Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 104
З вершамі выступіў у друку ў 1949 г. (барысаўская раённая газета «Бальшавіцкая трыбуна»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Золак над Бярозай» (вершы і паэма, 1959), «Ластаўкі перад дажджом» (1967), «Жураўлі ляцяць» (вершы і песні, 1972), «Лірнік» (1975), «Жнівеньскі вырай» (выбранае, 1979), «Зоры зямныя» (паэмы, вершы, песні, 1989).
Выйшлі кнігі паэзіі для дзяцей «Касцёр не гасне» (1961), «Пад вясёлкавай дугой» (1984), рамана «Пад канвоем» (1969), зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Да сваіх» (1974), «Лясныя аповесці» (1986).
Напісаў лірычную камедыю «Алімпіяда Салодкая» (пастаўлена ў 1977) і п'есу «Слова - не верабей» (пастаўлена ў 1977). На многія вершы напісаны песні («Жураўлі на Палессе ляцяць», «Беларусачка» і інш.).
У 1983 г. выдадзены зборнік песень «Мой край беларускі».
Стадольнік Іван, нарадзіўся 30.09.1941 г. у вёсцы Янкі Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Докшыцкай сярэдняй школы (1959) працаваў у мясцовым калгасе імя А.Суворава, на асваенні цалінных зямель у Казахстане, дзе на станцыі Купрыянаўка Рузаеўскага раёна Какчатаўскай вобласці быў качагарам. У 1959 г. вярнуўся з цаліны, працаваў у родным калгасе, пасля бібліятэкарам Бярозаўскай бібліятэкі Докшыцкага раёна. Скончыў зубалекарскае аддзяленне Полацкай медыцынскай навучальні (1963). Працаваў выконваючым абавязкі галоўнага лекара, зубным лекарам Мосарскай сельскай бальніцы Глыбоцкага раёна (1963-1967), вучыўся завочна на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў у 1971). У 1967-1971 гг. - адказны сакратар, у 1971-1980 гг. - загадчык аддзела сельскай гаспадаркі полацкай аб'яднанай газеты «Сцяг камунізму». З 1980 г. - рэдактар аддзела літаратуры, з 1984 г. - адказны сакратар часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1980 г.
Першы верш апублікаваў у 1960 г. (докшыцкая раённая газета «Ленінская трыбуна»), першае апавяданне ў рэспубліканскім друку ў 1971 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Хачу табе шчасця» (1979), сатыры і гумару «Як тут не смяяцца» (1985), «Лістапад на пачатку лета» (1987).
Станкевіч Адам, нарадзіўся 05.01.1892 г. у вёсцы Арляняты Смаргонскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў Ашмянскай гарадской навучальні, у Віленскай духоўнай семінарыі. У 1914 г. паступіў у Каталіцкую духоўную акадэмію ў Пецярбургу і ў той самы год высвечаны на святара. У 1918 г. пераехаў у Вільню, адкуль на кароткі тэрмін быў высланы польскімі духоўнымі ўладамі ў Драгічын-над Бугам. З 1919 г. у Вільні вёў беларускую душпастырскую дзейнасць, супрацоўнічаў у Беларускім нацыянальным камітэце, камітэце дапамогі ахвярам вайны, у Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, Таварыстве беларускай школы, выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. У 1922 г. абраны паслом у польскі сейм, дзе бараніў інтарэсы беларусаў. У 1926 г. заснаваў Беларускую друкарню імя Ф.Скарыны, у 1928 г. - Беларускае каталіцкае выдавецтва. Выдаваў і рэдагаваў газету «Беларуская крыніца», часопіс «Хрысціянская думка». З ягонай дапамогай выходзілі часопісы «Шлях моладзі», «Самапомач», «Калоссе». У 1938 г. за нацыянальную беларускую дзейнасць высланы польскімі ўладамі ў Слонім. З 1939 г. зноў у Вільні, старшыня «Беларускага цэнтру ў Літве», дырэктар Беларускай дзяржаўнай прагімназіі (да ўсталявання савецкай адміністрацыі ў Летуве). Пад час другой сусветнай вайны працаваў у Беларускай гімназіі ў Вільні і вёў душпастырскую дзейнасць у віленскай беларускай парафіі пры касцёле св. Міхала. Пасля кароткатэрміновага арышту савецкімі ўладамі ў снежні 1944 г. працягваў святарскую дзейнасць у Вільні. Увесну 1949 г. зноў быў арыштаваны і адпраўлены этапам у Іркуцкую вобласць, у лагер непадалёку ад станцыі Віхараўка. Кандыдат кананічных навук.
Памёр 29.11.1949 г. (па некаторых звестках - на пачатку 1950 г.).
