Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 105

Изменить размер шрифта:

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1914). Удзельнік першай сусветнай вайны. У час грамадзянскай вайны прымаў удзел у барацьбе супраць войск буржуазнай Польшчы. У 1918-1920 і ў 1923 гг. настаўнічаў, у 1920-1921 гг. - ваенкам і загадчык аддзела асветы Магільнянскага валаснога рэўкама, сакратар Нясвіжскага павятовага ваенкамата, загадчык беларускага пададдзела Менскага павятовага аддзела народнай асветы. Вучыўся ў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве (1921-1922). Пасля заканчэння Менскага настаўніцкага інстытута (1924) выкладаў гісторыю і літаратуру на настаўніцкіх курсах і рабфаку ў Воршы, узначальваў культаддзел Аршанскага акруговага Савета прафсаюзаў. З 1927 г. - адказны сакратар літаратурнага аб'яднання «Маладняк», з 1929 г. - аб'яднання «Полымя». У 1928-1929 гг. працаваў у газеце «Савецкая Беларусь». У 1937 г. рэпрэсіраваны. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 08.06.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Расстраляны 29.10.1937 г.

Друкаваўся з 1923 г., першую п'есу «На другі дзень» апублікаваў у 1926 г. («Аршанскі маладняк»). Надрукаваў п'есы «Бацька і сын», «Кацярына», «Сашка-будаўнік», аднаактоўкі «Беспрытульныя», «У цемры» (усе ў 1927), «Музыка Цвілеўскі», «Спявай, вясна!» (абедзве ў 1928), «Архангелы з крэсаў» (1929), «Прысяга ў лесе» (1930), «Гарачы віхор» («Віхор», 1930), «На варце» (1932), «На платформу» (урывак у 1934), «Самсон і Людміла» (1936) і інш. П'еса «Мікола Гоман» пастаўлена ў 1936 г.

Выйшлі кнігі прозы «Па сонечным шляху» (эскізы, 1930), «Пад местачковым месяцам» (аповесць, 1931), «Шуміць бярэзінка» (аповесць, 1933), нарысы «Гаворыць Асінстан...» і «Чырвоны сцяг» (1930), «Койданаўская МТС» (1931), «Каласіцца зямля» (1932), зборнік выбраных празаічных твораў «Шуміць бярэзінка» (1963).

Стральцоў Міхась, нарадзіўся 14.02.1937 г. у вёсцы Сычын Слаўгарадскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і настаўніка.

Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959). Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» (1959-1961, 1969-1972), часопісах «Полымя» (1961-1962), «Маладосць» (1962-1968), з 1984 г. - загадчыкам аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1962 г.

Памёр 23.08.1987 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1957 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Блакітны вецер» (1962), «Сена на асфальце» (1966), аповесці «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970), кнігі прозы «Падарожжа за горад» (апавяданні, аповесць, 1986), кніг выбраных твораў «На ўспамін аб радасці» (1974), «Выбранае» (проза, паэзія, эсэ, 1987).

Выйшлі зборнікі вершаў «Ядлоўцавы куст» (1973), «Цень ад вясла» (1979), «Яшчэ і заўтра» (1983), «Мой свеце ясны» (1986).

Выдаў кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ «Жыццё ў слове» (1965), «Загадка Багдановіча» (1968), «У полі зроку» (1976), «Пячатка майстра» (1986).

Пераклаў на беларускую мову раман Ч.Айтматава «Буранны паўстанак» (1987), асобныя творы расейскіх, украінскіх, італьянскіх, лацінаамерыканскіх паэтаў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (пасмяротна, 1986) за кнігу вершаў «Мой свеце ясны».

Стрыгалёў Міхась, нарадзіўся 25.05.1938 г. у вёсцы Недайка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Недайскай сярэдняй школы (1955) год працаваў у мясцовым калгасе імя Ф.Энгельса, скончыў энергетычны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (1961). Быў старшым інжынерам-электрамеханікам вайсковай часці (Уральская ваенная акруга, 1961-1965), інжынерам трэста «Уралмантажаўтаматыка», старшым інжынерам лабараторыі трэста «Пермгаррамбуд» у Пярмі (1965-1969). Скончыў завочна Літаратурны інстытут у Маскве (1969). Працаваў літкансультантам Пермскай абласной пісьменніцкай арганізацыі СП РСФСР (1970-1971), загадчыкам фальклорна-выдавецкага аддзела пермскага Дома народнай творчасці (1971-1972), рэдактарам шматтыражнай газеты трэста «Будтэрмаізаляцыя» «За коммунистический труд». З 1978 г. жыве ў Барысаве. У 1980-1982 гг. - сцэнарыст кінастудыі «Беларусьфільм». З 1980 г. кіруе літаратурным аб'яднаннем «Бярэзіна» пры барысаўскай аб'яднанай газеце «Камуністычная праца». Сябра СП СССР з 1988 г.

