Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 129

Изменить размер шрифта:

У 1955 г. скончыў Беластоцкі электратэхнікум. Працаваў брыгадзірам электраманцёраў на баваўняным камбінаце пад Беластокам. З 03.02.1956 г. працаваў у новастворанай рэдакцыі газеты «Ніва» - перакладчыкам, потым журналістам. У 1960 г. скончыў завочнае аддзяленне беларускай філалогіі Настаўніцкага інстытута ў Беластоку. У 1959-1962 гг. загадваў арганізацыйным аддзелам Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Пасля звальнення ў 1970 г. з работы ў «Ніве» па палітычных матывах (за так званы беларускі нацыяналізм) застаўся беспрацоўным. Нейкі час рабіў грузчыкам, тэхнікам бяспекі працы. У 1973 г. скончыў завочны факультэт польскай і славянскай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. У другой палове 70-х гг. - паўштатны інструктар-метадыст Беластоцкага гарадскога Дома культуры, у першай палове 80-х гг. - тэхнічны рэдактар «Нівы». Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1970 г. З'яўляўся старшынёй Клуба Саюза польскіх пісьменнікаў у Беластоку (1976-1981). Старшыня Беларускага Дэмакратычнага аб'яднання - першай беларускай палітычнай партыі ў пасляваеннай Польшчы (утворана на пачатку 1990 г.).

Узнагароджаны Сярэбраным Крыжам заслугі.

Першае апавяданне апублікавана ў 1956 г. («Ніва», Беласток). Піша на беларускай і польскай мовах. Аўтар зборніка апавяданняў і мініяцюр «Загоны» (Беласток, 1969), «Не пашанцавала» (Беласток, 1978). Наступныя кнігі выйшлі ў перакладзе на польскую мову: «Вялікі горад Беласток» (Варшава, 1973), «Забыцці» («Вроцлаў, 1978), «Сцяна» (Ольштын, 1979), «Самасей» (Варшава, 1981), «Малыя дні» (Варшава, 1981), «Трэцяя пара» (Варшава - Беласток, 1983), «Сярэбраны яздок» (Варшава, 1984), «Беларусь, Беларусь» (Варшава, 1987). У Менску выйшла кніга прозы «Сярэбраны яздок» (1978), у Лондане - білінгуальнае выданне (па беларуску і па-ангельску), «Мініяцюры» (1984). Пераклаў на польскую мову «Вітражы» Я.Брыля (Варшава, 1979), п'есу Я.Шабана «Шрамы» (для Драматычнага тэатра імя Я.Вянгеркі ў Беластоку).

Янчанка Мікола, нарадзіўся 22.06.1931 г. у вёсцы Забалацце Магілеўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і каваля.

Скончыў гістарычны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1956). Настаўнічаў у Брожскай сярэдняй школе на Бабруйшчыне (1956-1961), у Дварэцкай сярэдняй школе (1965-1966), быў выхавацелем у Гарадзецкай школе-інтэрнаце (1961) Рагачоўскага раёна. Працаваў у раённых газетах у Рагачове, Жлобіне, Калінкавічах, Карме. З 1972 г. - адказны сакратар рагачоўскай раённай газеты «Камунар». Сябра СП СССР з 1979 г.

Дэбютаваў у друку вершам у 1958 г. (бабруйская раённая газета «Камуніст»). Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар зборнікаў паэзіі «Разнотравье» (1971), «Кросны» (1980), «Жыцейка-жыта» (1990), кніжак апавяданняў для дзяцей «З людзьмі добра» (1973) і «Зраблю сонейка» (1978), «Жменька жалудоў» (1989), кніжкі-маляванкі «Лета ў серванце» (1981) і зборніка вершаў «Залаты вулей» (1986). На беларускую мову пераклаў кнігу вершаў Д.Кавалёва «Вечназялёная Ветка» (1990).

Ярац Віктар, нарадзіўся 23.10.1948 г. у пасёлку Красны Мост Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1966 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, У 1968 г. перавёўся ў Гомельскі педагагічны інстытут, на базе якога ў 1969 г. быў адкрыты ўніверсітэт (скончыў у 1970). Быў некалькі месяцаў загадчыкам сельгасаддзела рагачоўскай раённай газеты «Камунар». У 1970-1971 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў на Гомельскай студыі тэлебачання. У 1975 г. скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры Гомельскага ўніверсітэта. Працуе выкладчыкам гэтага ўніверсітэта, з 1978 г. - дацэнт. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1980 г.

Першыя вершы апублікаваў у газеце «Піянер Беларусі» ў школьныя гады. Актыўна пачаў выступаць у друку з 1966 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Уваходзіны» (1976), «Добрыца» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1989).

