Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 8

Изменить размер шрифта:

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1977).

У друку выступіў упершыню з нарысамі і нататкамі ў 1945 г. Першыя вершы апублікаваў у 1947 г. Выйшлі аповесці «Перад вераснем» (1959), «Позняе ворыва» (1963), «Лясныя крушні» (1981), «Жывыя прывіды» (1986), зборнік нарысаў і памфлетаў «Татальнае банкруцтва» (1973), кніга аповесцей «Перад вераснем. Позняе ворыва» (1979).

Выдаў паэмы: «Карвіга пакідае хутар» (1961), «Татры» (1964), «Паэмы» (1968), зборнікі вершаў «Блакітныя вербы» (1973), «Суладдзе» (1975), «Каласы і скалы: Выбранае» (1978). У 1987 г. выйшлі Выбраныя творы (паэмы і вершы). Выступае як перакладчык з польскай і славацкай моў.

Бандарына Зінаіда, нарадзілася 11.10.1909 г. у горадзе Горадня ў сям'і настаўніка.

Скончыла Менскі беларускі педагагічны тэхнікум (1927), літаратурна-сцэнарны факультэт Інстытута кінематаграфіі ў Маскве (1933), аспірантуру пры Дзяржаўнай акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе (1937). Настаўнічала ў беларускай школе для перасяленцаў у сібірскім пасёлку Медзякова (1927-1928), загадвала аддзелам літаратуры ў газеце «Палеская праўда» (1928-1929, Гомель), сцэнарным аддзяленнем у Віцебскім кінатэхнікуме (1933-1934), працавала ў тэатрах і на кінастудыях Масквы, Архангельска, Горкага. У час Вялікай Айчыннай вайны служыла санінструктарам у дывізіі Панфілава. У пасляваенныя гады была супрацоўніцай часопіса «Бярозка» і карэспандэнтам Беларускага радыё (1945-1946), дырэктарам Дома народнай творчасці ў Горадні (1946-1948), загадвала філіялам музея Янкі Купалы ў Вязынцы (1948-1950), працавала ў газетах «Зорька», «Літаратура і мастацтва» (1950-1956). Сябра СП СССР з 1957 г.

Узнагароджана медалямі.

Памерла 16.04.1959 г.

Літаратурную дзейнасць пачала ў 1926 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «Вершы» (разам з Н.Вішнеўскай і Я.Пфляўмбаўм, 1926), «Веснацвет» (1931).

Выступала і ў жанры прозы. На расейскай мове напісала аповесці «Дипломная работа» (альманах «Советская Отчизна», 1953) і «Галина Ильина» (1959), на беларускай - аповесць «Шуміць тайга» (часопіс «Маладняк», 1928), аповесць пра дзіцячыя і юнацкія гады Янкі Купалы «Ой, рана на Івана...» (1956, апошняе выданне ў 1979), зборнік апавяданняў для дзяцей «Лясныя госці» (1960).

Пераклала з расейскай мовы «Апавяданні пра Пакістан» (1954) М.Ціханава.

Баравікова Раіса, нарадзілася 11.05.1947 г. у вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і служачага.

Пасля заканчэння Бярозаўскай сярэдняй школы (1965) пачала працаваць у быхаўскай раённай газеце «Маяк Прыдняпроўя» літсупрацоўнікам. Скончыла аддзяленне мастацкага перакладу Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). Працавала рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм» (1971-1972). У 1972-1977 гг. - карэспандэнт газеты «Літаратура і мастацтва», у 1983-1988 гг. - літкансультант рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». Сябра СП СССР з 1977 г.

У друку выступае з 1960 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987), «Пад небам першага спаткання» (1990).

Напісала аповесць «Кватарантка» (1980). Выйшла кніжка казак і апавяданняў для дзяцей «Галенчыны «Я», альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў» (1990). Перакладае з расейскай, украінскай і польскай моў.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1988) за кнігу лірыкі «Каханне».

Барадулін Рыгор, нарадзіўся 24.02.1935 г. на хутары Верасоўка Ўшацкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і рабочага.

У 1954 г. скончыў Ушацкую сярэднюю школу, у 1959 г. філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях газеты «Советская Белоруссия», часопісаў «Бярозка», «Беларусь», «Полымя», з 1969 г. у выдаведтве «Беларусь», з 1972 г. рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі ў «Мастацкай літаратуры». У 1984 г. у складзе дэлегацыі Беларускай ССР прымаў удзел у рабоце XXXIX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1989 г. - прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра. Сябра СП СССР з 1958 г.

Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, «Знак Пашаны», медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.