У друку выступіў упершыню ў 1956 г. (шматтыражная газета Беларускага політэхнічнага інстытута «Советский инженер»). Спачатку пісаў на расейскай мове, з 1961 г. - і на беларускай. У Пермі выйшлі зборнікі паэзіі «Хмель» (1966), «Цвет времени» (1971), кніга перакладаў «Четыре ветра: Поэзия народов Прикамья» (1970), у Менску - кнігі паэзіі «Белая Русь» (1967), «Ростань» (1974), «Чырвоныя казармы» (1978), «Колафартуны» (1981), «Дзевяты кардон» (вершы і паэма, 1990).

Стэльмах Уладзімір, нарадзіўся 15.12.1907 г. у вёсцы Бушмічы Камянецкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

З 1927 г. вучыўся ў Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме, у 1929 г. паступіў у драматычную студыю Беларускага дзяржаўнага тэатра ў Віцебску. Пасля заканчэння студыі (1931) працаваў у тэатрах рабочай моладзі і юнага гледача ў Менску акцёрам, дырэктарам, загадчыкам літчасткі. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях пад Смаленскам, з 1942 г. - загадчык ваеннага аддзела і аддзела прапаганды і агітацыі Рудаўскага райкама партыі Тамбоўскай вобласці. З 1943 г. - дырэктар БДТ-2 у Віцебску, з 1945 г. - Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР, з 1947 г. - Беларускага тэатра імя Янкі Купалы, з 1955 г. - Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, у 1952-1955 гг. - начальнік аддзела тэатраў Міністэрства культуры БССР. Скончыў завочна Маскоўскі дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва (1954). У 1966-1971 гг. - намеснік старшыні прэзідыума Беларускага тэатральнага аб'яднання. Сябра СП СССР з 1965 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1961).

Памёр 27.01.1974 г.

Першая п'еса «Шляхі» апублікавана ў 1930 г. (пастаўлена ў 1931). Аўтар п'ес «Крушэнне рэнегатаў» (1931), «Фантан» (1932, пастаўлена ў 1933), «Тры крыжы» (1932, пастаўлена ў 1933), «Канец маскараду» (сумесна з Ю.Рудзько, пастаўлена ў 1938). Выдаў нарыс «Народны артыст СССР Г.П.Глебаў» (1954) і кнігі пра тэатр «Шляхі беларускага тэатра» (на ўкраінскай мове, Кіеў, 1964), «Кранаючы чуткія струны душы» (1966), «Вечна жывая крыніца» (1970), «Тэатр і час: Запіскі дырэктара тэатра» (1973).

Стэфановіч Пятро, нарадзіўся 28.06.1922 г. у вёсцы Сёмкаў Гарадок Менскага раёна ў сям'і рабочага і сялянкі.

Скончыў гімназію ў Ашмянах (1939). На пачатку 1941 г. пачаў працаваць літсупрацоўнікам ашмянскай раённай газеты «Знамя свободы». У час вайны скончыў курсы малодшых лейтэнантаў у Забайкальскай ваеннай акрузе і курсы «Выстрел» Міністэрства Ўзброеных Сіл СССР. Удзельнічаў у баях на Паўднёвым фронце. У 1943 г. быў паранены. Восенню 1944 г. адкліканы з Карэльскага фронту і накіраваны ў Войска Польскае, дзе служыў начальнікам аддзела штаба 10-й дывізіі пяхоты. З 1950 г. працаваў на будоўлях - прарабам, начальнікам участка, галоўным інжынерам, начальнікам аддзела капітальнага будаўніцтва, у 1969-1979 гг. - інжынер Беларускага аддзялення Літфонду СССР, у 1979-1984 гг. - літаратурны рэдактар часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1990 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі і польскім медалём «Заслужаны перад польскай культурай».

У друку выступае з 1941 г. Перакладае з польскай на беларускую і расейскую мовы, з беларускай на польскую. На польскую мову пераклаў кнігі для дзяцей А.Лойкі «Дзе хто начуе» (1981), П.Марціновіча «Паспяшайся ў наш звярынец» (1981), А.Вольскага «Еду ў госці да слана» (1981) і «Сцяпан - вялікі пан» (1983), І.Бурсава «Казкі, поўныя цудаў» (1983), беларускія народныя казкі «Лісіца-хітрыца» (1982), «Удовін сын» (1985). На беларускую мову пераклаў асобныя творы Я.Бжэхвы, Я.Гушчы, В.Жукроўскага, З.Кабатца, У.Махэека, Г.Марцінка, Ю.Озгі-Міхальскага, Я.Парандоўскага, Е.Путраманта, У.Рэйманта, Т.Ружэвіча і інш., на расейскую - З.Сафяна, Г.Гаворскага, Е.Адыгея.

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com