Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 117
Чаргінец Мікалай, нарадзіўся 17.10.1937 г. у горадзе Менску ў сям'і рабочага.
Скончыў Вышэйшую школу трэнераў Беларускага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры (1963). Быў сябрам футбольнай каманды майстроў «Спартак» (Менск), некаторых іншых каманд краіны. Працаваў інструктарам фізічнай культуры на Менскім прыборабудаўнічым заводзе. У 1964 г. накіраваны на работу ў органы міліцыі - у крымінальны вышук. У 1967 г. скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1969 г. - намеснік начальніка Першамайскага, з 1973 г. - начальнік Ленінскага раённага аддзела ўнутраных спраў Менска. З 1975 г. - намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Менскага гарвыканкама, з 1981 г. - начальнік Упраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў БССР. У 1984-1987 гг. быў у Афганістане, удзельнічаў у баявых аперацыях, быў паранены. З 1987 г. - начальнік Беларускага ўпраўлення ўнутраных спраў на транспарце МУС БССР. Генерал-маёр міліцыі. Кандыдат юрыдычных навук. Сябра СП СССР з 1978 г.
Заслужаны работнік Міністэрства ўнутраных спраў СССР (1977).
Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, вышэйшым афганскім ордэнам Чырвоны Сцяг, савецкімі і афганскімі медалямі.
У 1963 г. пачаў выступаць у друку як журналіст. Піша на расейскай мове. Выдаў кнігі прозы «Четвертый след» (1973), «Тревожная служба» (1975), «Следствие продолжается» (1977), «Финал Краба» (1979), «Приказ № 1» (1985), «Служба - дни и ночи» (1981), «Следствие продолжается. Финал Краба» (1986), раманы «Вам - задание» (1982), «За секунду до выстрела» (1983), «Тайна Черных Гор» (1987), «Сыновья» (1989).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А.Фадзеева (1990) за раман «Сыновья».
Чарказян Ганад, нарадзіўся 18.10.1946 г. у сяле Ерасхаун Акцембяранскага раёна (Арменія).
Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся ў тэхнічнай навучальні № 1 у Ерэване (1967-1968). Працаваў токарам на сударамонтным заводзе ў Туапсе Краснадарскага краю (1968-1969). Служыў у Савецкай Арміі (1969-1971). Працаваў выхавацелем прафесійна-тэхнічнай навучальні № 27 у Эчміадзіне (1971-1973, Арменія). З 1973 г. жыве і працуе ў Менску: старшы тэхнік у Беларускім дарожным навукова-даследчым інстытуце, інжынер-сметчык рамонтна-будаўнічага ўпраўлення № 10, начальнік участка рамонтна-будаўнічага ўпраўлення № 15. Завочна скончыў Ерэванскі індустрыяльны тэхнікум (1974), будаўніча-педагагічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (1984). З чэрвеня 1982 г. - інжынер-тэхнолаг менскага ўчастка Слонімскай фабрыкі «Гасцінічная мэбля». Сябра СП СССР з 1988 г.
Першы верш апублікаваў у 1963 г. (часопіс «Пионер», Ерэван). У друку Беларусі выступае з 1977 г. Піша на курдскай і армянскай мовах. У Менску ў перакладзе на расейскую мову выйшлі зборнікі паэзіі «Прочность» (з армянскай, 1980), «Цвет доброты» (з курдскай, 1986), «Пространство и время» (з курдскай, 1990).
Чаркасаў Анатоль, нарадзіўся 28.11.1928 г. у горадзе Светлагорску Кіраваградскай вобласці (Украіна) у сям'і служачага.
На пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў эвакуіраваны ў Паволжа. У 1943-1944 гг. працаваў у ваеннай установе. У час выбуху склада боепрыпасаў быў цяжка паранены. У 1951 г. скончыў Менскі бібліятэчны тэхнікум, у 1956 г. - аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў карэктарам, рэдактарам выдавецтва «Беларусь». З 1972 г. - рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура», з 1981 г. - выдавецтва «Юнацтва», у 1986-1989 гг. - загадчык рэдакцыі гэтага выдавецтва. Сябра СП СССР з 1969 г.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалём.
Літаратурнай працай займаецца з 1957 г. Выйшлі кніжкі нарысаў «Балотны скарб» (1959), «Цудоўны камень» (1963), «Старонкі слаўнага летапісу» (1964), «Магутны твой зямляк» (1969), «Волаты на дарогах» (1974).
Аўтар сцэнарыяў дакументальнага фільма «Мазырскі ліст» (зняты ў 1967) і навукова-папулярнага «Наш завод - наш дом» (зняты ў 1968).
Пераклаў творы расейскіх і ўкраінскіх дзіцячых пісьменнікаў на беларускую мову, на расейскую мову - апавяданні ўкраінскіх празаікаў, балгарскія, чэшскія казкі.
