Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 98

Изменить размер шрифта:

Салавей Леў, нарадзіўся 21.10.1925 г. у горадзе Менску ў сям'і рабочага.

Да вайны скончыў адзін курс Менскага будаўнічага тэхнікума. Пасля вайны працаваў на чыгунцы. У 1950 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У час вучобы працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», у Галоўным упраўленні па справах літаратуры і выдавецтваў пры Савеце Міністраў БССР. З 1950 г. - рэдактар, з 1968 г. - загадчык рэдакцыі перавыданняў і перакладаў выдавецтва «Беларусь». У 1972-1983 гг. - загадчык рэдакцыі перакладной літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1954 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 03.01.1988 г.

У друку выступаў з 1950 г. Пісаў літаратурна-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі. Працаваў пераважна ў галіне мастацкага перакладу. У яго перакладзе на беларускую мову апублікаваны аповесці Г.Леберэхта «Святло ў Каордзі» (1952), А.Купрына «Алеся» (1970), Г.Маркава «Наказ» (1976), У.Цендракова «Вясеннія пярэваратні» (1977), Ч.Айтматава «Пасля казкі» («Белы параход», 1978), раманы А.Рыбакова «Вадзіцелі» (1953), Дзін Ліна «Сонца над ракой Сангань» (1954), С.Спасэ «Афэрдзіта зноў у вёсцы» (1960), Ф.Дастаеўскага «Белыя ночы» (1971), І.Грыгуркі «Канал» (1975), А.Ганчара «Бераг любові» (часопіс «Полымя», 1977), А.Кешокава «Зламаная падкова» (1981), М.Шундзіка «Белы шаман» (1983), аднатомнік выбраных твораў М.Садавяну (1954), аповесці і апавяданні Л.Талстога (1977), «Выбранае» А.Купрына (1985) і іншыя творы пісьменнікаў народаў СССР і замежных краін; у перакладзе на расейскую мову выйшлі раманы Р.Мурашкі «Салаўі святога Палікара» (1970) і «Сын» (1973), М.Зарэцкага «Сцежкі-дарожкі» (1971), М.Ткачова «Дыханне агню» (1983), аднатомнікі выбраных твораў А.Марціновіча «Накцюрн» (1969), В.Каваля «Выбранае» (1975), М.Гарэцкага «Чырвоныя ружы» (1976), М.Ваданосава «Надзеі і здзяйсненні» (1979), аповесці Р.Няхая «Туман над стэпам» і «Алёшка-атаман» (1974), «Аповесць пра добрае сэрца» П.Кавалёва (1976), І.Навуменкі «Апошняя восемь (1977), М.Гроднева «Што скажуць людзі» (1978), М.Парахневіча «Маленства мае і тваё» (1978) і інш.

Салагуб Алесь (сапр. Салагуб Аляксей), нарадзіўся 18.10.1906 г. у вёсцы Зарудзічы Смаргонскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Віленскую беларускую гімназію (1927). За рэвалюцыйную дзейнасць двойчы быў зняволены польскімі ўладамі ў турму (1924, 1927). У 1928 г. нелегальна перайшоў польска-савецкую граніцу, жыў у Менску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1931). Вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР (1931-1933). Арыштаваны органамі АДПУ БССР 10.08.1933 г. і па пастанове пазасудовага органа ад 09.01.1934 г. асуджаны да выключнай меры пакарання. Рэабілітаваны 16.08.1956 г.

Расстраляны 17.05.1934.

Свой першы цыкл вершаў напісаў у 1924 г. у турме. Друкаваўся з 1925 г. у прагрэсіўных заходнебеларускіх выданнях. У Менску выйшаў зборнік вершаў «Лукішкі» (1929). Шэраг вершаў апублікаваны ў калектыўных зборніках «Сцягі і паходні» (1965), «Ростані волі» (1990).

У газеце «Звязда», часопісе «Полымя рэвалюцыі» змяшчаў артыкулы, у якіх асвятляў літаратурны рух у Заходняй Беларусі і Польшчы. Выступаў таксама і як публіцыст. Часопіс «Полымя» надрукаваў у 1961 г. «Лукішскі дзённік», які паэт вёў у зняволенні.

Саламаха Ўладзімір, нарадзіўся 24.03.1949 г. у вёсцы Бераснёўка Кіраўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і рабочага.

Пасля заканчэння Скачкоўскай сярэдняй школы Кіраўскага раёна (1966) быў залічаны на працу карэктарам у рэдакцыю раённай газеты «Кіравец». У 1968-1970 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пасля заканчэння факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1975) працаваў старшым рэдактарам Дзяржаўнага камітэта БССР па кінематаграфіі. З 1983 г. працуе ў рэдакцыі часопіса «Маладосць» - літсупрацоўнікам, цяпер загадчык аддзела публіцыстыкі. Сябра СП СССР з 1982 г.

