Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 108

Изменить размер шрифта:

Народны паэт БССР (1968).

Памёр 07.08.1995 г.

Друкавацца пачаў у 1932 г. у часопісе «Пралом» (выдаваў з паэтам Я.Гарохам), «Часопісе для ўсіх», газетах-аднадзёнках «На пераломе» і «Беларускае жыццё» (апошняя выдадзена ў Львове, у ёй змешчаны першы, падпісаны псеўданімам Максім Танк, верш «Заштрайкавалі гіганты-коміны»). Першыя кніжкі паэзіі выдаў у Вільні: «На этапах» (1936, факсімільнае ў 1983, Менск), «Журавінавы цвет» (1937), «Пад мачтай» (1938), паэма «Нарач» (1937). У Менску выдадзены «Выбраныя вершы» (1940), рукапіс наступнага зборніка і сцэнарыя «Бура над Нараччу» загінулі ў час вайны, «Янук Сяліба» (паэма, 1943), «Вастрыце зброю» (вершы і паэмы, 1945), «Праз вогненны небасхіл» (1945), «Выбраныя вершы» (1947), «Вершы» (1947, 1948), «Каб ведалі» (1948), «На камні, жалезе і золаце» (1951), «Выбраныя творы» (1952, 1954), «У дарозе» (1954), «След бліскавіцы» (1957), «Мой хлеб надзённы» (1962), «Лірыка» (1963), «Глыток вады» (1964), «Селядцы з вершамі» (гумар, 1966), «Вершы» (1967), «Ключ жураўліны» (1972), «Хай будзе святло» (1972), «Дарога, закалыханая жытам» (1976), «Вершы» (1979), «Прайсці праз вернасць» (1979), «Лірыка» (1982), «За маім сталом» (1984), «Лірыка» (1987), «Дарога і хлеб» (1988), «Збор калосся: Вершы 1983-1988» (1989), «Паслухайце, вясна ідзе» (1990). Для дзяцей напісаў кніжкі вершаў «Галінка і верабей» (1946), «Кніжка пра мядзведзя» (1947), «Вершы» (1948), «Урачыстае абяцанне» (1949), «Сярод лясоў наднёманскіх» (1951, 1987), кніжкі казак «Ехаў казачнік Бай» (1955, 1984), «Конь і леў» (1955), «Казкі. Легенды» (1960), «Светлячок» (1970), «Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні» (1979). Аўтар кнігі-дзённіка «Лісткі календара» (1970). У 1958 г. выйшаў Збор твораў у 2-х, у 1966-1967 гг. - у 4-х, у 1978-1981 гг. - у 6 тамах.

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А.Пушкіна, У.Маякоўскага, П.Тычыны, М.Рыльскага, А.Венцлавы, Я.Судрабкална, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, Ю.Тувіма, У.Бранеўскага, Р.Дабравольскага, Т.Ружэвіча, А.Германава і інш.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1948) за зборнік паэзіі «Каб ведалі», Літаратурнай прэміі Янкі Купалы (1959) за зборнік «След бліскавіцы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1966) за зборнік «Мой хлеб надзённы», Ленінскай прэміі (1978) за зборнік «Нарочанские сосны» (Масква, 1977), Літаратурнай прэміі імя А.Фадзеева (1980) за кнігу «Прайсці праз вернасць». Атрымаў у Польшчы прэмію аўтарскага аб'яднання «ЗАІКС» (1971) за пераклады твораў польскай літаратуры і ўмацаванне дружбы паміж народамі.

Тарас Валянцін, нарадзіўся 09.02.1930 г. у горадзе Менску ў сям'і мастака.

У час Вялікай Айчыннай вайны трынаццацігадовым хлапчуком пайшоў у партызаны, быў байцом атрада «За Савецкую Радзіму» брыгады імя Чкалава (Баранавіцкае партызанскае злучэнне). З канца 1944 г. працаваў шліфавальшчыкам у Беларускай рэспубліканскай літаграфіі ў Горадні і адначасова вучыўся ў вячэрняй школе рабочай моладзі. На пачатку 1948 г. вярнуўся ў Менск, быў рознарабочым на Менскай бісквітнай фабрыцы і працягваў навучанне ў вячэрняй школе. У 1955 г. скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда» (1955-1962), у 1964-1968 гг. - рэдактар аддзела прозы часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1961 г.

Узнагароджаны орденам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.

Першыя вершы апублікаваў у 1948 г. Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар зборнікаў паэзіі «Минска улицы родные» (1959), «Доверие» (1960), «Тревожная земля» (1963), «Две тетради» (1982), «Пазіцыя» (1987) і кніг аповесцей і апавяданняў «Первая молния» (Масква, 1973) «Ни минуты раскаяния» (1947), «Под созвездием Льва» (1978), «Прощальные костры» (выбранае, 1980), «Размышление» (1984), «Дань времени» (выбранае, 1990).

