Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 114

Изменить размер шрифта:

Харык Ізі (таксама Харык Ісак), нарадзіўся 17.03.1898 г. у вёсцы Зембін Барысаўскага раёна Менскай вобласці ў сям'і шаўца.

Вучыўся ў хедары, затым у расейскай народнай школе ў Зембіне. У юначыя гады працаваў рабочым на фабрыках і заводах Менска, Барысава, Гомеля. У 1917 г. пераехаў у Менск на пастаяннае жыхарства. Быў бібліятэкарам, загадчыкам агульнаадукацыйнай школы. У 1919 г. пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Прымаў удзел у баях на тэрыторыі Беларусі. Вучыўся ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В.Брусава, у 1927 г. скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. Пасля вяртання ў Менск у 1928-1937 гг. быў рэдактарам жыдоўскага часопіса «Штэрн» («Зорка»). Старшыня секцыі жыдоўскіх пісьменнікаў СП БССР. У верасні 1937 г. рэпрэсіраваны. 28.10.1937 г. Ваеннай Калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 13.06.1956 г. Сябра ЦВК БССР у 1931-1934 гг. Член-карэспандэнт АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Расстраляны 29.10.1937 г.

Першыя вершы апублікаваў у 1920 г. (часопіс «Камуністычны свет», Масква). Пісаў на мове ідыш. Аўтар зборнікаў паэзіі «Трапятанне» (1922), «Мінскія балоты» (1924), «На зямлі» (Масква, 1926), «Душой і целам» (паэма, 1928), «Вершы і паэмы» (Кіеў, 1930), «Хлеб» (паэма, Харкаў, 1930), «Круглыя тыдні» (1932), «Ад полюса да полюса» (1934), «Наша бадзёрасць» (Кіеў, 1934), «Вершы і паэмы» (1935), «Пяць паэм» (1936), «На чужым балі» (паэма, 1936), «Душой і целам» (выбранае, Масква, 1970). У перакладзе на беларускую выйшлі Выбраныя творы (1958), «Выбранае» (1969), на расейскую «Стихи» (1935), «Стихи и поэмы» (Масква, 1958), «От полюса к полюсу» (Масква, 1971).

Хаўратовіч Віктар, нарадзіўся 21.06.1934 г. у вёсцы Стары Сінін Магілеўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1954-1956 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1957 г. скончыў Магілеўскі будаўнічы тэхнікум. У 1957-1958 гг. - майстар на будаўніцтве ў Самаркандзе (Узбекістан). Затым вярнуўся на Магілеўшчыну, дзе працаваў прарабам у саўгасах Горацкага, Краснапольскага, Слаўгарадскага раёнаў, майстрам, старшым інжынерам у будаўнічых арганізацыях Касцюковіч, Крычава, Слаўгарада, Краснаполля, настаўнікам Мхініцкай васьмігадовай школы Краснапольскага раёна, старшым тэхнікам «Белдзяржпраекта» ў Магілеве, у 1966-1968 гг. вучыўся ў Магілеўскім педінстытуце. У 1982-1989 гг. працаваў начальнікам прарабскага ўчастка ў Бялынічах. Сябра СП СССР з 1985 г.

Памёр 17.10.1991 г.

У друку выступаў з 1961 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Сонца на кельме» (1983), «Зямныя кодеры і гукі» (1990).

Хацкевіч Рыгор, нарадзіўся 01.02.1911 г. у вёсцы Ратуцічы Барысаўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Барысаўскі педагагічны тэхнікум (1930). Настаўнічаў у Барысаўскім раёне. Працаваў у чэрвеньскай раённай газеце (1931-1933), настаўнічаў у Крупках. У 1937 г. быў рэпрэсіраваны. Асуджаны на 5 год лагерных работ і сасланы на Поўнач, дзе працаваў у геалагічных партыях. У 1945 г. вярнуўся на Беларусь. Рэабілітаваны ў 1959 г. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школах Барысаўскага і Крупскага раёнаў. Вучыўся завочна ў Менскім педагагічным інстытуце. Каля дваццаці год выкладаў расейскую мову і літаратуру ў Днепрапятроўску.

Памёр 09.08.1979 г.

З вершамі ў друку выступіў у 1930 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборніка паэзіі «Налівайся, колас» (1932), кніжак вершаў для дзяцей «Наш пяты клас» (1962), «Бяроза на ўзлеску» (1977). Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці «На золку» (1972) і «Хмары над лесам» (1980).

Хвалей Яўген, нарадзіўся 01.01.1947 г. у вёсцы Белькаўшчына Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы (1965) працаваў будаўніком, у рэдакцыі стаўбцоўскай раённай газеты «Прамень». Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Настаўнічаў, працаваў у выдавецтве «Народная асвета», Менскім абласным Доме народнай творчасці, на Беларускім радыё і тэлебачанні. З 1985 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1989 г.

Першыя вершы надрукаваў у 1963 г. (раённая газета «Прамень»). Аўтар кніг паэзіі «Ярына» (калектыўны зборнік «Нашчадкі», 1979), «Прычасце» (1983), «Зялёны прамень аеру» (1987), вершаванай казкі для дзяцей «Насціны гасціны» (1989).

