Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 7
Бабарэка Адам, нарадзіўся 14.10.1899 г. у вёсцы Слабада-Кучынка Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сям'і беззямельнага селяніна.
Скончыў Менскую духоўную семінарыю (1918). Настаўнічаў у школах Случчыны. У час белапольскай акупацыі ўдзельнічаў у падпольнай барацьбе, быў пасаджаны ў астрог (1920). Пасля вызвалення Случчыны працаваў настаўнікам, быў сябрам рэўкома Пукаўскай воласці і загадваў валасным аддзелам народнай асветы. Служыў у Чырвонай Арміі (1921-1922). У 1927 г. скончыў этнолага-лінгвістычнае аддзяленне педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова з вучобай працаваў у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», настаўнічаў. Адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб'яднання «Маладняк» (1923). Пасля ўтварэння «Узвышша» (1926) - сакратар аб'яднання. У 1926-1929 гг. працаваў у Камуністычным універсітэце Беларусі выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, а з 1928 г. - асістэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ. У 1930 г. рэпрэсіраваны. Год знаходзіўся ў менскай турме. З 1931 г. жыў у ссылцы ў гарадскім пасёлку Слабадское (Вятчына), з канца 1934 г. - у Вятцы (цяпер г. Кіраў), працаваў бухгалтарам. У ліпені 1937 г. зноў быў арыштаваны і засуджаны тройкай НКУС на 10 гадоў выпраўленча-працоўнага лагера. За першую справу рэабілітаваны ў 1957 г. Вярхоўным судом БССР, за другую - у 1959 г. Кіраўскім абласным судом.
Памёр 10.10.1938 г. у лагернай бальніцы.
З 1920 г. пачалі з'яўляцца на старонках рэспубліканскага друку вершы, апавяданні. У 1925 г. выдаў кнігу «Апавяданні». Распрацоўваў пытанні літаратуразнаўства і эстэтыкі, даследаваў літаратурны працэс (артыкулы змяшчаліся ў часопісах «Маладняк», «Узвышша», «Чырвоны сейбіт», «Радавая рунь» і інш.). Шэраг прац прысвечаны творчасці Я.Коласа, М.Багдановіча, У.Дубоўкі, М.Чарота, З.Бядулі і іншых беларускіх пісьменнікаў.
Багданаў Юры, нарадзіўся 08.08.1944 г. у горадзе Горкім (цяпер Ніжні Ноўгарад, Расея) у сям'і служачых.
У 1945 г. разам з бацькамі пераехаў у Баранавічы. Скончыў Менскую музычную навучальню (1964). Працаваў выкладчыкам у Баранавіцкай музычнай школе. Пасля заканчэння Літаратурнага інстытута ў Маскве (1974) працаваў у Дзяржаўным камітэце БССР па кінематаграфіі інспектарам, намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення кінафікацыі і кінапракату. Адначасова на працягу пятнаццаці год быў рэдактарам кінабюлетэня «На экранах Беларусі». У 1988-1990 гг. працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1990 г. - вядучы рэдактар у Міністэрстве культуры БССР. Сябра СП СССР з 1989 г.
Узнагароджаны медалём.
У друку выступае з 1964 г. Піша на расейскай мове. Выйшлі кнігі вершаў «Признак счастья» (1974), «Река времени» (1977), «Взлетное поле» (1981), «Берег вселенной» (1988), а таксама паэма «Красная соль» (альманах «Истоки», Масква, 1983).
Перакладае творы беларускіх паэтаў на расейскую мову.
Багдановіч Ірына, нарадзілася 30.04.1956 г. у горадзе Лідзе Гарадзенскай вобласці ў сям'і служачых.
Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1978), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1983). З 1983 г. - навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1989 г.
Друкуецца з 1973 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Чаравікі маленства» (1985), «Фрэскі» (1989). Выступае і як крытык, літаратуразнавец. У 1989 г. выйшла манаграфія «Янка Купала і рамантызм».
Багун Міхась (сапр. Блошкін Міхаіл), нарадзіўся 08.11.1908 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.
У 1928 г. скончыў курсы пры Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме. Настаўнічаў у вёсцы Рожна Лепельскага раёна (1929-1930). З 1931 г. працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына», а ў 1932-1936 гг. - у Дзяржаўным выдавецтве БССР і ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». У 1936 г. рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна Вярхоўным судом БССР 29.12.1954 г.
Памёр 17.02.1938 г. (па сведчанні відавочцаў - у снежні 1937).
