Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 100
Памёр 11.06.1982 г.
У друку пачаў выступаць з вершамі ў 1960 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Леснічоўка» (1968), «Субота» (1973), аповесці «Бацька ў калаўроце» (1976), кнігі «Лічыла дні зязюля» (вершы, аповесці, эсэ, 1987).
Напісаў літаратуразнаўчыя працы «Браніслаў Эпімах-Шыпіла» (1968) і «Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе» (1971), кнігу «Выпрабаванне любоўю» (эсэ, артыкулы, 1982).
Семяжон Язэп (таксама Семяжонаў Іосіф), нарадзіўся 16.11.1914 г. у вёсцы Пятровічы Смалявіцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і лесніка.
Пасля заканчэння Смілавіцкай сярэдняй школы (1930) працаваў у калгасе рахункаводам, вучыўся на драматычных курсах у Менску. У 1932-1934 гг. - акцёр Трэцяга беларускага дзяржаўнага тэатра. Скончыў факультэт замежных моў Менскага педагагічнага інстытута (1938). У 1938-1940 гг. служыў у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь, у савецка-фінляндскай вайне. Потым настаўнічаў у роднай вёсцы. У 1941-1945 гг. удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Дэмабілізаваўся ў 1959 г. Выкладаў замежныя мовы ў Менскай сувораўскай навучальні (1953-1960), у Беларускім дзяржаўным універсітэце (1961-1975), адначасова працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь» (1962-1967). Сябра СП СССР з 1954 г.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Айчыннай вайны I ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, польскім ордэнам Залатой Зоркі Заслугі і медалямі.
Памёр 16.08.1990 г.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1931 г. з вершаў. Перакладамі стаў займацца з 1938 г. Перакладаў з ангельскай, французскай, нямецкай, італьянскай, польскай, чэшскай, славацкай, расейскай, летувіскай і іншых моў. У яго перакладзе выйшлі «Кароль Лір» У.Шэкспіра («Трагедыі», 1954), кніжка паэзіі Дж. Радары «Неапаль без сонца» (1955), Р.Бёрнса «Шатландская слава» (1957) і «Вам слова, Джон Ячмень» (1983), раман М.Твэна «Жанна д'Арк» (з Н.Цімафеевай, 1961), зборнік класічнай і сучаснай паэзіі В'етнама «Апалены лотас» (1968), паэма беларускага паэта-лацініста М.Гусоўскага «Песня пра зубра» (1973), кніга выбраных перакладаў паэзіі «Сем цудаў свету» (1977), раман Г.Ота «Пара ў дарогу, буслы!» (з У.Чапегам, 1982), паэма А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1985), зборнік Дж. Байрана «Лірыка» (1989), камедыі Ў.Шэкспіра «Дванаццатая ноч, альбо Чаго пажадаеце», «Утаймаванне наравістай» (зборнік У.Шэкспіра «Тры камедыі», 1989).
Выступаў з артыкуламі па пытаннях мастацкага перакладу.
Семяновіч Антон, нарадзіўся 05.08.1917 г. у вёсцы Шабунеўшчына Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1934-1938 гг. працаваў слесарам на заводзе імя К.Варашылава ў Менску, у 1938-1941 гг. вучыўся на літаратурным факультэце Менскага педагагічнага інстытута (скончыў у 1945). У час Вялікай Айчыннай вайны (з кастрычніка 1943) сувязны партызанскага атрада імя Д.Фурманава (Дзяржынскі раён). У пасляваенныя гады настаўнічаў у Івацэвічах на Берасцейшчыне (1945-1946), вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР (1946-1949). Быў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1949-1963). З 1963 г. - дацэнт кафедры расейскай і зарубежнай літаратур, з 1971 па 1989 гг. - загадчык кафедры беларускай літаратуры Менскага педагагічнага інстытута. Доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1954 г.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Як крытык і літаратуразнавец выступае з 1949 г. Аўтар манаграфій «Проза Якуба Коласа (дакастрычніцкі перыяд)» (1953), «Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд)» (1961), «Беларуская савецкая драматургія. 1917-1932» (1968), «Ад вытокаў да сталасці: Беларуская драматургія 1917-1945 гг.» (1978), брашур «Кандрат Крапіва» (1956), «Змітрок Бядуля» (1960). Адзін з аўтараў падручніка для сярэдняй школы «Беларуская літаратура» (1949), «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964-1966), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), падручнікаў для студэнтаў філалагічных факультэтаў педінстытутаў БССР «Гісторыя беларускай літаратуры. XIX - пачатак XX ст.» (1981), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. 1917-1940» (1981), зборніка навуковых артыкулаў «Янка Купала і Якуб Колас: Некаторыя аспекты творчасці» (1982), аўтар вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў філалагічных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў БССР «Гісторыя беларускай драматурги. XIX - пачатак XX ст.» (1985), «Гісторыя беларускай савецкай драматургіі. 1917-1955» (1990).
