Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 99
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Памёр 12.02.1939 г.
Дэбютаваў вершам у 1928 г. (газета «Чырвоная Полаччына»). Першае апавяданне «Апошні заказ» апублікаваў у 1929 г. таксама ў «Чырвонай Полаччыне». Выйшлі аповесць «Тэорыя Каленбрун» (1934), зборнікі апавяданняў «Пункт апоры» (1935), «Дачка эскадрона» (1937), «Паляўнічае шчасце» (1950), «Апавяданні» (1958, 1967), раман «Будучыня» (1938), апавяданне «Пагібель воўка» (1939), «Апавяданні і аповесць» (1977), кнігі Выбраных твораў (1940, 1948), «Выбраных апавяданняў» (1946), Збор твораў у 2 тамах (1952).
Аўтар п'ес «Сяржант Дроб» (інсцэніроўка аповесці «Тэорыя Каленбрун», апублікавана і пастаўлена ў 1935), «Пагібель воўка» (апублікавана і пастаўлена ў 1939).
Сапрыка Ганна, нарадзілася 16.06.1911 г. у вёсцы Куркаўшчына Мсціслаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Мсціслаўскага педагагічнага тэхнікума (1930) працавала настаўніцай на Віцебшчыне. У 1931 г. пераехала ў Менск, у 1933 г. скончыла газетна-выдавецкае аддзяленне Менскага педагагічнага інстытута. З 1933 г. працавала ў Беларускім дзяржаўным выдавецтве.
Памерла 14.05.1962 г.
Першы верш надрукавала ў 1926 г. (часопіс «Малады араты»). У 1959 г. выйшла кніга прозы «Калі ў сэрцы вясна».
На беларускую мову пераклала «Апавяданні кітайскіх пісьменнікаў» (1953), кнігу Я.Галана «З крыжам ці з нажом» (1954), В.Авечкіна «Раённыя будні» (з М.Герасімовіч, 1958), М.Вірты «Мой памочнік Карсыбек» (1961) і інш.
Сахарчук Васіль, нарадзіўся 10.07.1953 г. у вёсцы Свадзьбічы Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1970 г. скончыў Равяціцкую сярэднюю школу і паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1975) настаўнічаў у Касцюкоўскай васьмігадовай і Обчынскай сярэдняй школах Любанскага раёна, затым у Высокаўскай сярэдняй школе Бярозаўскага раёна. З 1979 г. жыве ў г. Жабінка Берасцейскай вобласці, працуе карэспандэнтам мясцовай раённай газеты «Сельская праўда». Сябра СП СССР з 1988 г.
З вершамі выступіў у 1971 г. у калектыўным зборніку «Універсітэт паэтычны». Аўтар кніжак паэзіі «Зорны мост» (у калектыўным зборніку «Крыло», 1984) і «Даніна» (1988).
Працуе таксама ў галіне перакладу. У яго перакладзе з балгарскай мовы выйшаў зборнік паэзіі П.Яварава «Апалавы пярсцёнак» (1988).
Сачанка Барыс, нарадзіўся 15.05.1936 г. у вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і рабочага хімлясгаса.
У чэрвені 1943 г. разам з бацькамі быў вывезены ў Германію. Вярнуўся на радзіму ў 1945 г. У 1960 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У час вучобы ва ўніверсітэце (з 1958) пачаў працаваць у часопісе «Вожык». У 1960-1976 гг. працаваў у аддзеле прозы часопіса «Полымя», у 1976-1986 гг. - сакратар праўлення СП БССР. З 1986 г. - загадчык рэдакцыі перакладной замежнай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура». Прымаў удзел у рабоце XXXV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1980). Сябра СП СССР з 1960 г.
Узнагароджаны двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалём Францыска Скарыны.
Памёр 05.07.1995 г.
Першае апавяданне надрукаваў у 1956 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар кніг прозы «Дарога ішла праз лес» (1960), «Барвы ранняй восені» (1962), «Зямля маіх продкаў» (1964), «Пакуль не развіднела» (1966), «Апошнія і першыя» (1968), «Дарогі» і «Аксана» (1971), «Памяць» (1973), «Тры аповесці» (1976), «Ваўчыца з Чортавай Ямы» (1978), «Горкая радасць вяртання» (1987), «Вечны кругазварот» і «Родны кут» (1989), рамана «Чужое неба» (1975), трылогіі «Вялікі Лес» (1980, 1982, 1984), кніг гумару і сатыры «Вол-фігурыст» (1966), «Халасцяк» (1969), кніг крытыкі і эсэістыкі «Жывое жыццё» (1985), «Сняцца сны аб Беларусі...» (1990), кніг для дзяцей «Кошык малін» (1986) і «Бабка Адарка» (1987). У 1981 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Пераклаў на беларускую мову аповесць Я.Гуцалы «Школьны хлеб» (1976), П.Андрэева (П.Абрасімава) «Аповесць пра майго сябра» (1979), кнігу аповесцей і апавяданняў І.Андрыча «Трывожны год» (1978), п'есы А.Салынскага «Барабаншчыца» (пастаўлена ў 1978) і А.Галіна «Апошняе спатканне» (пастаўлена ў 1980), паасобныя творы М.Прышвіна, С.Нікіціна, У.Багамолава, П.Мірнага, М.Кацюбінскага, Ф.Крайцвальда і інш.