Першы верш апублікаваў у 1925 г. у газеце «Беларуская вёска». Выйшлі кнігі паэзіі «Рэха бур» (1931), «Рэвалюцыі» (1932), «Выбранае» (1961). Асобным выданнем выйшла апавяданне для дзяцей «Жэнька» (1934).
Пераклаў на беларускую мову раманы Л.Первамайскага «Ваколіцы» (1931, разам з З.Астапенкам), Ф.Панфёрава «Брускі» (1932, разам з Т.Кляшторным), М.Астроўскага «Як гартавалася сталь» (1936), асобныя творы А.Пушкіна, У.Маякоўскага, Э.Багрыцкага, Я.Гашака, Р.Альберці. На словы М.Багуна напісана шэраг песень.
Багушэвіч Юры, нарадзіўся 05.05.1917 г. у горадзе Воршы ў сям'і чыгуначніка.
У 1941 г. скончыў факультэт мовы і літаратуры Менскага педагагічнага інстытута. Адначасова працаваў у газеце «Сталинская молодежь». У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў дзеючай арміі на Калінінскім і Беларускім франтах, з 1943 г. - ваенны карэспандэнт. З 1945 г. - у вайсковай газеце на Далёкім Усходзе (Карэя, Кітай). Пасля дэмабілізацыі (1949) працаваў у рэдакцыях газет «Піянер Беларусі», «Мінская праўда», «Фізкультурнік Беларусі», быў карэспандэнтам газеты «Советский спорт», літкансультантам СП БССР, галоўным рэдактарам Менскай кінастудыі навукова-папулярных і дакументальных фільмаў. Сябра СП СССР з 1954 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі, у тым ліку медалём КНДР.
Памёр 18.05.1983 г.
Першыя творы апублікаваў у 1938 г. Пісаў пераважна на расейскай мове. Выйшлі аповесці «Побратимы» (1955), «Дерево дружбы» (1959), «Повести и рассказы» (1970), «В городке над Неманом» (1973), «Дырэктар «зялёнай школы» (1975), «Юность пришла» (1977, 1987). Прымаў удзел у напісанні гісторыі заводаў станкабудаўнічага і Менскага аўтамабільнага.
Напісаў некалькі сцэнарыяў кароткаметражных кінафільмаў, у сааўтарстве з В.Зубам - п'есу «Сябры» (1960, пастаўлена ў 1958).
Пераклаў на расейскую мову асобныя творы П.Пестрака, А.Рылько, П.Кавалёва, аповесць Р.Няхая «Сарочы лес», зборнік «Піянеры-героі» (з Б.Бур'янам).
Бадак Алесь, нарадзіўся 28.02.1966 г. у вёсцы Туркі Ляхавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і рабочых.
У 1983 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў у Савецкай Арміі (1984-1986). Зноў вучыўся ва ўніверсітэце, які скончыў у 1990 г. Сябра СП СССР з 1990 г.
З першымі вершамі выступіў у друку ў 1979 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборніка паэзіі «Будзень» (1989).
Выступае ў перыядычным друку з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі.
Бажко Алесь, нарадзіўся 22.10.1918 г. у вёсцы Даўгінава Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў музычным інстытуце імя С.Манюшкі ў Наваградку (1936-1938), у Варшаўскай кансерваторыі (1938-1939). Працаваў дырэктарам мірскага РДК (1940). У гэтым жа годзе прызваны ў Савецкую Армію. Пасля ранення пад Ельняй (1942) працаваў на абаронным будаўніцтве. Удзельнічаў у стварэнні першых адзінак Войска Польскага на тэрыторыі СССР у якасці генеральнага інструктара прапаганды Валагодскага акружнога ўпраўлення Саюза польскіх патрыётаў. З чэрвеня 1945 г. - інструктар Баранавіцкага абкома камсамола, першы сакратар Дзятлаўскага райкома камсамола. Са снежня 1945 г. - на журналісцкай рабоце: літсупрацоўнік баранавіцкай абласной газеты «Чырвоная змена», на абласным радыё, у рэдакцыях рэспубліканскіх газет «Савецкі селянін», «Чырвоная змена», у маладэчанскай абласной газеце «Сталінскі шлях». У 1955 г. завочна скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. З 1956 г. - карэспандэнт, загадчык аддзела пісем газеты «Літаратура і мастацтва». З 1959 г. - намеснік рэдактара газеты «Голас Радзімы», з 1962 г. - загадчык рэдакцыі мастацкай літаратуры выдавецтва «Беларусь», з 1970 г. - намеснік галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». У 1973-1977 гг. працаваў дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы, у 1977-1978 гг. - галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі і намеснік начальніка Ўпраўлення па справах мастацтваў Міністэрства культуры БССР. Сябра СП СССР з 1957 г.