Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 111
Узнагароджаны медалямі.
Творчую дзейнасць пачаў у 1957 г. артыкуламі на літаратуразнаўчыя тэмы ў перыядычным друку. Працуе ў галіне мастацкага перакладу з 1960 г. Перакладае з верхнялужыцкай, ніжнялужыцкай, кашубскай, польскай і ўкраінскай моў. Адзін з укладальнікаў і перакладчыкаў, аўтар прадмовы і каментарыяў да анталогіі паэзіі лужыцкіх сербаў «Там, дзе Шпрэвя шуміць» 1969). У яго перакладах на беларускую мову выйшлі анталогія кашубскай паэзіі «За даляглядам край Сталемаў» (1980), аповесць Ю.Срэзана «Чорны млын» (1984). Пераклаў шэраг твораў І.Франка, П.Тычыны, Я.Барта-Цішынскага, Ю.Брэзана, К.Лоранца, А.Лаймінг і інш.
Трус Паўлюк, нарадзіўся 06.05.1904 г. у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1923 г. скончыў Уздзенскую сямігодку, у 1927 г. - Менскі беларускі педагагічны тэхнікум. Працаваў у рэдакцыі гомельскай газеты «Палеская праўда» (1927-1928), вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1928-1929). Быў сябрам літаратурнага аб'яднання «Маладняк».
Памёр 30.08.1929 г.
З першымі творамі выступіў у друку ў 1923 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «Вершы» (1925), «Ветры буйныя» (1927), Збор твораў (1934), «Творы» (1935), кнігі Выбраных твораў (1931, 1940, 1941, 1946, 1949, 1953, 1958, 1967, 1977, 1979), «Новай квадры настаў маладзік» (вершы і паэмы, 1984). Для дзяцей выдадзена кніга паэзіі «Падаюць сняжынкі» (1983).
Трыхманенка Віктар, нарадзіўся 10.05.1923 г. у сяле Гуменцы Камянец-Падольскага раёна Хмяльніцкай вобласці (Украіна) у сям'і служачага.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны прызваны ў Савецкую Армію. Скончыў ваенна-авіяцыйную навучальню (1944), як лётчык-знішчальнік удзельнічаў у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па стану здароўя ў канцы 1946 г. быў звольнены з арміі. У 1947-1949 гг. працаваў у БелТА. Быў зноў прызваны ў кадры Ўзброеных Сіл, у 1963 г. скончыў Ваенна-палітычную акадэмію. Многія гады з'яўляўся ўласным карэспандэнтам газеты «Красная звезда» па Беларускай ваеннай акрузе. У 1974-1979 гг. - адказны рэдактар газеты Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины». Сакратар праўлення Саюза журналістаў БССР (1976-1979). Дырэктар Дома літаратара (1980-1981). Сябра СП СССР з 1962 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «За службу Радзіме ва Ўзброеных Сілах СССР» III ступені і медалямі.
Першыя апавяданні надрукаваў у 1956 г. Піша на расейскай мове. У свет выйшлі зборнікі апавяданняў і аповесцей «Сложный вариант» (Масква, 1958), «Звуковой барьер» (Хабараўск, 1959) і «Наташины зорьки» (Хабараўск, 1960), «Человек расправляет крылья» (Масква, 1961), «Знакомый почерк» (Масква, 1963), «Истинная высота» (1965), «Сестра белой березы» (1979), аповесці «Крылья на вырост» (Масква, 1973), «Сергей Грицевец» (1987), раман «Небом крещенные» (Масква, 1969), кніга прозы «Крылья на вырост» (раман, аповесць, апавяданні, 1984).
Тулупава Нэлі (Лісоўская), нарадзілася 01.02.1938 г. у вёсцы Капань Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка.
У 1955 г. скончыла Гомельскую медыцынскую навучальню. Працавала фельчарам і акушэркай у медыцынскіх установах Віцебшчыны, дыктарам Віцебскага абласнога тэлебачання. У 1969 г. скончыла завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1962 г. пераехала ў Горкі Магілеўскай вобласці, дзе працавала інструктарам РДК, медсястрой у бальніцы, загадчыкам агульнага сектара райкама камсамола, рэдактарам газеты «Советский студент» Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1974-1978 гг. - загадчык рэпертуарнага аддзела Белдзяржфілармоніі, у 1979-1988 гг. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1990 г. загадчык аддзела літаратуры часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1977 г.