Укладальнік кніг аповесцей і апавяданняў Я.Гушчы «Пан Грацыян і іншыя» (1976), Я.Івашкевіча «Дзяўчына і галубы» (1977), выбранай прозы М.Булгакава (1985), Ф.Салагуба (1987), Б.Пільняка (1988), У.Набокава (1989), зборніка паэзіі Л.Геніюш «Белы сон» (1990), двухтомнай «Анталогіі рускага савецкага апавядання» (1987). У часопісах «Полымя», «Маладосць», «Спадчына», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» апублікаваў (з прадмовамі і каментарыямі) забытыя ці малавядомыя і зусім невядомыя творы Я.Купалы, Я.Коласа, В.Ластоўскага, К.Сваяка, Л.Геніюш, У.Жылкі, У.Клішэвіча, А.Салаўя і інш. Напісаў сцэнарый дакументальнага фільма «Алесь Гарун» (зняты ў 1990).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1982) за кнігу «Ваўчыца з Чортавай Ямы», Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя І.Мележа (1991) за кнігу «Сняцца сны аб Беларуси...».
Сваяк Казімір (сапр. Стаповіч Канстанцін), нарадзіўся 19.02.1890 г. у вёсцы Барані Астравецкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і лесніка.
У 1905 г. скончыў гарадскую школу ў Свянцянах. У 1906 г. прыехаў у Вільню, з 1908 г. вучыўся там у каталіцкай духоўнай семінарыі, у 1913 г. з-за хваробы на сухоты вярнуўся на радзіму і толькі ў 1914 г. скончыў духоўную семінарыю. Быў вікарыем у парафіі Камаі каля Свянцян, затым перавёўся ў Клюшчаны. Набажэнства вёў па-беларуску. Арганізаваў кароткія настаўніцкія курсы (1915), а таксама шэраг беларускіх школ. У канцы 1916 г. пераведзены ў Карыціна на Беласточчыне. У 1919 г. жыў у вёсцы Лапеніцы пад Ваўкавыскам. З 1920 г. - зноў у Клюшчанах, затым у Засвіры.
Памёр 06.05.1926 г. у Вільні.
Першы верш апублікаваў у 1913 г. (газета «Беларус»). Аўтар зборніка вершаў «Мая ліра» (Вільня, 1924), апавядання вершам «Чарку дай, браце» (Вільня, 1926). Дваццаць пяць вершаў надрукаваны ў калектыўным зборніку «Ростані волі» (1990).
Выступаў і як публіцыст, асветнік з эсэ, артыкуламі рэлігійнага і літаратурна-крытычнага зместу (нарыс аб творчасці Ф.Багушэвіча, нататка аб аповесці «Дзве душы» М.Гарэцкага і інш.). У 1913 г. у Вільні выдадзена брашура «Алкаголь», у 1932 г. - яго філасофскі дзённік «Дзеля маёй мыслі, сэрца і волі».
Пісаў драматургічныя творы (ставіліся самадзейнымі калектывамі). Асобнымі выданнямі выйшлі «Янка Канцавы» (Вільня, 1920, 1924), «Купалле» (Вільня, 1930).
Свірка Юрась, нарадзіўся 06.05.1933 г. у вёсцы Маргавіца Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959). Працаваў у часопісе «Коммунист Белоруссии» (1959), газеце «Чырвоная змена» (1960-1961), на Беларускім радыё (1961-1975). З 1975 г. - загадчык аддзела прозы і паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва». Сябра СП СССР з 1961 г.
Узнагароджаны медалём.
Першыя вершы апублікаваў у 1953 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Шэпчуцца ліўні» (1959), «Вечнасць» (1963), «Баравіна» (1967), «Крэўнасць» (1971), «Аўтограф» (1974), «Люблю і веру» (1975), «Памятная вярста» (1978), «Біяграфія памяці» (1981), «Ядранасць» (1983), «Паўшар'е блакіту» (1986), «Кружка з пясчаным дном» (1990).
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, Б.Пастарнака, А.Твардоўскага, М.Ціханава, М.Браўна, Я.Смелякова, М.Луконіна, М.Дудзіна, А.Жыгуліна, вершы ўкраінскіх, летувіскіх, малдаўскіх, грузінскіх, азербайджанскіх, армянскіх, узбекскіх, татарскіх, асецінскіх, чувашскіх паэтаў.
Семашкевіч Рыгор, нарадзіўся 12.09.1945 г. у вёсцы Дамашы Маладэчанскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1966 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў дырэктарам Малінаўскай васьмігадовай школы Смаргонскага раёна. У 1967-1969 гг. - аспірант кафедры беларускай літаратуры БДУ. З 1970 г. выкладаў беларускую літаратуру ў гэтым жа ўніверсітэце. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Сябра СП СССР з 1969 г.