Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 16

Изменить размер шрифта:

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1964) за аповесць «Трэцяя ракета», Дзяржаўнай прэміі СССР (1974) за аповесці «Абеліск» і «Дажыць да світання», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1978) за аповесці «Воўчая зграя» і «Яго батальён», Ленінскай прэміі (1986) за аповесць «Знак бяды».

Бэндэ Лукаш, нарадзіўся 01.11.1903 г. у вёсцы Шчакоцк Іванаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі (1926). Спачатку працаваў у Віцебскім ветэрынарным інстытуце, потым - у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, адначасова ў часопісе «Напагатове» і Дзяржаўным выдавецтве ў Ленінградзе і ў Ленінградскім тэатральным інстытуце, з 1935 г. - у Інстытуце расейскай літаратуры (Пушкінскі Дом), загадваў кафедрай расейскай літаратуры Ленінградскага абласнога настаўніцкага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у войсках НКУС (Ленінград). З 1946 г. - выкладчык у педагагічных і настаўніцкіх інстытутах Даўгаўпілса, Ленінграда, Выбарга, Жытоміра, рэдактар Ленінградскага аддзялення Дзяржаўнага літаратурнага выдавецтва. Сябра СП СССР з 1934 г.

Памёр 23.12.1961 г.

Друкавацца пачаў у 1925 г. Выступаў у галіне крытыкі і літаратуразнаўства. Аўтар кніг «Янка Купала: Крытычны нарыс» (1932), «Андрэй Александровіч» (1932), а таксама шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій у перыядычным друку. У 30-я гады склаў шэраг чытанак, хрэстаматый па беларускай літаратуры для школ.

Бяганская Ядвіга, нарадзілася 29.02.1908 г. у горадзе Ўлан-Удэ (Бурація) у сям'і чыгуначніка.

У 1922 г. з бацькамі вярнулася ў Беларусь. У 1924 г. аселі на жыхарства ў Менску. Скончыла літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Дзяржаўнага ўніверсітэта (1930). Працавала выкладчыцай расейскай і беларускай мовы і літаратуры ў школах Менска. У лістападзе 1937 г. была арыштавана, асуджана на 10 год зняволення, адбывала тэрмін у калымскіх лагерах, дзе працавала на цяжкіх работах да дня свайго вызвалення. У ліс-тападзе 1947 г. ёй было дазволена жыць на Гомельшчыне. Толькі пасля рэабілітацыі (1954) атрымала магчымасць вярнуцца ў Менск. У 1956-1964 гг. працавала старшым рэдактарам перадач для дзяцей і юнацтва на Беларускім радыё. Сябра СП СССР з 1957 г.

Узнагароджана медалямі.

Памерла 03.04.1992 г.

У друку дэбютавала вершамі ў 1926 г. (часопіс «Малады араты»). Напісала для дзяцей кнігі аповесцей, апавяданняў «Далеко на Севере» (Магадан, 1954), «Жэнеў галубок» (1958), «Сустрэча з морам» (1962), «Зосіна зорачка» (1965), «Кожны марыць стаць Калумбам» (1968), «Над ракой Шушай» (1977), «Нечаканая сустрэча» (1980), «Сланечнікі» (1980) «Ля самага сіняга мора» (1982), «Сонцу і ветру насустрач» (1988).

Працавала ў галіне перакладу з польскай і славацкай моў на беларускую. З польскай пераклала аповесці Б.Ясенскага «Палю Парыж» (1932), Я.Корчака «Кароль Мацюсь Першы» (1970), Г.Бахляровай «Дом пад каштанамі» (1972), А.Богдая «Прыгоды маленькага Пінгвіна Пік-Пока» (1973), Э.Ажэшкі «Хам» (1975), Г.Паўшар-Кляноўскай «Нявыдуманыя гісторыі» (1976) і інш. Са славацкай - раманы М.Крно «Я вярнуся жывы» (1960), У.Мінача «Жывыя і мёртвыя» (1961), К.Ярунковай «Брат маўклівага ваўка» (1976), Я.Грушоўскага «Яношак» (1980) і інш.

Бядуля Змітрок (сапр. Плаўнік Самуіл), нарадзіўся 23.04.1886 г. у вёсцы Пасадзец Лагойскага раёна Менскай вобласці ў сям'і арандатара.

Вучыўся ў пачатковай жыдоўскай школе - хедары, у школе рабінаў - ешыбоце. Працаваў хатнім настаўнікам, а з 1902 г. канторшчыкам на лесараспрацоўках. У 1912 г. быў запрошаны ў Вільню на сталую працу ў беларускія культурныя арганізацыі. Разам з Янкам Купалам працаваў у газеце «Наша ніва». Летам 1915 г. з Вільні вярнуўся ў родны Пасадзец, а неўзабаве пераехаў у Менск, дзе працаваў у беларускім бежанскім камітэце. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі некалькі год працаваў у газеце «Савецкая Беларусь», быў рэдактарам дзіцячага часопіса «Зоркі» і краязнаўчага «Наш край». Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», пасля - ва «Узвышша». На пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся з Беларусі. Сябра СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Памёр 03.11.1941 г. каля Ўральска.