У перыядычным друку выступае і як крытык. Перакладае вершы паэтаў народаў СССР. Укладальнік зборнікаў «Вершы» Якуба Коласа (1987), «Гары, агонь Кастрычніка» (1987) і інш.

Хведаровіч Мікола (сапр. Чарнушэвіч Мікалай), нарадзіўся 06.04.1904 г. у гарадскім пасёлку Капыль Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У часы першай сусветнай вайны як бежанец жыў у Калузе, у дзіцячым прытулку для дзяцей-бежанцаў. Займаўся ў гарадской навучальні. У 1918 г. вярнуўся дамоў і паступіў у Цімкавіцкую гарадскую навучальню. З прыходам немцаў працаваў батраком. Пасля прыходу Чырвонай Арміі (1919) - удзельнік прадатрадаў і часцей асобага прызначэння (ЧОН), адзін з арганізатараў камсамольскіх ячэек на Случчыне. У 1924 г. - камісар ваенкамата па дапрызыўнай падрыхтоўцы. У 1928 г. скончыў рабфак у Менску, а затым літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1931). Працаваў у часопісах «Партыйны работнік» і «Бальшавік Беларусі» (1929-1932), рэдактарам часопіса «Чырвоная Беларусь» (1932-1933), загадчыкам кабінета маладога аўтара СП БССР (1933-1934), адказным сакратаром часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1934-1937). У жніўні 1938 г. арыштаваны. Некалькі гадоў прабыў на Кольскім паўвостраве, удзельнічаў у будаўніцтве Манчагорска. З 1941 г. знаходзіўся ва Усцьвытлагу (Комі АССР). З 1946 г. працаваў у г. Каршы (Узбекістан) загадчыкам планава-эканамічнага аддзела, з 1949 і да моманту рэабілітацыі (1955) жыў у г. Енісейску Краснаярскага краю, з 1956 г. - у Менску. Сябра СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 20.08.1982 г.

У друку пачаў выступаць з 1924 г. Выйшлі кніжкі паэзіі «Настроі» (1929), «Рытмы» (1930), «Баявыя песні» (1930), «Тэмпы-кантрасты» (1931), «Вайна за мір» (1932), «Ха» (жарты, пародыі, 1932), «Усім сэрцам» (1937), «Залаты лістапад» (1957), «Перазвон бароў» (1961), «Пасля навальніцы» (выбранае, 1965), «Зоркі на камені» (1968), «Крынічка» (1978), «Любістак» (выбранае, 1984). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1974). Для дзяцей выдаў кніжкі «Сонечны зайчык» (1961), «Лясныя званочкі» (1968), «Крылы» (1973), «Светлы дзянёк» (1984).

Выдаў кнігі ўспамінаў «Памятныя сустрэчы» (1960, 3-е выданне перапрацаванае ў 1977), «Незабыўнае» (1976) і аповесць «Споведзь перад будучыняй» (1978).

Пераклаў паэмы А.Пушкіна «Каўказскі нявольнік» (1937), «Бахчысарайскі фантан» (1938), «Казку пра цара Салтана» (часопіс «Полымя рэвалюцыі», 1937), раман А.Фадзеева «Апошні з удэге» (з А.Звонакам, 1935), паэмы З.Багрыцкага «Дума пра Апанаса» (часопіс «Маладняк», 1930) і Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» (з А.Звонакам, 1966), раман У.Кочатава «Браты Яршовы» (з І.Грамовічам, 1960), кнігу паэзіі Ш.Пецёфі «Ліра і меч» (1971).

Лаўрэат прэміі вугорскага агенцтва па літаратуры і мастацтву «Артысіуз» (1981) за прапаганду вугорскай паэзіі на беларускай мове.

Хейдарава Людміла, нарадзілася 11.02.1952 г. у пасёлку Ялізава Асіповіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і рабочага і настаўніцы.

Скончыла факультэт прыкладной матэматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1974). Працавала старшым інжынерам навукова-даследчага Інстытута электронных вылічальных машын. У 1980-1985 гг. - вядучы канструктар Беларускага навукова-даследчага і праектна-тэхналагічнага інстытута арганізацыі і кіравання будаўніцтвам пры Дзяржбудзе БССР, у 1985-1987 гг. - вядучы інжынер Менскага навукова-даследчага праектнага інстытута. З 1987 г. - старшы рэдактар, з 1990 г. - намеснік галоўнага рэдактара літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання. Сябра СП СССР з 1985 г.

Першая падборка вершаў апублікавана ў 1980 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар зборнікаў вершаў «Адведзіны рамонкавай паляны» (1985), «Тваё святло» (1988), драматычнай паэмы «Можна і Нельга» (1987) - усе выйшлі пад псеўданімам Людміла Паўлікава. З 1989 г. выступае пад прозвішчам Хейдарава. У перыядычным друку публікуе апавяданні, навелы.

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com