Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 110
Памёр 27.04.1947 г.
Друкавацца пачаў у 1928 г. (газета «Сіла працы», Вільня). Аўтар паэмы «Непераможная» (выдадзена на шапірографе, Вільня, 1928), зборнікаў паэзіі «Выбранае» (1947), Выбраныя творы (1951, 1958), «Вершы і паэмы» (1955, 1979), «Творы» (1961), «Выбраныя вершы і паэмы» (1967), «Пілую вершам краты» (выбранае, 1984).
Пісаў літаратурна-крытычныя (пра творчасць Я.Купалы, П.Пестрака, Я.Брыля) і публіцыстычныя артыкулы.
Перакладаў на беларускую мову творы А.Міцкевіча, І.Крылова і інш.
Ткачоў Васіль, нарадзіўся 01.01.1948 г. у вёсцы Гута Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і вясковых настаўнікаў.
Пасля заканчэння Ільічоўскай сярэдняй школы (1966) працаваў у раённых газетах (г. Івацэвічы і г. п. Карма). У 1967 г. прызваны ў Савецкую Армію. Скончыў факультэт журналістыкі Львоўскай вышэйшай ваенна-палітычнай навучальні (1973). Служыў у Туркменіі ваенным карэспандэнтам. У 1979-1980 гг. працаваў рэдактарам рэкламы камбіната «Туркменгандальрэклама» (Ашхабад). З 1980 г. - карэспандэнт шматтыражкі «Сельмашавец» (Гомель), у 1983-1985 гг. - стыліст, спецыяльны карэспандэнт абласной газеты «Гомельская праўда». У 1989 г. абраны сакратаром Гомельскага абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1989 г.
Першае апавяданне надрукаваў у 1966 г. (часопіс «Вясёлка»). Выдадзены зборнікі апавяданняў для дзяцей «Хітры Данік» (1975) і «Партрэт салдата» (1984), для дарослых - «Дзень у горадзе» (1985), а таксама кніга публіцыстыкі «Пахвалі пражыты дзень» (1988).
Аўтар п'ес «Сівы бусел» (пастаўлена ў 1985), «Вокны» (пастаўлена ў 1985), «Прыгоды з Канапухіным» (пастаўлена ў 1988), «Лесвіца» (пастаўлена ў 1988), «Кветкі-ягадкі» (пастаўлена ў 1990), аднаактоўкі «Дублёр» і інш.
Пераклаў на беларускую мову п'есу Л.Петрушэўскай «Маскоўскі хор» (пастаўлена ў 1989).
Ткачоў Мікола, нарадзіўся 08.03.1918 г. у вёсцы Горанка Краснапольскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Працоўны шлях пачаў з рабочага мэблевай фабрыкі ў Віцебску ў 1933 г. Адначасова вучыўся на вячэрнім рабфаку. Пасля заканчэння планава-эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі (1939) некалькі месяцаў працаваў у газеце «Піянер Беларусі», пасля ў сістэме кінафікацыі. У 1940 г. прызваны ў Чырвоную Армію - быў інструктарам-літаратарам дывізійнай газеты. У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на фронце, у партызанах. Быў кантужаны. З кастрычніка 1943 г. - супрацоўнік магілеўскай абласной газеты «За Радзіму». У 1949-1957 гг. - адказны сакратар часопіса «Полымя», у 1957-1959 гг. - галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», у 1959-1972 гг. - сакратар праўлення СП БССР. У 1972-1979 гг. - дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 1967 г. як сябра дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра СП СССР з 1948 г.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, «Знак Пашаны» і медалямі.
Памёр 20.04.1979 г.
Літаратурную працу пачаў у 1938 г. з нарысаў і апавяданняў. Выйшлі раман «Згуртаванасць» (1951), кнігі прозы «Пошукі скарбаў» (апавяданні і нарысы, 1963), «Дыхание агню» (раман, апавяданні, нарысы, 1978, 2-е выданне ў 1988). Пераклаў на беларускую мову зборнік апавяданняў В.Рошкі «Што мае вочы бачылі» (1962) і аповесць М.Прыляжаевай «Жыццё Леніна» (1975).
Ткачоў Павал, нарадзіўся 03.09.1930 г. у вёсцы Скадаінаўка Шахцінскага раёна Растоўскай вобласці (Расея) у сям'і шахцёра.
Пасля заканчэння сярэдняй школы быў дыктарам і літаратурным сакратаром на радыёстудыі ў г. Паўлаўску Варонежскай вобласці. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1955). Працаваў у рэдакцыях газет «Зорька», «Піянер Беларусі», часопіса «Бярозка». У 1967 г. скончыў аспірантуру, выкладаў расейскую класічную літаратуру, з 1969 г. загадвае кафедрай расейскай класічнай літаратуры БДУ, адначасова быў дэканам факультэта журналістыкі (1981-1986). Прафесар, доктар філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1964 г.
Узнагароджаны медалямі.