Першы надрукаваны твор - абразок на беларускай мове «Пяюць начлежнікі» (газета «Наша ніва», 1910). У 1911-1912 гг. друкаваў вершы на расейскай мове ў часопісах «На берегах Невы» (Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня). У 1913 г. апублікаваў зборнік лірычных імпрэсій «Абразкі» (Пецярбург). У паслярэвалюцыйны час выйшлі кнігі паэзіі «Пад родным небам» (1922), «Буралом» (1925), «Паэмы» (1927), зборнікі апавяданняў «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), «Выбраныя апавяданні» (1926), «Танзілія» (1927), «Дэлегатка» (1928), «Тры пальцы» (1930), «Незвычайныя гісторыі» (1931), «Па пройдзеных сцежках» (1940), аповесці «Салавей» (1928, экранізавана і пастаўлена ў 1937, аднайменны балет у 1939), «Набліжэнне» (1935), «У дрымучых лясах» (1939, часопіс «Полымя»), двухтомны раман «Язэп Крушынскі» (1929-1932), «Выбраныя творы» (1934). Шмат зборнікаў выбраных твораў выйшлі ў пасляваенныя гады. Для дзяцей выдадзены кнігі «Качачка-цацачка» (1927, казка), «Вясной» (1928, вершы), «Гаспадарка» (1930, вершы), «Мурашка-Палашка» (1939, вершаваная казка), «Люцік» (1940, верш), «Хлопчык з-пад Гродна» (1940, паэма), «Апавяданні» (1947), «Мае забавы» (1949, вершы), «Сярэбраная табакерка» (1958, казка і апавяданні), «Дзень добры!» (1979, вершы, казкі, апавяданні), асобныя вершы, казкі. У 1951-1953 гг. выйшаў Збор твораў у 4-х, у 1985-1989 гг. - у 5 тамах.

Выдаў даследаванне «Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных казках і песнях» (1924), кнігу нарысаў «Дзесяць» (1930).

Пераклаў з жыдоўскай на беларускую мову аповесць Шолама-Алейхема «Хлопчык Мотка» (1930), раман С.Годынэра «Чалавек з вінтоўкай» (1933), кнігу С.Каган «Апавяданні» (1940), паасобныя вершы Т.Шаўчэнкі, Ю.Будзяка.

Бялевіч Антон, нарадзіўся 27.05.1914 г. у вёсцы Дуброўка Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Магілеўскім палітасветным інстытуце (1933-1935). Працаваў загадчыкам аддзела пухавіцкай раённай газеты «За калгасы», нарысістам у газеце «Чырвоная змена», у 1939-1945 гг. - у газеце «Звязда». У час Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічаў у беларускім перыядычным друку, удзельнічаў у партызанскім руху на Віцебшчыне, закідваўся ў тыл ворага. У 1945-1947 гг. - загадчык аддзела паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва», у 1947-1950 гг. - нарысіст газеты «Савецкі селянін». Сябра СП СССР з 1943 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 11.04.1978 г.

Першы верш апублікаваны ў 1938 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). У 1945 г. у Маскве выйшаў першы зборнік паэзіі «Человек из дубравы» ў перакладзе на расейскую мову, у Менску - вершаваная казка «Мароз-партызан». Аўтар кніжак паэзіі «На бацькоўскіх сцежках» (1946), «Свята» (1947), «Чалавек-сонца» (1947), «Паэмы» (1948), «Светач» (1950), «Дарогай шчасця» (1952), «Жывая рака» (1955), «Хлеб і нахлебнікі» (1957), «За салаўінымі гаямі» (1959), «Вясёлка над полем» (1961), «Залатыя ключы» (1963), «Высокі поўдзень» (1964), «Рэха навальніц» (1965), «Партрэт бацькаўшчыны» (1967), «Вінтоўка і плуг» (1968), «Любоў мая» (1971), «Гарынь» (1972), «А ў бары, бары» (1974), «З Дуброўкі краіна відна» (1974), «Сонцам заручоныя» (1975), «Сонечны гадзіннік» (1978), «Сосны ў жыце» (1980), «Мой шчодры бор» (1985). Выдаў зборнік вершаваных фельетонаў «Маштабны Міканор» (1963). Напісаў для дзяцей кніжкі паэзіі «Ідзі, мой сын» (1953), «Тарасікава дарожка» (1962), «Дабрадзейны асілак» (1973), «Партызанскі рыбачок», (1976), аповесць «Малюнкі маленства» (1977).

Аўтар дакументальнай аповесці «Мінай Шмыроў» (1970), кніг нарысаў «Майстры сацыялістычнага земляробства» (1939), «Сонечным шляхам» (1950), «Добрыя людзі» (1957), «Людзі робяць вясну» (1959), «З добрай доляй заручоныя» (1960), «Хатынь: боль і гнеў» (1971), «Споведзь сэрца» (1978), кнігі літаратурных партрэтаў «Чарадзеі» (1970). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1968-1969).

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com