Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 109
Тарасюк Люба, нарадзілася 07.12.1953 г. у вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і рабочых.
Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1975) і аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры (1978). З 1978 г. выкладае гісторыю беларускай літаратуры ў БДУ. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Сябра СП СССР з 1981 г.
Першыя вершы надрукавала ў 1966 г. (газета «Піянер Беларусі»). Выдала кнігу паэзіі «Смага ракі» (1983).
Выступае ў друку таксама як крытык і літаратуразнаўца. Аўтар манаграфіі «Вернасць вытокам: Фальклорныя традыцыі ў сучаснай беларускай паэзіі» (1985).
Тарашкевіч Браніслаў, нарадзіўся 20.01.1892 г. у засценку Мацюлішкі (цяпер Віленскі раён, Летува) у сялянскай сям'і.
У 1916 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Петраградскага ўніверсітэта і быў пакінуты пры кафедры расейскай мовы і літаратуры. Працаваў і як прыват-дацэнт грэчаскай і лацінскай моў. У 1917 г. - адзін з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1918 г. загадваў культурна-асветным аддзелам Белнацкама, яго Петраградскага аддзялення. У 1919 г. - выкладчык беларускай і грэчаскай моў у Менскім педагагічным інстытуце. У 1920 г. - загадчык беларускага сектара дэпартамента асветы т.зв. Сярэдняй Літвы. З 1921 г. - дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. У 1922 г. быў абраны паслом (дэпутатам) у польскі сейм, належаў да левага крыла Беларускага пасольскага клуба, якое цесна зблізілася з камуністычнымі сіламі. Заснавальнік і старшыня Беларускай сялянска-рабочай грамады (1925-1927). Удзельнічаў у III канферэнцыі КПЗБ як сябра кампартыі (1925). У студзені 1927 г. быў арыштаваны польскімі буржуазнымі ўладамі, а ў траўні 1928 г. засуджаны на 12 год зняволення. У 1930 г. выпушчаны з астрога. У лютым 1931 г. арыштаваны, у лістападзе 1932 г. засуджаны на 8 год катаржнай турмы. З верасня 1933 г. у выніку абмену палітзняволенымі жыў у СССР. Працаваў загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце (Масква). 06.05.1937 г. арыштаваны. Пастанова НКУС ад 05.01.1938 г. адменена Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР ад 26.01.1957 г. Акадэмік АН БССР.
Расстраляны 29.11.1938 г.
У беларускім друку выступаў з 1914 г. Выдаў у Вільні «Беларускую граматыку для школ» (1918, вытрымала 6 выданняў). Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера (урывак змешчаны ў часопісе «Полымя рэвалюцыі», 1935), «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча (1981; Ольштын, 1984). Апублікаваў брашуры «Заходняя Беларусь - плацдарм імперыялістычнай інтэрвенцыі (1931), «Как живут крестьяне за границей» (Масква - Ленінград, 1935), «Дифференциация крестьянства в Польше во время кризиса» (у зборніку «Польская деревня во время кризиса», Масква, 1935).
Вядомы як публіцыст і выдатны прамоўца часоў нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі.
Тармола Раман, нарадзіўся 04.04.1936 г. у гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і рамесніка.
У 1960 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Працаваў старшым рэдактарам, загадчыкам літаратурна-мастацкага аддзела, галоўным рэдактарам літаратурна-драматычных праграм, каментатарам па літаратуры і мастацтву Беларускага тэлебачання. З 1977 г. сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі мастацкіх фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм», з 1980 г. - сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі тэлевізійных фільмаў Беларускага тэлебачання. Сябра СП СССР з 1964 г.
Першыя творы апублікаваў у 1957 г. («Настаўніцкая газета», «Чырвоная змена»). Аўтар кніг паэзіі «Асколкі і росы» (1964), «Поўня» (1966), «Абнаўленне» (1968), «Міранка» (1971), «Побач» (1974), «Павага» (1976), «Зямное - зямному» (выбранае, 1979), «Вобразы вечара» (1982), «Толькі б дагаварыць» (1986), «Спрадвечнасць» (выбранае, 1989). Выдаў кнігі для дзяцей «Каго баяцца ў лесе» (1973), «Казкі-падказкі» (1984).
Напісаў сцэнарыі дакументальных фільмаў «Людзям сябе пакажы» (зняты ў 1973), «Я не самотны... Максім Багдановіч» (зняты ў 1982), тэлеспектакля «Зачараваны Валерка» (пастаўлены ў 1976).
Татур Мікола, нарадзіўся 03.03.1919 г. ва ўрочышчы Застар'і Клічаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
З 1931 г. выхоўваўся ў Бабруйскім дзіцячым доме. Скончыў факультэт мовы і літаратуры Менскага настаўніцкага інстытута (1937), да 1941 г. настаўнічаў у гарадах Сянно Віцебскай вобласці і Друскеніках (цяпер Летува). У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху. Быў цяжка паранены і доўга лячыўся ў шпіталях. З 1944 г. - рэдактар, загадчык рэдакцыі Дзяржаўнага выдавецтва БССР, выдавецтва «Полымя». У 1966-1970 гг. - дырэктар Беларускага аддзялення Літаратурнага фонду СССР, у 1970-1979 гг. - дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1953 г.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.
