Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 19

Изменить размер шрифта:

Узнагароджана медалём.

Літаратурнай працай займаецца з 1953 г. Пісала нарысы, артыкулы. У 1959 г. апублікавала першае апавяданне. Аўтар аповесцей для дзяцей і юнацтва «Маланка ўначы» (1963), «Малюнак на снезе» (1969), «Я еду на вярблюдзе» (1970), «Бывай, Грушаўка» (1979), «Юныя назаўсёды» (1983), «Крылы, або Адзін год з жыцця Віталя Пятроўскага» (1987). У 1986 г. выйшла «Выбранае».

Васілеўскі Іосіф, нарадзіўся 08.12.1911 г. у горадзе Данецку (Украіна) у сям'і рабочага.

У 1922 г. з бацькамі пераехаў у Беларусь. Скончыў Аршанскія педагагічныя курсы (1928-1930). Пасля заканчэння тэатральна-драматургічных курсаў у Менску (1931) быў акцёрам БДТ-2 у Віцебску, літработнікам газеты «Ленінскі прызыў» у Воршы. У 1933 г. прызваны ў Чырвоную Армію. У 1937-1952 гг. працаваў акцёрам у тэатрах Смаленска, Жытоміра, Днепрадзяржынска, Усць-Каменагорска, Разані, Іжэўска, Калугі. З 1967 г. жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1957 г.

Узнагароджаны медалямі.

Першыя вершы былі надрукаваны на беларускай мове ў 1931 г. (часопіс «Маладняк»). З 1935 г. піша на расейскай мове. У Смаленску выйшлі кнігі паэзіі «В добрый час» (1954), «Родное раздолье» (1956), «Новь» (1959), «Авось да небось» (1960), «Лирика» (1961), «Трудный экзамен» (паэма, 1962), «Нас попробуй обгони» (1963). У Маскве выйшлі нарыс «Оружием сатиры» (1959), «От зорьки до зорьки» (1960), зборнікі вершаў «День за днем» (1963), «Свершение» (1966), «Чибис» (1973), «Зимнее солнце» (1979), «Призадумалась река» (1982). У Менску выдаў зборнік паэзіі «Пальмы и сосны» (1969), «Мой спутник солнце» (выбраныя вершы, 1971), «Продолжение» (1981), «Река времени» (1989), кнігі для дзяцей «Птичья тревога» (1968), «Диковины» (1972), «Веселый поезд» (1977), «Безымянные острова» (1984), «Снежные лебеди» (1987).

Працуе як перакладчык з беларускай на расейскую мову. У яго перакладзе асобнымі выданнямі выйшлі зборнік песень «Хоры а капелла» (1968), зборнік вершаў М.Хведаровіча «Кленовый сок» (1972), казка А.Якімовіча «Коваль-Вернидуб» (1974), «Извечной песни голоса: Белорусская лирика» (1980).

Васілеўскі Пятро, нарадзіўся 15.05.1922 г. у вёсцы Сямёнаўка Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Журавіцкай дзесяцігодкі (1940) быў прызваны ў Савецкую Армію. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у баях на Карэльскім фронце. З 1942 г. - карэспандэнт армейскай газеты «Сталинский боец». Быў двойчы паранены. У 1944 г, дэмабілізаваны, з 1945 г. працаваў у рэдакцыі газеты «Сталинская молодежь», у 1946 г. накіраваны ў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. У 1947 г. паступіў у школу-студыю МХАТа і ў той жа год перайшоў на рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага інстытута кінематаграфіі (скончыў у 1953). У 1953-1988 г. працаваў рэжысёрам на кінастудыі «Беларусьфільм». Сябра СП СССР з 1954 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і медалямі.

Піша на беларускай і расейскай мовах. Першыя апавяданні апублікаваў у 1942 г. у вайсковых газетах. У 1956 г. выйшла першая кніга - аповесць «Новый день». Выйшлі кнігі «Первопуток» (1958), «Красота человеческая» (1980), «Вечные молодожены» (1987).

Працуе пераважна ў галіне драматургіі. Аўтар п'ес «Год дзевяцьсот семнаццаты» («Год здзяйсненняў», апубліквана і пастаўлена ў 1957), «Чалавек вярнуўся» (1961, пастаўлена ў 1959), «Любоў, Надзея, Вера...» (1962, пастаўлена ў 1960), «Странный дом» (апублікавана і пастаўлена ў 1962), «Твой заўтрашні дзень» (пастаўлена ў 1967). У 1968 г. выйшаў зборнік п'ес «Твой заўтрашні дзень», у 1984 г. - «Образ жизни».

Як рэжысёр, сцэнарыст прымаў удзел у стварэнні мастацкіх і дакументальных кінафільмаў «Беларускі канцэрт», «Дзеці партызана», «Строгая жанчына», «Апавяданні аб юнацтве», «Палеская легенда», «Рагаты бастыён», «Выкрыццё», «Беларусь сёння», «Крокі ў заўтра», тэлефільма аб жыцці і творчасці Якуба Коласа «Жывіце даўжэй, хлопцы» і інш.

Васілёк Міхась (сапр. Касцевіч Міхаіл), нарадзіўся 14.11.1905 г. у вёсцы Баброўня Гарадзенскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і лесніка.

