Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 128

Изменить размер шрифта:

Якімовіч Аляксей, нарадзіўся 15.10.1949 г. у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1972 г. скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам на Слонімшчыне - у Кастровіцкай васьмігадовай школе, Жыровіцкай сярэдняй школе, арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы ў Жыровіцкай сярэдняй школе, дырэктарам Дзеравянчыцкай васьмігадовай школы. З 1982 г. - выхавацель групы падоўжанага дня, з 1983 г. - настаўнік Касцянёўскай няпоўнай сярэдняй школы. Сябра СП СССР з 1990 г.

Упершыню выступіў у друку ў 1967 г. Аўтар кніжак апавяданняў для дзяцей «Гордзіеў вузел, альбо Нявыдуманыя гісторыі з жыцця Алеся Пятрашкі (1987), «Эльдарада просіць дапамогі» (1989).

Якубовіч Леанід, нарадзіўся 21.03.1948 г. у вёсцы Радкава Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Працаваў паштальёнам, аператарам у аддзяленні сувязі вёскі Чапялі, пасля заканчэння Любанскай завочнай сярэдняй школы (1965) - машыністам на другім Салігорскім калійным камбінаце. У 1967 г. залічаны ў штат рэдакцыі салігорскай раённай газеты «Шахцёр». Завочна вучыўся на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1969-1970 гг. працаваў у шахце. Трагічна загінуў у шахце 08.06.1970 г. Першы верш надрукаваў у 1965 г. (газета «Чырвоная змена»). Вершы ўключаліся ў калектыўныя зборнікі «Рунь» (1970), «Універсітэт паэтычны (1971). У 1979 г. выйшаў зборнік вершаў «Я з вамі, вёсны...».

Якутаў Уладзімір, нарадзіўся 05.11.1926 г. у вёсцы Ранькава Ўшацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1942-1944 гг. - у партызанскім атрадзе брыгады «Неуловимые». З 1944 г. - у дзеючай арміі. У 1945 г. быў паранены і дэмабілізаваны. У 1945-1946 гг. працаваў сакратаром Булаўскага сельсавета Полацкага раёна. У 1946-1961 гг. у Летуве - сакратар Швенгіонеляйскага валаснога камітэта камсамола, інструктар, загадчык парткабінета райкама партыі. Скончыў юрыдычны факультэт Віленскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1954). З 1961 г. працаваў у Менску адказным сакратаром таварыства «Веды» Ленінскага раёна, намеснікам дырэктара па культрабоце тэхнічнай навучальні № 53, навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі пры ЦК КПБ. З 1973 г. - навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР. З сакавіка 1990 г. - прэзідэнт культурна-творчай фірмы «Русь Белая». Кандыдат гістарычных навук. Сябра СП СССР з 1984 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі і медалямі.

Літаратурнай працай займаецца з 1962 г. Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар кніг «А.Г.Червяков: Страницы биографии» (1978), «Н.М.Голодед: Страницы биографии» (1981), дакументальных аповесцей «Віхурны досвітак» (1983), «Всегда с Лениным» (нарысы, 1983), «Александр «Червяков» (1986), «Вровень с веком» (1989), «Приговор века» (1990).

Ялугін Эрнест, нарадзіўся 19.11.1936 г. на станцыі Асінаўка Аршанскага (цяпер у складзе Дубровенскага) раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.

Дзіцячыя гады прайшлі на радзіме бацькоў - у Крычаве. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1954) стаў літсупрацоўнікам пры крычаўскай раённай газеце «Шлях сацыялізма», з 1955 г. - літсупрацоўнік гэтай газеты. Працаваў у мсціслаўскай раённай газеце «Калгасная праўда» (1957-1960), у шматтыражцы «За коммунистический труд» (Салігорск). Скончыў завочна аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1962). З 1961 г. - літсупрацоўнік, загадчык аддзела, адказны сакратар газеты «Знамя юности», з 1966 г. - раз'язны карэспандэнт «Сельской газеты», у 1969-1972 гг. - карэспандэнт газеты «Літаратура і мастацтва». З 1976 г. - супрацоўнік часопіса «Неман», у 1978-1984 гг. - намеснік галоўнага рэдактара. З 1990 г. - рэдактар газеты «Наша слова». Сябра СП СССР з 1972 г.

