Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 115
Перакладае творы расейскіх, украінскіх паэтаў на беларускую мову.
Хомчанка Васіль, нарадзіўся 12.01.1919 г. у вёсцы Канічы Касцюковіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў Менскім хіміка-тэхналагічным тэхнікуме (1934-1935), на рабфаку пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. 05.04.1937 г. быў рэпрэсіраваны. Адбываў тэрмін на Далёкім Усходзё да красавіка 1941 г. у Ніжне-Амурскім лагеры. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР у 1969 г. У 1941-1968 гг. - у Савецкай Арміі. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях як камандзір мінамётнага ўзвода. У 1944 г. скончыў Буйнакскую пяхотную навучальню, у 1951 г. - Ваенна-юрыдычную акадэмію ў Маскве. У 1972-1985 гг. - загадчык рэдакцыі прозы выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1960 г.
Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Памёр 04.11.1992 г.
У 30-я гады выступіў у друку з вершамі (газета «Піянер Беларусі», часопіс «Іскры Ільіча»). Першыя кнігі апавяданняў выйшлі ва Ўладзіміры на расейскай мове - «Куда исчез гриб» (1957), «Жаворонок» (1958), «Рассказы» (1959). Піша пераважна для дзяцей. У Менску на беларускай мове выдаў зборнікі апавяданняў «Наша вячэра» (1959), «Рукавіцы генерала Даватара» (1960), «Аднойчы майскім днём» (1962), «Суседзі» (1962), «Чырвоны мак» (1964), «Верны рыцар» (1965), «Тваё чэснае слова» (1965), «Зімовы дождж» (1968), «Сустрэча з цудам» (1969), «Паляванне на львоў» (гумарэскі, 1970), «Цёплая зямля» (1971), «Я ўжо вялікі» (1972), «Уначы пад сонцам» (1974), «Паклон» (1976), «Лёгкая рука» (гумарэскі, апавяданні, 1979), аповесці «Чырвоныя хвалі» (1968), «Я прынёс вам радасць» (1981), «Пры апазнанні - затрымаць» (1983), кнігі аповесцей і апавяданняў «Бацькава шабля» (1982), «Чэкістам стала вядома» (1985), «Стрэл у акно» (1988) і раман «Вяртанне ў агонь» (1978). У 1975 г. выдаў «Выбранае», у 1979 г. - Выбраныя творы ў 2-х тамах.
Аўтар сцэнарыяў мастацкага фільма «Ветразі майго дзяцінства» (пастаўлены ў 1982) і тэлевізійнага «Незнаемая песня» (пастаўлены ў 1983). Пераклаў на беларускую мову казку Р.Кіплінга «Чаму ў слоніка доўгі нос» (1974).
Хромчанка Кузьма, нарадзіўся 25.10.1929 г. у пасёлку Калінаўка Краснапольскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў літаратурны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1951). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Дзятлаўскай сярэдняй школе (Гарадзенскай вобласці, 1951-1953). Вучыўся ў аспірантуры (1953-1956), працаваў навуковым супрацоўнікам, вучоным сакратаром Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1956-1966). З 1966 г. на выкладчыцкай рабоце ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, дацэнт кафедры беларускай літаратуры. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1983 г.
У друку выступае з рэцэнзіямі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі з 1957 г. Аўтар манаграфій «Піліп Пестрак: Жыццё і творчасць» (1960), «Беларуская мастацкая проза (канец XIX - пачатак XX ст.» (1979), навукова-папулярнай кнігі «За шчасце зямное» (1966).
Хурсік Сымон, нарадзіўся 13.02.1902 г. у вёсцы Снусцік Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Менскага беларускага педагагічнага тэхнікума (1925) настаўнічаў у мястэчку Валынцы, у Полацку. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына». У 1930 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 10.04.1931 г. быў арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Йашкар-Алу. Працаваў настаўнікам у школах Марыйскай і Чувашскай АССР, Казахскай ССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на 4-м Украінскім і 1-м Беларускім франтах, двойчы кантужаны. Пасля вайны зноў настаўнічаў. 13.10.1958 г. рэабілітаваны. З 1964 г. жыў у Карагандзе.
Памёр 31.03.1972 г.
Упершыню выступіў у друку з апавяданнем у 1924 г. (газета «Савецкая Беларусь»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Першы паўстанак» (1925), «Шляхамі навальніц» (1930) і аповесці «Чорны мост» (1929-1930, часопіс «Маладняк»).
Пераклаў на беларускую мову аповесць А.Серафімовіча «Горад у стэпе» (1930).
Ц
Цвірка Кастусь, нарадзіўся 28.03.1934 г. у вёсцы Зялёная Дуброва Старадарожскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). У 1958-1959 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Труханавіцкай сярэдняй школе Капыльскага раёна. Быў літсупрацоўнікам раённай газеты «Рудзенская праўда», рэдактарам на Беларускім радыё, старшым метадыстам рэспубліканскага Дома народнай творчасці, старшым інспектарам Упраўлення па распаўсюджванні друку Міністэрства сувязі БССР. У 1972 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР і з таго часу - навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. З 1981 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва», з 1984 г. - рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Полымя». Кандыдат гістарычных навук. Сябра СП СССР з 1961 г.