Літаратурную працу пачаў у 1948 г. Пераклаў з расейскай мовы «Кладоўка сонца» М.Прышвіна (1948), «Школа» А.Гайдара (1948), «Стажары» А.Мусатава (1950), «Паўночная Аўрора» М.Нікіціна (з В.Зубам, 1953), «Журбіны» У.Кочатава (1955), «Далёка ад Масквы» В.Ажаева (з У.Шахаўцом, 1951), «Запіскі майго калегі» Р.Рэлеса (1960), з польскай - «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай (часопіс «Полымя», 1958), «Грамадзяне» К.Брандыса (з Я.Міско, 1958), Я.Івашкевіча, Я.Гушчы і інш.; з украінскай - апавяданні А.Вішні, п'есу В.Шчогалева «Бярозка» (1958). У яго перакладзе выйшлі раманы «Дзень нараджэння» А.Венцлавы (з С.Дзяргаем, 1961), «Трэція пеўні» А.Лупан (1971), «Чародка белых варон» З.Бээкман (1973), «Зялёная зорка» У.Умарбекава (1976), «Скалакі» А.Ірасека (з Я.Васілёнкам, 1974), пастаўлены п'есы «Гросмайстарскі бал» І.Штэмлера, «Дзівак» Н.Хікмета, «Вясёлы тракт» Б.Васільева, «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына, «Пэпі - Доўгая Панчоха» (інсцэніроўка па аповесці А.Ліндгрэн), «Восем лялек і адзін мядзведзік» І.Юргялевіч і інш.
Пераклаў на расейскую мову п'есу І.Козела «Папараць-кветка» (Ленінград, 1960).
Аўтар эпіграм і мінібаек у перыядычным друку.
Таўбін Юлі (таксама Таўбін Юдаль), нарадзіўся 15.09.1911 г. у горадзе Астрагожску Варонежскай вобласці (Расея) у сям'і аптэкара.
У 1921 г. з бацькамі пераехаў у Мсціслаў. Скончыў педагагічны тэхнікум. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (1931-1933). 25.02.1933 г. арыштаваны і 10.08.1933 г. пазасудовым органам прыгавораны да двух гадоў высылкі ў Цюмень. 06.12.1936 г. арыштаваны другі раз (відаць, пасля вяртання ў Менск) і Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР ад 29.10.1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па першай справе - Судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 24.08.1956 г., па другой - Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 29.07.1957 г.
Расстраляны 30.10.1937 г.
Друкавацца пачаў у 1926 г. (часопіс «Маладняк Калініншчыны», газета «Чырвоная змена»). Выйшлі зборнікі паэзіі «Агні» (1930), «Каб жыць, спяваць і не старэць...» (1931), «Тры паэмы» (1931), «Мая другая кніга» (1932), паэма «Таўрыда» (1932), «Выбраныя вершы» (1957) і «Вершы» (1969).
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Г.Гейнэ, У.Маякоўскага, а таксама ангельскамоўных паэтаў.
Таўлай Валянцін, нарадзіўся 08.02.1914 г. у горадзе Баранавічах у сям'і чыгуначніка.
Дзяцінства прайшло ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне. У 1927 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а ў 1929 г. быў выключаны за ўдзел у вучнёўскай забастоўцы. Летам 1929 г. арыштаваны польскімі ўладамі, а восенню 1930 г. асуджаны на 2 гады зняволення. У кастрычніку 1930 г. камуністычнае падполле накіравала яго ў БССР. Працаваў у Рэчыцы інструктарам райкама камсамола, у газеце «Звязда», вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У канцы 1932 г. прыняты ў сябры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і адкліканы ЦК КПЗБ на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь. Сябра цэнтральнай рэдакцыі КПЗБ (Варшава), супрацоўнік легальнага органа КПЗБ «Беларуская газета» (Вільня), прадстаўнік ЦК КПЗБ у Цэнтры нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі. Адзін з арганізатараў Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў (1933). У 1934 г. зноў арыштаваны і асуджаны да 8 гадоў турмы. У верасні 1939 г. вызвалены з гарадзенскай турмы Чырвонай Арміяй. Працаваў у лідскай раённай газеце «Уперад» (1939-1941). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атрада імя Р.І.Катоўскага брыгады імя Ф.Э.Дзяржынскага Баранавіцкага злучэння (1942-1944), разведчыкам, кіраўніком наваградскай агентурнай сеткі спецгрупы «Буравеснік» (студзень - ліпень 1944). У 1944-1945 гг. працаваў адказным сакратаром наваградскай раённай газеты «Звязда», у 1945-1947 гг. - старшы навуковы супрацоўнік і намеснік дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы. Сябра СП СССР з 1941 г.