Першы нарыс надрукаваў у 1955 г. (газета «Советская Белоруссия»), першае апавяданне ў 1966 г. (газета «Знамя юности»). Піша на расейскай і беларускай мовах. Выйшлі аповесці «Камни Млечного Пути» (1969), «Мстиславцев посох» (1971), «Сіндбад вяртаецца» (1988), «Последний князь» (асобным выданнем у кнізе «Острова. Последний князь», 1986), «Без эпітафіі» (1989), «Только камни» (аповесць і эсэ, 1989), кніга нарысаў «Соленая планета» (1973), раманы «Острова» (1975), «Год-другой в Алжире» (часопіс «Неман», 1986). Аўтар сцэнарыяў дакументальных тэлефільмаў «Мсціслаў: звенні часу» (1984), «Без эпітафіі» (1990).

Янішчыц Яўгенія, нарадзілася 20.11.1948 г. у вёсцы Рудка Пінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Працавала загадчыцай бібліятэкі ў ЦК ЛКСМБ (1971). З 1976 г. - літкансультант «Сельской газеты», у 1983-1988 гг. загадвала аддзелам паэзіі часопіса «Маладосць». У 1981 г. як сябра дэлегацыі БССР удзельнічала ў рабоце XXXVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра СП СССР з 1971 г.

Памерла 25.11.1988.

Выступіла з вершамі ў рэспубліканскім друку ў 1964 г. (часопіс «Бярозка»). Аўтар зборнікаў вершаў «Снежныя грамніцы» (1970), «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987), кнігі вершаў і паэм «У шуме жытняга святла» (1988).

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978) за кнігу лірыкі «Дзень вечаровы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1986) за кнігу лірыкі «Пара любові і жалю».

Янкоўскі Фёдар, нарадзіўся 21.09.1918 г. у вёсцы Клетнае Глускага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1936 г. скончыў Рагачоўскі педагагічны тэхнікум. Працаваў настаўнікам Буцавіцкай школы Менскага раёна. Скончыў завочна Менскі настаўніцкі інстытут у 1939 г. Удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне 1939-1940 гг., быў паранены. У час Вялікай Айчыннай вайны - разведчык, начальнік разведкі атрада «Грозны» на Меншчыне. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў два гады (1944-1946) працаваў адказным сакратаром рэдакцыі глускай раённай газеты «Сацыялістычная вёска» і настаўнічаў у Глускай сярэдняй школе. У 1948 г. скончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Радашковіцкай сярэдняй школе, вучыўся ў аспірантуры пры Менскім педагагічным інстытуце. З 1953 г. - выкладчык беларускай мовы, у 1956-1982 гг. - загадчык, з 1983 г. - прафесар кафедры беларускага мовазнаўства гэтага інстытута. Доктар філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1968 г.

Заслужаны дзеяч навукі БССР (1972).

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.

Памёр 13.11.1989 г.

Першае выступленне ў рэспубліканскім друку датуецца 1936 г. (нарыс у часопісе «Работніца і калгасніца Беларусі»). Аўтар кніг «Дыялектны слоўнік» (вып. 1-3, 1959-1970), «Беларускае літаратурнае вымаўленне» (1960), «Пытанні культуры мовы» (1961), «Вусная мова і выразнае чытанне» (з У.Калеснікам, 1962), «Роднае слова» (1967, 2-е выданне ў 1972, 3-е пад назвай «Беларуская мова» ў 1978), «Беларуская фразеалогія» (1968, 1981), «Беларускія народныя параўнанні» (1973), «Гістарычная граматыка беларускай мовы» (ч. I - 1974, ч. II - 1977), «Сучасная беларуская мова» (1984), «Само слова гаворыць» (1986). Выдаў «Фразеалагічны слоўнік» (з Н.Гаўрош і Я.Лепешавым, 1973). Складальнік зборнікаў крылатых слоў і афарызмаў, прыказак і прымавак, параўнанняў, фразеалагізмаў «З беларускіх літаратурных крыніц» (1960), «Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі» (1957), «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» (1962). Адзін з аўтараў дапаможнікаў для вышэйшых навучальных устаноў «Сучасная беларуская літаратурная мова» (1976, 1984), «Практыкум па беларускай мове» (1980) і інш.

Выйшлі кнігі прозы «Абразкі» (1975), «Прыпыніся на часінку» (1979), «І за гарою пакланюся» (1982), «Радасць і боль» (1984), «З нялёгкіх дарог» (выбранае, 1988).

Яновіч Сакрат, нарадзіўся 04.09.1936 г. у мястэчку Крынкі Беластоцкага ваяводства (цяпер Польшча) у сям'і шаўца.

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com