Сярэднюю адкукацыю атрымаў у 1921 г. у Казлове (Мічурынску), дзе разам з бацькамі быў у бежанстве. У 1922 г. вярнуўся на Гарадзеншчыну. Уступіў у Беларускую сялянска-рабочую грамаду. Арганізоўваў гурткі Таварыства беларускай школы. За ўдзел у рэвалюцыйным руху польскія ўлады неаднаразова арыштоўвалі і саджалі ў турму. У 1939 г. быў мабілізаваны ў польскае войска, у час баёў трапіў у нямецкі палон. У жніўні 1941 г. уцёк з палону, дабраўся да родных мясцін і ўключыўся ў падпольную барацьбу. Кіраваў Скідальскім падпольным антыфашысцкім камітэтам, пад псеўданімам Язэп Гром выступаў у партызанскім друку. Пасля вызвалення працаваў у скідальскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» (1944-1946), а пазней - у абласной газеце «Гродзенская праўда». Сябра СП СССР з 1945 г.

Памёр 03.09.1960 г.

У друку пачаў выступаць у 1926 г. у віленскіх выданнях. Першы зборнік лірыкі «Шум баравы» (Вільня, 1929) быў канфіскаваны паліцыяй. Рукапіс другога зборніка быў забраны дэфензівай і знішчаны (1934). У 1937 г. у Вільні выйшаў зборнік «З сялянскіх ніў». У савецкі час выдадзены кнігі паэзіі «Выбраныя вершы» (1950), «Выбраныя творы» (1955), «Зоры над Нёманам» (1963), «Вершы» (1973).

Васілёнак Яўген, нарадзіўся 26.12.1917 г. у горадзе Воршы ў сям'і чыгуначніка.

Сярэднюю адукацыю атрымаў у Аршанскай чыгуначнай школе. У 1934-1935 гг. вучыўся ў Магілеўскім педагагічным інстытуце на літаратурным факультэце. Працаваў у шклоўскай раённай газеце «Прамень камунізма», у рэдакцыях раённых і гарадскіх газет Барысава, Багушэўска, Воршы. У 1939 г. накіраваны на журналісцкую працу на Далёкі Ўсход (працаваў у Хабараўску, Усурыйску, Уладзівастоку). У 1943-1945 гг. - у радах Савецкай Арміі, служыў у рэдакцыі дывізійнай газеты «Боец-патриот», у 1945-1948 гг. - карэспандэнт маскоўскай газеты «Гудок» у Алма-Аце. З 1948 г. жыў у Менску - быў рэдактарам БелТА, карэспандэнтам газеты «Труд» па Беларускай ССР, загадчыкам аддзела публіцыстыкі часопіса «Маладосць». У 1958-1966 гг. - галоўны рэдактар часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1953 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 23.09.1973 г.

У друку спачатку апублікаваў вершы (1936), потым прозу (1939). Выйшлі зборнікі аповесцей і апавяданняў «Зялёныя агні» (1954), «Прызванне» (апавяданні і нарысы, 1956), «Выпадковы прыпынак» (1957), «Розныя дарогі» (1957), «Таццяна Ларына» (1964), «Вячэрняя размова» (1968), «Сімфонія са спагнаннем» (1969), «Забыты вензель» (1970), «На перагоне» (1973) і драма «Каралеўскі гамбіт» (1959). У 1977 г. выдадзены Выбраныя творы ў 2 тамах.

Пераклаў на беларускую мову аповесць І.Пятрова «Нончына каханне» (1961), кнігу Л.Касіля «Пра жыццё зусім добрае» (1961), раманы С.Улуг-задэ «Абноўленая зямля» (1973) і А.Ірасека «Скалакі» (з М.Татурам, 1961), а таксама творы іншых пісьменнікаў.

Васюкова Галіна, нарадзілася 21.03.1927 г. у горадзе Барысаве Менскай вобласці ў сям'і рабочага.

У 1944 г. была вывезена фашысцкімі акупантамі ў Германію, працавала там на фабрыцы ў мястэчку Альбендорф. У сакавіку 1945 г. ёй удалося ўцячы ў Чэхаславакію, дзе каля горада Ўпіцэ ўступіла ў атрад Супраціўлення. Вучылася ў Берасцейскай музычнай навучальні (1949-1951 гг.), у 1967 г. скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1964 г.

Выступае ў друку з 1956 г. Піша на расейскай мове. Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей для дзяцей «Про Наташу» (1957), «Старший брат» (1959), «Андрюшины знакомые» (1964), «Разные истории» (1966), «Куклоград» (вершы, Калінінград, 1970), «С Маринкой не играю» (Калінінград, 1971), аповесцей «Ветер с полей» (1961, часопіс «Неман»), «Золотые росы» (1962), «Тревожные дни» (1983).

Ватацы Ніна, нарадзілася 14.05.1908 г. у горадзе Вендэні (цяпер горад Цэсіс, Латвія) у сям'і служачых.

Скончыла літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1930). У 1930-1936 гг. і ў 1945-1990 гг. працавала ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР на пасадах ад памочніка бібліятэкара да галоўнага бібліёграфа. З канца 1936 г. да 1941 г. была на бібліятэчнай рабоце ў Архангельску, ва Ўльянаўску, мастаком - у Кіраве. У 1942-1945 гг. - начальнік бібліятэкі эвакуацыйнага шпіталя (г. Мелекес Ульянаўскай вобласці). у 1946-1956 гг. выкладала па сумяшчальніцтве бібліяграфію на бібліятэчным факультэце Менскага педагагічнага інстытута. Сябра СП СССР з 1979 г.

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com