Чарнушэвіч Нічыпар (таксама Чарнышэвіч Нічыпар), нарадзіўся 14.11.1900 г. у гарадскім пасёлку Капыль Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1917-1920 гг. настаўнічаў у Траянаўскай земскай народнай навучальні на Капыльшчыне. У 1920-1922 гг. служыў у Чырвонай Арміі. У 1928 г. скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучобу сумяшчаў з працай у газеце «Савецкая Беларусь» (1924-1929). Сябра літаратурнага аб'яднання «Маладняк». У 1929-1930 гг. - слухач Вышэйшых навукова-педагагічных курсаў пры 2-м Маскоўскім універсітэце. Улетку 1930 г. быў арыштаваны. 10.04.1931 г. прыгавораны да 5 гадоў ссылкі ў г. Вятку. У 1931-1935 гг. - супрацоўнік газеты «Вятская правда» (пазней - «Кировская правда»). У жніўні 1935 г. абвінавачванні былі зняты. У 1935-1941 гг. выкладаў гісторыю ў сярэдніх школах № 379, 395 Масквы. У кастрычніку 1941 г. эвакуіраваўся ў Цюмень, дзе працаваў загадчыкам аддзела рэдакцыі газеты «Тюменская правда». З 1947 г. жыў у Менску.
Працаваў у Беларускім дзяржаўным выдавецтве, начальнікам планавага аддзела Белсельгасзабеспячэння, выкладчыкам гісторыі ў Менскай афіцэрскай школе, старшым інжынерам трэста папяровай прамысловасці, на Беларускім тэлебачанні.
Канчаткова рэабілітаваны 19.09.1960 г. Сябра СП СССР з 1957 г.
Памёр 18.02.1967 г.
Першыя творы надрукаваў у 1923 г. (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў вершаў «Дзіва» (1927), «Нясу надзею» (1962), «Гаворка дум» (1966), «Выбраныя вершы» (1975), п'ес «Шукальнікі вышыні» (прэмія на рэспубліканскім конкурсе, 1947), «Сям'я доктара Чыверса», кінасцэнарыя «Арсенал пачуццяў» (прэміраваны на ўсесаюзным конкурсе на лепшы кінасцэнарый, 1957).
Перакладаў на беларускую мову творы расейскіх, украінскіх, жыдоўскіх паэтаў.
Чарнышэвіч Аркадзь, нарадзіўся 08.08.1912 г. у вёсцы Кулакі Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Па заканчэнні Старобінскай сямігодкі (1928) памагаў бацькам у гаспадарцы. У 1930 г. бацьку раскулачылі і адправілі на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала, а сям'ю вывезлі ў Качоўскі раён Комі-Пярмяцкай акругі. А.Чарнышэвіч працаваў у пасёлку Янчэр рабочым на лесараспрацоўках, загадчыкам мясцовай крамы, настаўнічаў. У 1940 г. завочна скончыў Кудымкарскую педагагічную навучальню. У 1950 г. вярнуўся на радзіму, быў прызначаны дырэктарам Насовіцкай, а потым Свірскай пачатковых школ Мядзельскага раёна. З 1954 г. жыў у Радашковічах, потым пераехаў у Менск. Сябра СП СССР з 1954 г.
Узнагароджаны медалём.
Памёр 18.01.1967 г.
Першае апавяданне надрукаваў у 1927 г. (часопіс «Чырвоны сейбіт»). Сталай літаратурнай працай пачаў займацца з 1940 г., калі апублікаваў у часопісе «Полымя рэвалюцыі» падборку апавяданняў «Лета». Аўтар зборнікаў апавяданняў «Суседзі» (1956), «Марцін Когут» (1958), «Праз зімы і вёсны» (1960), «Новы дом» (1967), «Апавяданні» (1970), раманаў «Світанне» (1957), «Засценак Малінаўка» (1964, ч. 1; 1965, ч. 2), у 1982 г. абедзве часткі выйшлі пад назвай «Засценак Малінаўка». Спачатку выступаў з творамі для дзяцей. Выйшлі аповесці «У адной сям'і» (1951), «На сажалках» (1955), зборнікі апавяданняў «Зосін лужок» (1952), «Апавяданні старога Арцёма» (1958), «Складанец» (1969). У 1979 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Чарняўская Леаніла, нарадзілася 16.11.1893 г. у вёсцы Таргуны Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыла Марыінскую вышэйшую навучальню ў Вільні (1910). З 1911 да 1918 г. працавала настаўніцай пачатковай школы ў сяле Залессе на Дзісеншчыне. У 1919-1923 гг. выкладала беларускую мову ў Віленскай беларускай гімназіі, а ў кастрычніку 1923 г. разам з мужам, пісьменнікам Максімам Гарэцкім, прыехала ў Менск. Затым жыла ў Горках Магілеўскай вобласці. У 1932 г. пераехала ў Кіраў (былая Вятка), куды быў высланы муж, працавала выхавацелькай у дзіцячым садзе, потым жыла ў гарадскім пасёлку Пясочня (цяпер г. Кіраў Калужскай вобласці), у Ленінградзе (з 1947).