Упершыню ў друку выступіў з допісам у 1909 г. (газета «Наша ніва»). Аўтар кніг (усе выйшлі ў Вільні) «Доктар Францішак Скарына, першы друкар Беларусі (1525-1925)» (1925), «Беларуская мова ў школах Беларусі XVI-XVII ст.» (1928), «Родная мова ў святынях» (1929), «Францішак Багушэвіч: Яго жыццё і творчасць (у трыццатыя ўгодкі смерці (1900-1930)» (1930), «Вітаўт Вялікі і беларусы» (1930), «Казімір Сваяк: Нарыс аб ягонай ідэалогіі (у пятыя ўгодкі смерці)» (1931), «Кастусь Каліноўскі. «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Беларусі» (1933), «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення» (1935), «Праф. Браніслаў Эпімах-Шыпіла: З яго жыцця і працы» (1935), «З жыцця і дзейнасці Казіміра Сваяка (у дзесятыя ўгодкі яго смерці)» (1936), «Магнушэўскі, Паўлюк Багрым, Баброўскі (да вытокаў беларускага адраджэння)» (1937), «Божае слова ў нядзелі і святы» (1938), «Міхал Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песня» (1938), «У чэсць 950-годдзя хрышчэння Беларусі» (1938), «Беларускі хрысціянскі рух» (1939), «Вучыся маліцца» (1940), «Хрысціянства і беларускі народ» (1940), «На сьвята маткі: Увагі аб дастойнасці і значэнні маткі» (1940).
Станюта Аляксандар, нарадзіўся 17.10.1936 г. у горадзе Менску ў акцёрскай сям'і.
Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1960). Працаваў у рэспубліканскай газеце «Знамя юности» літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела інфармацыі, літаратуры і мастацтва (1960-1970). Вучыўся ў аспірантуры пры кафедры расейскай класічнай літаратуры БДУ (1971-1973), з 1973 г. выкладае там гісторыю літаратуры. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1985 г.
З літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі выступае з 1960 г. Піша на беларускай і расейскай мовах. Аўтар манаграфіі «Постижение человека. Творчество Достоевского 1840-1860-х гг.» (1976).
Напісаў шэраг апавяданняў, а таксама аповесць «Мост» (часопіс «Маладосць», 1984), сцэнарый дакументальнага фільма «Такі характар» (зняты ў 1984).
Стары Ўлас (сапр. Сівы-Сівіцкі Ўладзіслаў), нарадзіўся 22.03.1865 г. у горадзе Валожыне на Меншчыне.
Асірацеўшы ў десяць год, пайшоў працаваць памочнікам кухара да пана. Быў кухарам, аб'ездчыкам, ляснічым у маёнтку Сужаны на Віленшчыне. Жыў у вёсцы Варняны Астравецкага раёна, у Вільні. У 1920 г. пераехаў у вёску Сужаны, а пазней у Шашэльгішкі Віленскага павета, дзе займаўся земляробствам.
Памёр 30.09.1939 г.
Друкаваць вершы пачаў у 1907 г. у «Нашай ніве». У беларускіх дакастрычніцкіх і заходнебеларускіх календарах змяшчаў вершы і вершаваныя апавяданні. Выступаў і як публіцыст. Шэраг вершаў надрукаваны ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961) і ў зборніку «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1969). У 1990 г. выйшла кніга вершаў і публіцыстыкі «Год беларуса».
Стаховіч Алесь, нарадзіўся 03.07.1907 г. у вёсцы Кашына Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў сярэднюю школу ў Воршы (1923), быў на камсамольскай рабоце ў Воршы, Мсціслаўлі, загадваў аддзелам культуры і прапаганды ў Крупскім, Талачынскім, Жлобінскім райкамах партыі, працаваў начальнікам палітаддзела ў саўгасах «Горкі-Апчак», «Старчыцы», інструктарам ЦК КПБ. З 1938 г. адказны сакратар часопіса «Полымя». У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у армейскім друку. Сябра СП СССР з 1938 г.
Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі.
Памёр 07.02.1956 г.
У друку выступіў у 1928 г. з нарысамі, першае апавяданне апублікаваў у 1930 г. (часопіс «Беларуская работніца і сялянка»). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Шумяць лясы» (1944), «Пампей Шчупак» (1946), «Неспакойны гарадок» (1946), «Аповесці і апавяданні» (1952), раманаў «Пад мірным небам» (1948) «Шырокія гарызонты» (1954) і кніжак апавяданняў для дзяцей «Маленькія героі» (1939), «Залаты карп» (1951). У 1947 г. выйшлі Выбраныя творы.
Пераклаў на беларускую мову «Аповесць аб сапраўдным чалавеку» Б.Палявога (1951), асобныя творы расейскіх пісьменнікаў.
Сташэўскі Васіль, нарадзіўся 23.03.1895 г. у вёсцы Лугавая Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.