Выступае ў перыядычным друку па праблемах развіцця сучаснай беларускай паэзіі. Напісаў вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў-філолагаў «Беларускія паэты - лаўрэаты Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій СССР» (Гомель, 1983).

Перакладае творы балгарскіх, летувіскіх, расейскіх, украінскіх паэтаў на беларускую мову.

Ярашэвіч Эдуард, нарадзіўся 28.08.1937 г. у горадзе Бабруйску ў сям'і служачага.

У 1954 г. скончыў Смілавіцкую сярэднюю школу Менскай вобласці. З-за цяжкай хваробы не змог вучыцца далей. Сябра СП СССР з 1970 г.

Памёр 06.10.1986 г.

У 1956 г. у рэспубліканскім друку было змешчана першае апавяданне (газета «Чырвоная змена»). Выйшлі зборнікі апавяданняў і аповесцей «Прызнанне» (1969), «Дзень далёкі і блізкі» (1973), «Практыка ў Вербічах» (1975), «Белыя Лугі» (1978), «Пражыць дзень» (1983), «Чакаю цябе, раніца» (1987), а таксама зборнік гумарыстычных апавяданняў «Вішанькі Восіпа Міхеевіча» (1969).

Яромушкін Мікалай, нарадзіўся 17.12.1904 г. у горадзе Арэхава-Зуеве Маскоўскай вобласці (Расея) у рабочай сям'і.

Скончыў два курсы літаратурнага аддзялення 1-га Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1929). У 1929-1930 гг. жыў у Ленінградзе, працаваў літкансультантам часопіса «Резец». Вярнуўшыся ў Арэхава-Зуева, працаваў у раённай газеце, у Палацы культуры. З 1932 г. жыў у Маскве, працаваў загадчыкам літаддзела часопіса «Рост», рэдактарам выдавецтва ЦДРАМ, намеснікам адказнага рэдактара часопіса «Мурзилка». У 1941-1942 гг. - намеснік загадчыка аддзела агітацыі і прапаганды Арэхава-Зуеўскага райкама партыі. Вучыўся ў Вышэйшай ваеннай педагагічнай навучальні ў Ташкенце (1942-1943). З 1943 г. - адказны сакратар дывізійнай, затым карпусной газет. У 1946-1949 гг. - рэдактар газеты «За торф» (Арэхава-Зуева). У 1950-1964 гг. - літсупрацоўнік газеты Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины». Кіраваў літаб'яднаннем вайсковых пісьменнікаў. Сябра СП СССР з 1960 г.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Памёр 10.06.1983 г.

Друкаваўся з 1925 г. (часопіс «Красная нива»). Пісаў на расейскай мове. У Маскве і Ленінградзе выдадзены яго кнігі прозы «Гитара» (1927), «Гостья» (1929), «Молодой человек» (1930). У 1938 г. некалькі нарысаў увайшлі ў кнігу «Волшевцы» (Масква). У часопісе «Неман» надрукаваны аповесці «Государева награда» (1968), «Конец двора его величества» (1969).

Пераклаў на расейскую мову асобныя апавяданні Ў.Краўчанкі, І.Пташнікава, А.Карпюка і інш.

Ярош Міхась, нарадзіўся 10.01.1929 г. у вёсцы Межная Слабада Клецкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1948). Вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1953-1956). У 1956-1987 гг. - навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1968 г.

Памёр 10.07.1987 г.

Друкавацца пачаў у 1955 г. Выступаў як крытык і літаратуразнавец. Аўтар кніг «Драматургія Янкі Купалы» (1959), «Міхась Чарот: Нарыс жыцця і творчасці» (1963), «Янка Купала і беларуская паэзія» (1971), «Беларуская савецкая лірыка» (з В.Бечыкам, 1979), «Пятрусь Броўка» (1981), «Пясняр роднай зямлі: Жыццё і творчасць Янкі Купалы» (1982), «Янка Купала і Якуб Колас: Параўнальны аналіз жыцця і творчасці» (1988), брашур «Міхась Чарот» (1966), «Пятрусь Броўка» (1975), «Янка Купала і современность» (1981), «В памяти народной» (1982). З'яўляецца адным з аўтараў двухтомнай «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964-1966), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), «Истории советской многонациональной литературы» (Масква, 1972), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» и «Истории белорусской советской литературы» (1977).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» и «История белорусской советской литературы».

Яскевіч Алесь, нарадзіўся 12.06.1934 г. у вёсцы Ўшакі Чэрыкаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1953). Працаваў у газеце «На страже Октября» (Менск). У 1961-1964 гг. займаўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1964 г. - навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Доктар філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1966 г.

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com