Заслужаны работнік вышэйшай школы Беларускай ССР (1983).
Друкавацца пачаў у 1947 г. (паўлаўская раённая газета «Луч коммуны»). Піша на беларускай і расейскай мовах. Для дзяцей выйшлі кнігі аповесцей, апавяданняў «Мікіткаў падарунак» (1960), «Пра Сяргейку і лясных жыхароў» (1961), «Акцябраты - твае сябры» (1962), «Вішнёвая квецень. Апавяданні пра У.І.Леніна» (1965, 2-е дапоўнёнае і перапрацаванае выданне ў 1971), «Сэрца камунара» (1966), «Самае галоўнае: Штрыхі да партрэта Ільіча» (1977), аповесці «Піліпка з Галубінай слабодкі» (1969), «Граніца была побач» (1972), «Час світальнай зоркі» (выбранае, 1980, 1990), «Як разгаралася полымя» (1982), «У ліпені 1917 года» (1986), «Пралескі яе вясны» (аповесці, нарысы, 1986), «Балада аб партыйным білеце» (1988), «Чатыры дні» (часопіс «Маладосць», 1989), нарысы «Імя Леніна ў сэрцы нашым» (1963), «Люся Герасименко» (Масква, 1968, 2-е дапоўненае і перапрацаванае выданне ў 1980), «Маніфест народнага шчасця» (1987), «Рэвалюцыйны трымаем крок» (1988). Адзін з аўтараў і ўкладальнікаў кніг «Піянеры-героі» (1962), «Напісалі кніжку самі» (1966), «Эстафета пакаленняў» (1967).
Выступае як крытык і літаратуразнавец. Выйшлі манаграфіі «Вечный бой: Памфлетное наследие Я.Галана и традиции М.Горького» (1970), «Иду на «вы»: Заметки о памфлете» (1975), «Границы жанра» (1977), «Сатиры злой звенящая строка...»: Природа смеха в памфлете» (1980), кніга нарысаў і эсэ «Силуэты прошлого» (1983), «Пра самага чалавечнага» (1985).
Трасцянскі Віктар, нарадзіўся 05.12.1924 г. у горадзе Майкопе (Адыгейская аўтаномная вобласць) у сям'і служачых.
У 1941 г. пайшоў на фронт. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі нашай краіны, Польшчы, Румыніі, Вугоршчыны. Службу закончыў камандзірам батальёна марской пяхоты. У 1945 г. прыехаў у Гомель, дзе працаваў намеснікам дырэктара тарфянога завода «Бальшавік», намеснікам загадчыка аддзела ў аблвыканкаме. У 1946-1948 гг. - студэнт юрыдычнага інстытута (Алма-Ата). З 1948 г. - начальнік аддзела кадраў Упраўлення будаўнічых работ Маскоўскай ваеннай акругі, з 1950 г. - начальнік адміністрацыйна-гаспадарчага аддзела выдавецтва «Литературная газета», з 1953 г. - інспектар Галоўнага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Міністэрства геалогіі і аховы недраў, з 1955 г. - інструктар Галоўнага ўпраўлення распаўсюджвання друку Міністэрства сувязі СССР, з 1956 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Физкультура и спорт», з 1958 г. - загадчык аддзела прапаганды, старшы рэдактар выдавецтва «Знание», у 1966-1978 гг. - рэдактар рэдакцыі часопіса «Дружба народов», карэспандэнт. У 1955 г. скончыў Усесаюзны завочны інжынерна-будаўнічы інстытут. З 1978 г. жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1983 г.
Узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, медалямі.
З першым вершам у друку выступіў у 1949 г. (армейская газета «Красный воин» Маскоўскай ваеннай акругі). Піша на расейскай мове. У Маскве выйшлі зборнікі паэзіі «Расстрелянные листья» (1975), «Далеко от войны» (1980), «Расстояния и расставания» (1983), у Менску - «Дальние дороги, дальние...» (1981), «Наследникам» (1985). Кніга паэзіі «Багряные дороги» змешчана ў калектыўным зборніку «Надежность» (Масква, 1986).
Траяноўскі Алесь, нарадзіўся 22.09.1925 г. ва ўрочышчы Ўздымач Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і лесніка.
У час Вялікай Айчыннай вайны з верасня 1942 па ліпень 1944 г. - партызан брыгады імя Чапаева, з ліпеня 1944 г. - на 3-м Беларускім і 3-м Украінскім франтах, быў цяжка паранены. Пасля дэмабілізацыі (1946) працаваў на розных пасадах у Менску. У 1959 г. скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны інстытут. У 1955-1962 гг. - літсупрацоўнік шматтыражнай газеты «Западная трасса» (Беларускае ўпраўленне грамадзянскай авіяцыі). У 1962-1982 гг. - літсупрацоўнік, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда», у 1983-1986 гг. - намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва Беларусі». Сябра СП СССР з 1990 г.