Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - Страница 93

Изменить размер шрифта:

Рагуцкі Ўладзімір, нарадзіўся 09.12.1917 г. у вёсцы Цёплае Чавускага раёна Магілеўскай вобласці ў настаўніцкай сям'і.

Вучыўся ў школе ў вёсцы Старое Пашкава Магілеўскага раёна. Скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1939). Працаваў у абласной газеце «Камунар Магілёўшчыны». У час Вялікай Айчыннай вайны - на фронце.

Загінуў у 1941 г.

Першы верш надрукаваў у 1934 г. (газета «Піянер Беларусі»). У 1940 г. Дзяржаўнае выдавецтва БССР прыняло да друку першы зборнік яго вершаў, але рукапіс згарэў у час вайны. Асобныя творы змешчаны ў калектыўных зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Крывёю сэрца» (1967), «Покліч долі адзінай» (1979).

Радкевіч Яўген, нарадзіўся 03.10.1937 г. у горадзе Сянно Віцебскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

У 1955 г. паехаў у Казахстан. Скончыў Усць-Каменагорскую навучальню сельскай гаспадаркі (1956). Працаваў трактарыстам, камбайнерам у саўгасах імя Жданава і «Пагранічнік» Паўладарскай вобласці. У 1958 г. - піянерважаты дзіцячага дома № 2 у п. Парэчча Гарадзенскай вобласці. З 1958 г. вучыўся на аддзяленні журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў у 1963). З 1960 г. адначасова працаваў рэдактарам, загадчыкам моладзевай рэдакцыі Беларускага радыё. З 1971 г. - аспірант, з 1974 г. - выкладчык, з 1978 г. - загадчык кафедры тэлебачання і радыёвяшчання БДУ. Доктар філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1975 г.

Друкуецца з 1966 г. Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей «Плытагоны» (1972), «Месяц Межань. Зіма на выратавальнай» (1976), «Горны мёд» (1982), аповесцей «Антаніна» (1979), «Пешшу праз Галактыку» (1984), раманаў «Сутокі дзён» (1984), «Закон прыцягнення» (1990). Напісаў кнігу публіцыстыкі «Камсамольская дынастыя» (1968), даследаванне «Маладзёжная радыёпраграма: станаўленне, функцыі, форма» (1979), манаграфію «Беларускае радыё: гісторыя, перспектывы развіцця» (1983).

Разанаў Алесь, нарадзіўся 05.12.1947 г. у вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і служачых.

У 1966 г. скончыў Сялецкую сярэднюю школу Бярозаўскага раёна і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1969 г. перавёўся ў Берасцейскі педагагічны інстытут (скончыў у 1970). Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў вёсцы Кругель Камянецкага раёна, служыў у Савецкай Арміі. З 1972 г. у Менску - літсупрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва», бюлетэня «Родная прырода». У 1974-1986 гг. - рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1989 г. - віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра. Сябра СП СССР з 1972 г.

З вершамі ў друку выступіў у 1961 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Адраджэнне» (1970), «Назаўжды» (1974), «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях - 360» (1981), «Вастрыё стралы» (1988). Перакладае з летувіскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскахарвацкай, чэшскай, ангельскай моў. Пераклаў кнігу К.Саі для дзяцей «Гэй, хавайцеся!» (1982), п'есу Ў.Шэкспіра «Сон у Іванаву ноч» (у зборніку «Тры камедыі», 1989), раман Ё.Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы» (1989). Склаў кнігу паэзіі Я.Купалы «Выйду з сэрцам, як з паходняй!..» (1982).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1990) за кнігу паэзіі «Вастрыё стралы».

Ракаў Віктар, нарадзіўся 22.01.1935 г. у вёсцы Целяшы Слаўгарадскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і калгаснікаў.

Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1958) і Менскую вышэйшую партыйную школу (1971). Настаўнічаў у Целяшоўскай, Рэчкаўскай сярэдніх школах на Магілеўшчыне (1958-1965). Быў карэспандэнтам-арганізатарам Магілеўскага раённага радыёвяшчання (1965), загадчыкам сельскагаспадарчага аддзела шклоўскай раённай газеты «Ударны фронт» (1965-1969), літсупрацоўнікам рэспубліканскай газеты «Звязда» (1971-1975). З 1975 г. - рэдактар аддзела публіцыстыкі, з 1982 г. - адказны сакратар часопіса «Полымя».