У друку выступае з 1956 г. (аршанская раённая газета «Ленінскі прызыў»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Станцыя надзей» (1971), «Дабрадзея» (вершы і паэмы, 1977), «Босая цішыня» (вершы, паэма, 1980), «Гарывада» (драматычная паэма-бая, 1984), «Сонца ў хату» (выбранае, 1986), «Як павезлі мяне сватаць» (гумарэскі, 1987), «Скажыце ўсім» (лірыка і гумар, 1988), кніжак для дзяцей «Дожджык Мікіта» (вершы, 1979), «Бізоны-рабінзоны» (казкі, 1983), «Пра што думае кіт» (аповесць, 1986).
Перакладае на беларускую мову творы паэтаў народаў СССР.
Турбіна Любоў, нарадзілася 17.07.1942 г. у горадзе Ашхабадзе (Туркменія) у сям'і вучонага.
Пасля заканчэння фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1964) - інжынер, аспірант, навуковы супрацоўнік Інстытута генетыкі і цыталогіі АН БССР. У 1980 г. скончыла завочнае аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве. З 1984 г. - навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат біялагічных навук. Сябра СП СССР з 1990 г.
З вершамі начала выступаць у друку ў 1974 г. (газета «Знамя юности»). Піша на расейскай мове. Аўтар зборнікаў вершаў «Улица детства» (1981), «Город любви» (1988).
На расейскую мову пераклала паасобныя вершы М.Багдановіча, М.Стральцова, Р.Барадуліна, Г.Каржанеўскай, паэтаў Туркменіі і Азербайджана.
Тычына Міхась, нарадзіўся 10.02.1943 г. у пасёлку Ленінскі Алданскага раёна (Якуцкай АССР) у сям'і ссыльнага.
У 1947 г. разам з бацькамі пераехаў на іх радзіму, у вёску Завалочыцы Глускага раёна. Скончыў філалагічны факультэт Берасцейскага педагагічнага інстытута (1964). Кароткі час працаваў настаўнікам на Піншчыне. Служыў у Савецкай Арміі (1964-1965). Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1970) і працуе навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра Беларускага ПЭНцэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1976 г.
Узнагароджаны медалём.
Друкавацца пачаў у 1963 г. з вершаў (берасцейская абласная газета «Заря»), як крытык і літаратуразнавец з 1969 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар манаграфій «Кузьма Чорны: Эвалюцыя мастацкага мыслення» (1973), «Народ и война» (1985), зборнікаў літаратурна-крытычных артыкулаў «Змена квадры» (1983), «Час прозы» (1988). Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы» (1977), калектыўнай працы «Магчымасці рэалізму: Прычыннасць і гістарызм» (з В.Жураўлёвым, 1982).
Выступае і ў галіне прозы. Выйшлі «Дажынкі» (аповесць і апавяданні, 1979), «Вяртанне: Аповесць пра Кузьму Чорнага» (1984).
У
Уксусаў Дзмітры, нарадзіўся 15.05.1915 г. у горадзе Янакіева Данецкай вобласці (Украіна) у сям'і рабочага.
Працоўны шлях пачаў у 1932 г. токарам на Янакіеўскім металургічным заводзе. У 1936 г. працаваў сакратаром у раённай газеце «Ленинское знамя» (г. Тосна Ленінградскай вобласці), адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленні Ленінградскага інстытута інжынераў камунальнай гаспадаркі. У час Вялікай Айчыннай вайны - баец партызанскага атрада, адказны сакратар абласной газеты «Ленинградский партизан». Пасля вызвалення Тоснянскага раёна (1944) - рэдактар раённай газеты, адказны рэдактар ноўгарадскай газеты «Звязда», адказны сакратар абласной газеты «Новгородская правда». У 1948 г. скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС і накіраваны на працу рэдактарам баранавіцкай абласной газеты «Чырвоная звязда». Працаваў у рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» загадчыкам аддзела, намеснікам рэдактара (1952-1959), загадчыкам рэдакцыі ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (1959-1964), дырэктарам выдавецтва «Навука і тэхніка» (1964-1968), адказным сакратаром часопіса «Служба быту Беларусі» (1968-1975). Сябра СП СССР з 1964 г.
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 19.09.1989 г.
Апавяданні і нарысы пачаў пісаць у даваенныя гады. Пісаў на расейскай мове. Аўтар кніг прозы «Ранний ветерок» (аповесць і апавяданні, 1959), аповесці «Я - твой друг» (1962, 2-е дапрацаванае выданне ў 1965) і публіцыстычнай кніжкі «Постоянно действующий агитпункт» (Масква, 1961).
Усікаў Якуб, нарадзіўся 20.09.1919 г. у вёсцы Кадзіна Магілеўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.