каманду над гарнізонам.

Стары ўзняў галаву.

— Няхай беражэ вас Бог, паны, — прамовіў ён насмешліва. — А куды выпраўляецца майстар Хэтч?

— Майстар Хэтч едзе ў Кэтлі і забірае з сабой усіх, хто можа сесці на каня, — адказаў Бенет. — Чакаецца бітва, і майму валадару патрабуюцца падмацаванні.

— Ах, вось як! — сказаў Эпльярд. — А колькі чалавек ты пакінеш мне?

— Я пакіну табе шэсць добрых малайцоў і сэра Олівера ў прыдачу, — адказаў Хэтч.

— Гэтага малавата, — сказаў Эпльярд. — Для абароны замка патрабуецца чалавек сорак.

— Вось таму мы да цябе і звярнуліся, стары буркун! — адказаў Хэтч. — Хто, акрамя цябе, можа абараніць такі замак з такім гарнізонам?

— Ага! Калі баліць мазоль, згадваюць аб старым чаравіку, — сказаў Нік. — Ніхто з вас не ўмее ні на кані сядзець, ні алебарду трымаць. А як вы ўсе страляеце з лука, святы Міхаіл! Калі б стары Гары Пяты ўваскрэс, ён дазволіў бы вам страляць у сябе і плаціў бы па фартынгу за выстрал.

— Не, Нік, ёсць яшчэ людзі, якія ўмеюць як трэба нацягнуць цеціву, — сказаў Бенет.

— Нацягнуць цеціву? — ускрыкнуў Эпльярд. — Але, нацягнуць цеціву ўмеюць і зараз! А пакажыце мне хоць адзін добры выстрал! Для добрага выстралу патрэбна дакладнае вока, патрэбна галава на плячах. Які выстрал на далёкую адлегласць ты назваў бы добрым, Бенет Хэтч?

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com