У друку выступае з 1956 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Вернасць» (1968), «Акно ў зялёны сад» (1972), «Пазыўныя» (1975), «Песня і памяць» (1979), «І сноп, і птах, і я...» (1983).

Ракіта Сяргей (сапр. Законнікаў Сяргей), нарадзіўся 15.10.1909 г. у вёсцы Ліцвінава Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Наватухіньскую школу другой ступені (1925). Будучы вучнем, пісаў допісы ў аршанскую акруговую газету «Камуністычны шлях». У 1929 г. накіраваны на работу ў рэдакцыю гомельскай абласной газеты «Палеская праўда». З 1930 г. з'яўляўся кіраўніком Гомельскай філіі БелАПП. Служыў у Чырвонай Арміі (1932-1933). Працаваў у Менску ў рэдакцыях газет, на Беларускім радыё, у Дзяржаўным выдавецтве БССР, адначасова вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі імя С.М.Кірава.

19.10.1936 г. рэпрэсіраваны. Прыгавораны да 10 гадоў зняволення ў лагерах. Працаваў на лесапавале ў Горкаўскай вобласці. Рэабілітаваны пасмяротна.

Памёр у лагеры 23.03.1942 г.

Першы верш апублікаваў у 1928 г. (часопіс «Аршанскі маладняк»). У 1930 г. у калектыўным зборніку «Разгон» (Гомель) змешчана нізка яго вершаў. Выдаў зборнік паэзіі «Я агітую за пяцігодку» (1934).

Ракітны Мікола (сапр. Новікаў Мікалай), нарадзіўся 15.04.1920 г. у вёсцы Петрыцкае Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Віцебскай мастацкай навучальні (1936-1939). У 1939 г. прызваны ў Чырвоную Армію. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Центральным і Паўднёва-Заходнім франтах. Пасля дэмабілізацыі (1946) працаваў мастаком і літработнікам газеты «Звязда». З 1949 г. - рэдактар аддзела нарыса, у 1967-1980 гг. - аддзела літаратуры і мастацтва часопіса «Беларусь».

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Першае апавяданне надрукаваў у 1944 г. на расейскай мове ў вайсковым друку, з 1947 г. піша на беларускай мове. Аўтар зборнікаў апавяданняў «Ранняй вясною» (1952), «Вячэрнія зоры» (1956), «Селькоры» (1958), «Пад адным дахам» (апавяданні і нарысы, 1961), «Была вясна...» (1964), «Сярод людзей сваіх» (1967), «Вясковыя навелы» (1969), «Выбранае» (1972), «Засмужаная далеч» (1979), «У буйным свеце лотаці» (1989). У 1980 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Ралько Іван, нарадзіўся 21.11.1929 г. у вёсцы Макраны Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1951 г. скончыў Нясвіжскую педагагічную навучальню. З 1951 і да пачатку 1957 г. працаваў дырэктарам і выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Багушоўскай сямігадовай школы, затым выкладаў расейскую мову і літаратуру ў Навамышскай сярэдняй школе Баранавіцкага раёна. У 1958 г. скончыў завочна філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1961 г. - аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Працаваў навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1970 г.

Памёр 27.12.1979 г.

У перыядычным друку ў 1951 г. дэбютаваў вершамі (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборніка паэзіі «Святло зары вячэрняй» (1983). Як крытык і літаратуразнавец выступіў у 1958 г. Даследаваў праблемы сучаснай паэзіі, гісторыі і тэорыі беларускага вершаскладання. Асобнымі выданнямі выйшлі працы «Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі» (1969), «Вершаскладанне: Даследаванне і матэрыялы» (1977), «Верш і мова: Праблема тэорыі і гісторыі беларускага верша» (1986).

Перакладаў з украінскай і польскай моў.

Рамановіч Яўген, нарадзіўся 21.01.1905 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.

У пятнаццацігадовым узросце пачаў выступаць у «Беларускай хатцы» як акцёр, быў там загадчыкам клуба. З 1922 г. працаваў у БДТ-1 (з 1944 г. - Беларускі тэатр імя Янкі Купалы) акцёрам, рэжысёрам, загадчыкам літаратурнай часткі. Адначасова вучыўся на факультэце грамадскіх навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1922-1924). У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі ў Томску (1941-1944). У 1947-1949 гг. - консультант ва Ўпраўленні прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, у 1949-1963 гг. - намеснік начальніка Ўпраўлення па справах мастацтваў і галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай камісіі Міністэрства культуры БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Оригинальный текст книги читать онлайн бесплатно в онлайн-библиотеке Knigger.com