Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 106

Изменить размер шрифта:

Склаў анталогіі «Ад Буга да Одры» (апавяданні сучасных польскіх пісьменнікаў, 1969) і «Вясёлы калейдаскоп» (гумар і сатыра сучасных польскіх пісьменнікаў, 1979).

Сульянаў Анатоль, нарадзіўся 03.09.1927 г. у сяле Аксіньіна Адзіноцкага раёна Маскоўскай вобл. (Расея) у сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння сямігадовай школы ў сяле Вялікія Вяземы залічаны ў Маскоўскую спецшколу Ваенна-паветраных сіл (1943-1946). У 1946-1950 гг. - курсант Тамбоўскай, Арвамірскай авіянавучальняў, у 1950-1951 гг. - слухач Вышэйшых лётна-інструктарскіх курсаў. Служыў лётчыкам-інструктарам, камандзірам звяна. У 1962 г. скончыў Ваенна-палітычную акадэмію ў Маскве. У 1962-1969 гг. быў намеснікам камандзіра па палітычнай часці авіяпалка, начальнікам палітаддзела палка дывізіі, затым інспектарам, начальнікам аддзела Галоўнага Палітупраўлення Савецкай Арміі (Масква, 1969-1976). З 1976 г. у Менску - сябра Ваеннага Савета, начальнік палітаддзела арміі (1976-1980), намеснік начальніка Палітупраўлення БВА (1980-1987). Генерал-маёр авіяцыі (1978), ваенны лётчык I класа. Сябра СП СССР з 1981 г.

Заслужаны работнік культуры БССР (1985).

Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам «За службу Радзіме», медалямі.

Літаратурнай дзейнасцю займаецца з 1957 г. Піша на расейскай мове. Аўтар рамана «Расколотое небо» (1981), зборніка аповесцей і апавяданняў «Хождение за седьмое небо» (1985), «Только одна ночь» (раман, аповесці, 1987), рамана «Голубые снега» (1990) і кнігі для дзяцей «Посеешь ветер» (1984).

Супрунчук Віктар, нарадзіўся 07.12.1949 г. у вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Сялецкай сярэдняй школы (1967) працаваў грузчыкам на Нова-Бярозаўскім вапнавым заводзе, вучыўся ў Белаазёрскай прафесійна-тэхнічнай навучальні № 82 электратэхнікі (скончыў у 1968). У 1968-1970 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў электрамантажнікам і электразваршчыкам у трэсце «Электрацэнтрмантаж». Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1976). Працаваў карэспандэнтам шматтыражнай газеты «Электрон» завода ЭВМ імя Арджанікідзе. З 1977 г. - спецыяльны карэспандэнт «Сельской газеты», з 1981 г. - рэдактар аддзела літаратуры Беларускага тэлебачання, з 1983 г. - загадчык аддзела нарыса, з 1986 г. - старшы рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». З 1990 г. - намеснік старшыні СП Беларусі. Сябра СП СССР з 1985 г.

Друкуецца з 1977 г. Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Страсці» (1983), «Недзе баліць ля сэрца» (1986), «Набат» (1989), аповесці «Банальны дэтэктыў» (1989), раманаў «Жывеш толькі раз» (1988) і «З плоці і крыві» (часопіс «Полымя», 1990).

Сурначоў Мікола, нарадзіўся ў снежні 1917 г. у вёсцы Слабада Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Гомельскага сельскагаспадарчага тэхнікума працаваў аграномам на Рагачоўшчыне. Потым перайшоў у раённую газету «Камунар». У 1937-1939 гг. вучыўся на літаратурным факультэце Гомельскага педагагічнага інстытута. У 1939 г. перавёўся ў Менскі педагагічны інстытут. Вучобу сумяшчаў з працай у рэспубліканскіх газетах «Звязда» (1939-1940) і «Чырвоная змена» (1940-1941). З 1941 г. - у Савецкай Арміі, удзельнічаў у абароне Каўказа, у вызваленні Беларусі, Украіны, Румыніі, Польшчы.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Загінуў 20.04.1945 г. пад Берлінам.

Друкавацца пачаў у 1933 г. (рагачоўская раённая газета «Камунар»). Выйшлі зборнікі паэзіі «На сурмах баравых» (1946), «Барвовая зара» (1959), кніга вершаў, лістоў і ўспамінаў «Акопны спеў» (1986). Выступаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі.

Сурская Вера, нарадзілася 15.04.1899 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і інжынера.