Першыя вершы апублікаваны ў 1953 г. (газета «Чырвоная змена»). Выдаў зборнікі паэзіі «Маладзік над стэпам» (1959), «Рунець, красаваць, налівацца» (1961), «Нагбом» (1963), «Неруш» (1966), «Адам і Ева» (1968), «Лінія перамены дат» (1969), «Вяртанне ў першы снег» (1972), «Рум» (1974), «Свята пчалы: Выбранае» (1975), «Абсяг» (1978), «Вечалле» (1980), «Амплітуда смеласці» (1983), «Маўчанне перуна» (1986), «Самота паломніцтва» (1990), паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1975). Творы гумару і сатыры - у кніжках «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Журавінка» (1973), «Прынамсі» (1977), «Бервенізацыя» (1988), «Мудрэц са ступаю» (1988). Разам з мастаком М.Лісоўскім выдаў альбом сяброўскіх шаржаў і эпіграм «Няўрокам кажучы» (1971), а разам з К.Куксом - «Абразы` без абра`зы» (1985). Выйшлі кніжкі паэзіі для дзяцей «Мех шэрых, мех белых» (1963), «Красавік» (1965), «Экзамен» (1969), «Ай! Не буду! Не хачу!» (1971), «Суровая вымова» (1976), «Што было б тады, калі б?» (1977), «Ці пазяхае бегемот?» (1981), «Азбука не забаўка» (1985), «Індыкала-кудыкала» (1986), «Кобра ў торбе» (1990). У 1984 г. выйшлі выбраныя творы ў 2 тамах.

Напісаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987).

На беларускую мову пераклаў кнігі - Я.Райніс «Ветрык, вей!» (1965), Ф.Г.Лорка «Блакітны звон Гранады» (1975), С.Ясенін «Выбранае» (з А.Куляшовым, 1976), С.Паптонеў «Беларусь - белая балада» (з В.Нікіфаровічам, 1979, 1985), А.Вазнясенскі «Небам адзіным» (1980), І.Драч «Мелодыя каліны» (1981), Г.Містраль «Ветраліст» (1984), К.Шэрман «Дождж у Каралішчавічах» (1984), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), «Беларусь - маё слова і песня (паэты свету пра Беларусь)» (1987), А.Хаям «Рубаі» (1989), М.Шагал «Паэзія» (з Л.Бярынскім, 1989), Б.Пастарнак «Гарэла свечка...» (1990). Паасобныя творы Шэкспіра, Байрана, Кітса, Кіплінга, Рэмбо, Бёрнса і іншых паэтаў свету ўвайшлі ў кнігу перакладчыка «Кахаць - гэта значыць...» (1986). Пераклаў п'есы Лесі Ўкраінкі «Каменны гаспадар» і Мальера «Тарцюф».

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976) за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў «Рум» і кнігу перакладаў выбранай лірыкі Ф.Г.Лоркі «Блакітны звон Гранады».

Баранавых Сымон (таксама Баранаў Сымон), нарадзіўся 01.09.1900 г. у вёсцы Рудкова Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Юнаком парабкаваў у багатых гаспадароў. У 1920-1923 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў у роднай вёсцы ў сельсавеце, загадваў хатай-чытальняй. У 1925-1928 гг. вучыўся ў Менску на рабфаку. У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у Беларускім радыёцэнтры, затым адказным сакратаром часопіса «Беларусь калгасная», у бібліятэцы Дома пісьменніка. У 1936 г. арыштаваны. Асуджаны на 10 год зняволення. Рэабілітаваны ў 1954 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Памёр 10.11.1942 г.

Выступіў у друку спачатку як селькор з карэспандэнцыямі. У 1927 г. апублікаваў першае апавяданне (газета «Чырвоная змена»). Выдадзены зборнік апавяданняў «Злосць» (1930), аповесці «Чужая зямля» (1930), «Межы» (1930), «Новая дарога» (1936), аповесць для дзяцей «Пастка» (1935), раман «Калі ўзыходзіла сонца» (1957), «Дзве аповесці» (1967), «Новая дарога» (апавяданні, аповесці, раман, 1989).

Барашка Ілары, нарадзіўся 25.07.1905 г. у горадзе Менску ў сям'і рабочага.

З 1924 г. - адказны сакратар рэдакцыі часопіса «Полымя». З 1925 г. - рэдактар часопіса «Малады араты», з 1927 г. - намеснік адказнага рэдактара газеты «Чырвоная змена», з 1929 г. - намеснік рэдактара часопіса «Маладняк». Адначасова вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (скончыў у 1930). У 1932-1936 гг. працаваў рэдактарам на студыі Белдзяржкіно ў Ленінградзе. У 1938 г. скончыў Кінаакадэмію і быў прызначаны начальнікам Упраўлення навучальных устаноў Камітэта па справах кінематаграфіі пры СНК СССР. У 1941-1944 гг. - палітработнік у Палітупраўленні Ціхаакіянскага, затым Чарнаморскага ваенна-марскога флоту. Пасля вайны працаваў у Міністэрстве культуры СССР, Міністэрстве культуры РСФСР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com