Першы артыкул у рэспубліканскім друку з'явіўся ў 1951 г., першы верш - у 1953 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Такія сэрцы ў нас» (1959), «Бягуць раўчукі» (1962), «Чарназём» (1967), «Каласы» (1975), «Сцежка дадому» (1980), «Рэха дарог» (1982), «Хат вячысты дар» (вершы і паэма, 1982), «Зялёная Дуброва» (1987), «Лодка долі тваёй» (1988), а таксама кніжак вершаў і казак для дзяцей «Зайчыкаў хлеб» (1966), «Дарункі лесу» (1969), «Як Алесь згубіўся ў лесе» (1986), «Добрыя суседзі» (1988).
Выйшлі мастацкія нарысы, звязаныя з літаратурнымі мясцінамі Беларусі, - «Дарога ў сто год» (1974), «Той курган векавечны» (1985), а таксама манаграфія «Слова пра Сыракомлю» (1975).
Прыняў удзел у напісанні кнігі «Беларуская фалькларыстыка эпохі феадалізму» (1989) (з Г.Каханоўскім, Л.Малаш, 1989). Складальнік тома «Вяселле. Абрад» (1978), кнігі ўспамінаў пра З.Бядулю (з Я.Садоўскім, 1988), зборніка твораў Я.Чачота «Наваградскі замак» (1989).
Цітоў Канстанцін, нарадзіўся 26.10.1905 г. у сяле Сачкавічы Клімаўскага раёна Бранскай вобласці (Расея) у сялянскай сям'і.
Скончыў Нова-Ропскую прафтэхшколу (Бранская вобласць, 1922), вучыўся на літаратурным факультэце Ленінградскага ўніверсітэта. Пасля трэцяга курса (1927) быў прызваны ў Чырвоную Армію. У 1937 г. здаў экстэрнам экзамены за ўніверсітэт. Працаваў у газетах «Советская Белоруссия» (1937-1938), «Літаратура і мастацтва» (1938-І 939), кансультантам СП БССР (1939-1940). У час Вялікай Айчыннай вайны служыў камандзірам эскадрона, карэспандэнтам армейскага і франтавога друку. Быў паранены. У пасляваенныя гады - на творчай працы ў Менску. Сябра СП СССР з 1939 г.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I і II ступеняў і медалямі.
Памёр 13.04.1972 г.
З вершамі ў друку выступіў у 1930 г., у беларускім - з 1934 г. Пісаў на расейскай мове. Аўтар зборнікаў паэзіі «Выступление в путь» (1941), «Мы поклялись» (Свярдлоўск, 1942), «Солдатские строки» (1947), «Искатели» (1956), «Сердце земли» (вершы і паэма, 1958), «Локоть друга» (вершы і паэма, 1961), «Ручеек» (1966), «Просто про любовь» (1970), «Следы на отмели» (1972), «Солнце загорается за Сожем» (1978), «Возвращение» (1986) і зборніка вершаваных казак для дзяцей «Якубова каша» (1960).
Працаваў і ў галіне прозы. Выйшлі нарыс «За честь заводской марки» (Варонеж, 1947), «Невыдуманные рассказы» (1967), кніжкі апавяданнў для дзяцей «Лесной маршрут» (1959, 2-е дапоўненае выданне ў 1975), «Изумрудный гусь» (1967).
Пераклаў на расейскую мову зборнік вершаў М.Смагаровіча «Снежинка» (1962), трылогію Р.Сабаленкі «Иду в жизнь» (1963), асобныя творы беларускіх паэтаў.
Цулукідзе Тамара, нарадзілася 19.12.1903 г. у горадзе Тбілісі (Грузія) у сям'і настаўніка.
У 1924 г. скончыла Тбіліскі дзяржаўны тэатральны інстытут і была прынята ў трупу Акадэмічнага тэатра імя Ш.Руставелі. Як «жонка ворага народа» (яе муж, вядомы рэжысёр А.Ахметэлі, быў расстраляны) з 1937 да 1946 г. знаходзілася ў турмах, лагерах, на лесапавале, на земляных работах, працавала санітаркай, медсястрой у Краснаярскім краі. У Сыктывкары (Комі АССР) арганізавала тэатр лялек. У 1946 г. была вызвалена, а праз два гады пераехала ў Курск, дзе працавала рэжысёрам абласнога тэатра лялек. Тут паўторна арыштавана па ранейшай справе і выслана ў Краснаярскі край, дзе пазнаёмілася з рэпрэсіраваным пісьменнікам А.Пальчэўскім (у 1948-1955 гг. жыў у Краснаярскім краі), стала яго жонкай. Рэабілітавана ў 1956 г. Зноў працавала ў тэатры імя Ш.Руставелі. З 1958 г. жыла ў Менску. Сябра СП СССР з 1967 г.