У друку пачаў выступаць як журналіст з 1966 г. Першыя апавяданні апублікаваў у 1977 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар кніг прозы «На ўзмежку радасці» (1980), «Заўтра ў дарогу» (1985), «Кавалёк - лесавая былінка» (1988), «Цяпло чужога сэрца» (1990).

Па яго сцэнарыях зняты шэраг дакументальных і мультыплікацыйных фільмаў.

Саламевіч Янка, нарадзіўся 29.10.1938 г. у вёсцы Малая Кракотка (у 1969 г. аб'яднана ў вёску Вялікая Кракотка) Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1960). Працаваў карэктарам, тэхнічным рэдактарам выдавецкага аддзела Дзяржаўнай бібліятэкі БССР (1960-1962), рэдактарам у выдавецтве Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі (цяпер «Вышэйшая школа»). У 1967 г. скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ. З 1968 г. працуе ў Галоўнай рэдакцыі БелСЭ (з 1980 г. - выдавецтва БелСЭ імя П.Броўкі) - старшым навуковым рэдактарам, з 1976 г. - загадчыкам навуковай рэдакцыі народнай асветы і беларускіх слоўнікаў. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1989 г.

Упершыню ў друку выступіў у 1955 г. (слонімская раённая газета «Вольная праца»), у рэспубліканскім - у 1957 г. Аўтар манаграфіі «Міхал Федароўскі» (1972), «Слоўніка беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў XVI-XX стст.» (1983).

Склаў бібліяграфічны даведнік «Беларускі фальклор. 1926-1963» (1964), вучэбны дапаможнік для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура: Хрэстаматыя» (з А.Налівайкам, М.Пятровічам, 1966), анталогію «Беларуская балада» (1978), выбраныя творы «Доля і хлеб» Г.Леўчыка (з Н.Ляшковіч, 1980), зборнікі «Беларускія загадкі (1982, 1989), «Мама Мышка сушыла шышкі» (беларускія народныя скорагаворкі, 1983), зборнік «Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы» (з А.Лісам, 1984), адзін са складальнікаў беларускага літаратурна-мастацкага календара «Кола дзён» (1987, 1988).

Перакладае з расейскай, украінскай, польскай моў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

Салаўёў Аляксандар, нарадзіўся 15.02.1932 г. у сяле Старашашмінск Ніжнякамскага раёна (Татарская АССР) у рабочай сям'і.

Скончыў Чыстапольскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі (1949), Казанскую ваенна-авіяцыйную навучальню (1951), Ленінградскую Чырванасцяжную Ваенна-паветраную акадэмію (1961). Служыў у Забайкальскай, Туркестанскай, Сярэднеазіяцкай, Прыкарпацкай венных акругах. У 1982 г. звольнены ў запас. З 1983 г. жыў у Менску. Сябра СП СССР з 1983 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 09.12.1986 г.

Першыя вершы апублікаваў у 1457 г. у армейскай газеце «На страже Родины» (Ленінградская ваенная акруга). Пісаў на расейскай мове. Аўтар зборнікаў паэзіі «Траектории радуг» (Ужгарад, 1978), «Продолжение крыльев» (Масква, 1981).

Салтук Алег, нарадзіўся 25.08.1946 г. у вёсцы Рыжэнькі Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1963 г. скончыў Мішкаўскую сярэднюю школу Шумілінскага раёна і паступіў на аддзяленне расейскай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Магілеўскага педагагічнага інстытута. Пасля заканчэння інстытута служыў у Савецкай Арміі (1967-1968). У 1969-1973 гг. - адказны сакратар ушацкай раённай газеты «Патрыёт». У 1974-1979 гг. - уласны карэспандэнт абласной газеты «Віцебскі рабочы», з 1980 г. - сакратар Віцебскага абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1977 г.

Узнагароджаны медалямі.

Першыя вершы надрукаваў у 1965 г. (газета «Віцебскі рабочы»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Пачатак дня» (1974), «Працяг» (1977), «Святло зямлі» (вершы і паэмы, 1982), «На далонях жыцця» (вершы і паэма, 1988).

Самуйлёнак Эдуард, нарадзіўся 05.08.1907 г. у горадзе Пецярбургу (Расея) у сям'і рабочага.

Вучыўся ў польскай гімназіі (Петраград). Юнацкія гады правёў на радзіме бацькі ў вёсцы Бандзелі Верхнядзвінскага раёна. Хадзіў пільшчыкам па вёсках, займаўся самаадукацыяй. Загадваў хатай-чытальняй, быў сакратаром камсамольскай ячэйкі Росіцкага сельсавета. У 1929-1930 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная Полаччына» (1930-1933), «Літаратура і мастацтва» (1934-1939). Сябра СП СССР з 1934 г.

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com