Сербантовіч Анатоль, нарадзіўся 13.05.1941 г. у вёсцы Ордаць Шклоўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і настаўніка.
У 1960 г. экстэрнам здаў экзамены за дзесяць класаў у Роска-Сялецкай сярэдняй школе Аршанскага раёна і паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасна з вучобай (з 1963) і пасля заканчэння ўніверсітэта (1965) быў літсупрацоўнікам часопіса «Бярозка», з 1969 г. - газеты «Піянер Беларусі». Сябра СП СССР з 1967 г.
Памёр 21.03.1970 г.
Першыя вершы надрукаваў у 1959 г. (газета «Магілёўская праўда»). Выйшлі зборнікі паэзіі «Азбука» (1966), «Міцнае поле» (1968), «Пярсцёнак» (1971), «Жаваранак у зеніце» (1989).
Сергіевіч Мікола, нарадзіўся 03.09.1921 г. у вёсцы Залессе Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Менскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум (1937), Аршанскі настаўніцкі інстытут (1939). Працаваў настаўнікам у Глоданскай сямігодцы Лёзненскага раёна (1931-1941). Завочна скончыў факультэт мовы і літаратуры Магілеўскага педагагічнага інстытута (1941). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў партызанскім сувязным, рэдактарам старобінскай падпольнай раённай газеты «Савецкі патрыёт». Пасля вайны працаваў рэдактарам старобінскай раённай газеты, у рэдакцыях рэспубліканскіх, цэнтральных газет. У 1955-1959 гг. - старшыня калгаса «Чырвоны пуцілавец» Старобінскага раёна. У 1959-1981 гг. працаваў у часопісе «Народная асвета». Сябра СП СССР з 1957 г.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1947 г. з нарысаў. Аўтар кніг нарысаў «На роднай зямлі» (1956), «Нашы будні» (1957) і «Будні калгасныя» (1959).
Напісаў п'есу «Смех і... толькі» (пастаўлена ў 1975).
Сергіевіч Юльян, нарадзіўся 23.09.1910 г. у вёсцы Юраўшчына Маладэчанскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў пачатковай школе, а далей займаўся самаадукацыяй. Працаваў на сельскай гаспадарцы. Пасля службы ў польскай арміі (1932-1933) скончыў сельскагаспадарчыя курсы. Быў актывістам Беларускай сялянска-рабочай грамады і Таварыства беларускай школы. Пісаў сцэнарыі для самадзейных калектываў. Пад час нападу Германіі на Польшчу (1939) трапіў у палон як салдат польскага войска. Знаходзіўся ў розных лагерах, на рабоце ў нямецкага баўэра. У савецкі час працаваў настаўнікам пачатковай школы на Маладэчаншчыне. Быў рэпрэсіраваны, жыў у Сібіры і Казахстане. Пасля рэабілітацыі працаваў у калгасе імя Леніна Маладэчанскага раёна.
Памёр 04.10.1976 г.
Друкавацца пачаў у 1922 г. Выступаў у калектыўным зборніку заходнебеларускіх пісьменнікаў «Рунь веснаходу» (Вільня, 1928), у часопісах «Маланка», «Шлях моладзі» і інш. У 1939 г. меў выйсці падрыхтаваны да друку зборнік паэзіі, аднак 17 верасня лісты кнігі былі раскіданы і зборнік не выйшаў. Асобныя творы ўключаны ў зборнік «Ростані волі» (1990).
Сёмуха Васіль, нарадзіўся 18.01.1936 г. на хутары Ясенец Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і лесніка.
Рана застаўся без бацькоў - у 1942 г. яны былі расстраляны фашыстамі. Скончыў рамана-германскае аддзяленне філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959). Працаваў рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве (1959-1964), інжынерам у сектары тэхінфармацыі СКБ-3 на Менскім трактарным заводзе (1964-1965), выкладчыкам нямецкай мовы ў школе (1966-1967), літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1967-1972). Па сумяшчальніцтве выкладаў нямецкую мову ў БДУ (1966-1970). З 1972 г. - рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1977 г.