Аўтар літаратурна-драматычнай кампазіцыі і тэкстаў большасці песень для канцэртнай праграмы «Праз усю вайну» ансамбля «Песняры» (кампазітар У.Мулявін, 1984). Апавяданне «Незвычайная смерць» экранізавана на Кіеўскай кінастудыі імя А.Даўжэнкі ў 1974 г. На кінастудыі «Беларусьфільм» па яго сцэнарыях зняты дакументальныя стужкі «Жаўрукі ляцяць на Палессе» (1975), «Праз усю вайну» (на падставе аднайменнай праграмы «Песняроў», з П.Якубовічам, 1985), «Зорка Максіма» (кінаэсэ пра М.Багдановіча, 1980), «Наш Пімен» (да 70-годдзя П.Панчанкі), «Вяртанне ў першы снег» (пра Р.Барадуліна, 1985), некалькі мультыплікацыйных фільмаў. У 1974 г. на Беларускім тэлебачанні пастаўлена тэлевізійная п'еса «Не загасі свечку».

Для тэатра імя Янкі Купалы пераклаў п'есы І.Жаміяка «Мес'е Амількар» (пастаўлена ў 1983) і «Дракон» Я.Шварца (пастаўлена ў 1988).

У яго перакладах на расейскую мову выйшлі кнігі Ў.Нядзведскага «Хлопцы из второго корпуса» (1966), С.Гаўрусёва «Отправление в полет» (Масква, 1967), Г.Г.Маркеса «Осень патриарха» (з К.Шэрманам, Масква, 1978), апублікаваны асобныя пераклады паэзіі Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, У.Хадыкі, Р.Барадуліна, М.Стральцова, прозы К.Чорнага, Я.Брыля, В.Быкава, М.Стральцова, А.Асіпенкі і інш. Лепшыя пераклады беларускай паэзіі змешчаны ў зборніку «Запах меда» (1986). На беларускай мове выступае ў перыядычным друку як паэт, крытык і перакладчык з расейскай мовы.

Тарас Ніна, нарадзілася 15.05.1916 г. у вёсцы Заполле Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучылася ў Наваградскай беларускай гімназіі (1930-1934), затым у Віленскай (скончыла ў 1936). Удзельнічала ў рэвалюцыйным руху. У 1937 г. вярнулася ў родную вёску, у 1938 г. пераехала ў Ліду. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі працавала ў лідскай раённай газеце «Уперад». У 1942-1944 гг. - сувязная лідскай спецгрупы партызанскай брыгады імя С.М.Кірава і партызанскага атрада імя Р.І.Катоўскага брыгады імя Ф.Э.Дзяржынскага Баранавіцкай вобласці. Зноў працавала ў райгазеце «Уперад» (1944-1945), была стыльрэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1945-1946), літработнікам рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі» (1951-1953), літкансультантам пры рэдакцыі газеты «Звязда» ў Менску. У 1957 г. скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1940 г.

Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.

Выступаць у друку пачала з 1936 г. (у віленскіх перыядычных выданнях). Аўтар зборнікаў вершаў «На ўсход ідучы...» (1940), «Суніцы» (1946), «Вершы» (1952), «Кветка шчасця» (выбранае, 1958), «Пад белым яварам» (выбранае, 1966), «У тапаліную замець» (вершы і паэма, 1976), «Праметэю прыйду пакланіцца» (1981), «Праз вятры-завеі» (выбранае, 1986). Напісала кніжкі паэзіі для дзяцей «Казкі пра абавязкі» (1955), «Наш бор» (1968). Паасобныя вершы сталі папулярнымі песнямі («Сонца за хмарамі ўранні...»).

Перакладае з расейскай, украінскай, польскай моў.

Тарасаў Кастусь, нарадзіўся 10.10.1940 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.

Пасля заканчэння сярэдняй школы (1957) на працягу трох год працаваў слесарам-зборшчыкам на Менскім механічным заводзе, калектарам у Паўночна-Заходняй геолага-разведачнай экспедыцыі, слесарам-мантажнікам у арганізацыі «Спецэлеватармельбуд». Вучыўся на хімічным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (1960-1965). Па заканчэнні інстытута працаваў майстрам шкловарэння на шклозаводзе «Неман», тэхнолагам на віцебскім заводзе «Маналіт». Быў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі ў выдавецтве «Вышэйшая школа» (1967-1975), журналістам па дагаворы і загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі газеты «Знамя юности» (1975-1977), рэдактарам аддзела мастацтва і крытыкі часопіса «Неман» (1977-1983), спецыяльным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва» (1986-1988). З 1990 г. - адказны сакратар часопіса «Спадчына». Сябра СП СССР з 1982 г.

У друку з мастацкім творам выступіў упершыню ў 1976 г. (аповесць «Следственный эксперимент», часопіс «Неман»). Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар кніг аповесцей «День рассеяния» (1980), «В час Стрельца» (1981), «Странствие в тесном кругу» (1986), «Погоня на Грунвальд» (Масква, 1986), зборніка гісторыка-літаратурных эсэ «Памяць о легендах» (1984, пашыранае выданне на беларускай мове ў 1990).

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com