Пасля заканчэння жаночай гімназіі (1916) вучылася ў мастацкай студыі І.Машкова і музычнай навучальні Селіванавых. Была артысткай у тэатрах Сочы, Сухумі, Батумі, Тбілісі (1917-1926), мастаком-карыкатурыстам і літсупрацоўнікам у газетах (Тбілісі). Скончыла Грузінскую акадэмію мастацтваў (1928). У 1945 г. працавала карэспандэнтам газеты Закаўказскай ваеннай акругі «Боец РККА». З восені 1945 г. жыла ў Берасці, працавала педагогам у абласным Палацы піянераў, стварыла першы ў Беларусі дзіцячы тэатр лялек, дзе была драматургам, мастаком і рэжысёрам. Сябра СП СССР з 1952 г.

Памерла 19.05.1952 г.

Выступаць у друку пачала ў 1937 г. (газета «Заря Востока»), у беларускім друку з 1946 г. Пісала на расейскай мове. У Тбілісі выйшлі кніжкі вершаў для дзяцей «Про Мишек» (1939), «Бобкин зуб» (1940), «Будь смелым», «Налёт», «Встреча», «И я помогаю» (усе ў 1943), «Я не так уж мал» (1944), у Менску - «Пионерское лето» (1950), «Звёздный поход» (1954) і зборнік казак «Новый дом» (1966). Аўтар шэрагу інсцэніровак і п'ес для дзяцей («Мороз-Снеговик», «Про лентяя» і інш.). Пераклала на расейскую мову асобныя творы азербайджанскіх, армянскіх і грузінскіх паэтаў.

Сушко Павал, нарадзіўся 20.11.1909 г. у вёсцы Сушкі Міёрскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Перад кайзераўскай акупацыяй разам з маці і старэйшым братам падаўся ў бежанцы. Вярнуўшыся дадому, працаваў на сельскай гаспадарцы і адначасова займаўся самаадукацыяй. Быў на вайсковай службе ў Вільні (1930-1931). Пасля ўз'яднання Беларусі (1939) стаў старшынёй мясцовага сельсавета. У Вялікую Айчынную вайну - спачатку ў падпольным атрадзе «Масква», потым у 4-й Беларускай партызанскай брыгадзе. Мабілізаваны як нестраявы на працоўны фронт, з восені 1944 да вясны 1947 г. працаваў на адной з шахт Чарамхоўскага вугальнага басейна ў Сібіры. Адпушчаны па стану здароўя, працаваў будаўніком, печніком, кіраваў паляводчай брыгадай у калгасе «Баявы партызан».

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 26.09.1974 г.

Друкавацца пачаў у 1938 г. у заходнебеларускіх выданнях. Творы змешчаны ў калектыўных зборніках «Сцягі і паходні» (1965), «Партызаны, партызаны...» (1985), «У паходзе» (1985), «Ростані волі» (1990).

Сушко Пятро, нарадзіўся 01.01.1937 г. у вёсцы Сушкі Міёрскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і паэта-селяніна.

Пасля заканчэння Міёрскай сярэдняй школы (1956) працаваў выхавацелем у Аляксандраўскім дзіцячым доме. У 1959-1961 гг. служыў у Савецкай Арміі. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1966), працаваў загадчыкам аддзела міёрскай раённай газеты «Сцяг працы» (1966-1967), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Віцебскі рабочы» (1968-1969), літсупрацоўнікам газет у Менску «На страже Октября» (1969-1970) і «Звязда» (1970-1973), рэдактарам аддзела літаратуры часопіса «Вожык» (1973-1980), адказным сакратаром штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (1980-1987). З 1989 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Полымя». Сябра СП СССР з 1984 г.

Узнагароджаны медалём.

Першы верш надрукаваны ў 1954 г. (міёрская раённая газета «Сцяг працы»). Аўтар зборнікаў баек і мініяцюр «Ганарлівы сучок» (пад псеўданімам Цімох Дзераза, 1975), лірыкі «Пратока» (1976), вершаваных фельетонаў і гумарыстычных вершаў «Восці напагатоў» (1978), пародый і эпіграм «Парнаская кузня» (1981), кніжак для дзяцей «Вясёлы Бай» (1980), «Чмялёва гушкалка» (1986), «Ехаў кот у лес па дровы» (1990).

Перакладае з польскай і ўкраінскай моў. Пераклаў асобныя творы В.Брудзінскага, Т.Паляноўскага, Ю.Кругляка, І.Неміровіча, П.Рабра і інш.

Сыс Анатоль, нарадзіўся 26.10.1959 г. у вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1982 г. скончыў аддзяленне расейскай і беларускай мовы і літаратуры гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1982-1984 гг. служыў у Савецкай Арміі, потым працаваў карэспандэнтам веткаўскай раённай газеты «Перамога Кастрычніка». З 1985 г. - старшы тэхнік на Рэспубліканскім радыётэлецэнтры. Сябра СП СССР з 1988 г.

У друку выступае з вершамі з 1974 г. (рэчыцкая раённая газета «Дняпровец»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Агмень» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1988) і «Пан Лес» (1989).

Сяднёў Масей, нарадзіўся 01.09.1915 г. у вёсцы Мокрае Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com